837-мы дзень вайны: Украіна знішчыла найноўшы расійскі самалёт коштам у 100 млн долараў

Расійскія войскі «праваліліся» на Харкаўскім кірунку. Яны не дасягнулі сваіх мэтаў, і ў той жа час нясуць вельмі значныя страты. Расійскае камандаванне вымушана фальшаваць «звароты вайскоўцаў», каб схаваць колькасць забітых і параненых у выніку гэтага наступу.

339282491_6379274175425836_4235387074228981450_n.jpg

За мінулыя суткі на фронце адбылося 76 баявых сутыкненняў. Самая вострая сітуацыя — на Пакроўскім кірунку, там зафіксавана ўжо 27 атак акупантаў, расійцы спрабуюць прарваць абарону Украіны з боку Ачарэціна на Яўгенаўку і Новааляксандраўку, паведамляе Генштаб УСУ.

На Краматорскім кірунку абаронцы Украіны спынілі тры спробы праціўніка выцесніць украінскіх ваяроў з іх пазіцый у раёнах Часавага Яру, Іваноўскага і Андрэеўкі. Сітуацыя каля Іваноўскага застаецца напружанай, адзначаюць у Генштабе УСУ.

Таксама «напружанай» пазначаная сітуацыя на Купянскім кірунку, дзе адбіта восем атак расійскіх войскаў у раёнах населеных пунктаў Сінькоўка, Пясчанае, Андрэеўка, Грэкаўка і Макееўка.

На Ліманскім кірунку расійцы сем разоў спрабавалі рушыць наперад у напрамках населеных пунктаў Неўскае, Іванаўка, Тарское і Дзіброва. «Сітуацыя кантралюемая», — адзначылі ў Генштабе.

На астатніх кірунках істотных зменаў у абстаноўцы не адбылося, паведамляе Генштаб УСУ.

* * *

Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што расійскія акупанты, верагодна, нядаўна захапілі вёску Глыбокае (на поўнач ад Ліпцаў) Харкаўскай вобласці. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 7 чэрвеня, паказваюць, што захопнікі прасунуліся да паўднёвага Глыбокага і, верагодна, захапілі вёску. 

Расійскія войскі трохі прасунуліся паўднёва-ўсход ад Купянска і працягнулі наступ на лініі Купянск-Сватава-Крамянная. Расійскія войскі таксама прасунуліся ў межах усходняга Часавага Яру і працягнулі наступальныя аперацыі ў гэтым раёне 8 чэрвеня. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 8 чэрвеня, паказваюць, што часткі расійскай 98-й паветрана-дэсантнай дывізіі (ПДВ) прасунуліся ў цэнтральным мікрараёне Канал.

У астатніх кірунках расійскія войскі працягвалі наступальныя аперацыі, але пацверджаных даных аб іх прасоўванні або поспехах не маецца.

* * *

Пасля новага наступу на Харкаўшчыну, армія РФ панесла значныя страты асабовага складу. Каб схаваць рэальнае становішча спраў, z-каналы распаўсюджваюць відэа вайскоўцаў з фэйкавай агучкай, гаворыцца ў справаздачы ISW.

У прыватнасці, у роліку ад 2 чэрвеня расійскі салдат, які сцвярджае, што ён з 5-й роты 1009-га мотастралковага палка, заявіў, што ў яго роце засталося толькі 12 чалавек з першапачатковых 100, якія ваявалі пад Ваўчанскам Харкаўскай вобласці.

7 чэрвеня расійскія ваенкоры апублікавалі ў Telegram кадры, на якіх нібыта вайскоўцы 1009-га мотастралковага палка РФ зняпраўджваюць знішчэнне палка ў баі. 

Паводле інфармацыі расійскага апазіцыйнага выдання Astra, відэа — фэйк. Ролік сапраўды запісалі на Харкаўскім кірунку, але ў ім зняліся не байцы з 1009-га палка, а ваенныя падраздзялення БАРС. На гэтае відэа накладзеная фэйкавая агучка. У арыгінальным роліку, які быў апублікаваны яшчэ 5 чэрвеня, вайскоўцы просяць адправіць ім беспілотнікі. А ў відэа, дзе замянілі аўдыёдарожку, салдаты нібыта кажуць наступнае: «Мы вайскоўцы 1009 палка, знаходзімся ў групоўцы войскаў “Поўнач”. Усе чуткі, што ў нас цяжкія страты. Гэта не так. Не вядзіцеся на правакацыі».

* * *

447749037_808338431479237_8619764610968907054_n.jpg

* * *

Выданне Bloomberg адзначае, што расійскае войска за апошнія месяцы дасягнула толькі абмежаваных поспехаў на полі бою і пачынае губляць ініцыятыву: «Цяпер, калі Кіеў атрымлівае ад сваіх амерыканскіх і еўрапейскіх саюзнікаў зброю на мільярды долараў, акно для расійскага прарыву звужаецца, нават нягледзячы на тое, што Расія працягвае атакаваць ракетамі і беспілотнікамі ўкраінскія гарады, у тым ліку энергетычную інфраструктуру. Спроба Расіі адкрыць новы фронт на паўночным усходзе Украіны ў Харкаўскай вобласці ўжо выглядае загразлай, і не дасягнула мэты Пуціна — стварэння буфернай зоны ўздоўж мяжы».

У артыкуле адзначаецца, што расійскія войскі толькі нязначна прасунуліся наперад пасля ўзяцця стратэгічнага горада Аўдзееўка ў лютым коштам велізарных страт. Расійскія войскі ўжо некалькі тыдняў беспаспяхова спрабуюць захапіць населены пункт Часаў Яр на ўсходзе Данецкай вобласці.

Выданне прыводзіць словы кіраўніка маскоўскага Цэнтра аналізу стратэгій і тэхналогій Руслана Пухава пра тое, што расійская стратэгія знясілення сіл Украіны з'яўляецца «вельмі дарагой і крывавай для самой расійскай арміі». «Яна можа прывесці да празмернага знясілення сіл з расійскага боку, што, у сваю чаргу, дае ўкраінцам шанец на контрнаступленне», — мяркуе ён.

Bloomberg таксама цытуе старшага навуковага супрацоўніка ў пытаннях наземных войнаў Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў, які базуецца ў Лондане — Бэна Бары, які канстатуе, што «перспектывы Расіі атрымаць перамогу сёлета значна зменшыліся» ў выніку аднаўлення паставак зброі і дапамогі Украіне.

«Расія, магчыма, мае найбольшую колькасць жаўнераў, але шмат яе першакласнай бронетэхнікі было знішчана», і на аднаўленне войска да ўзроўню 2022 года сыдуць гады, дадаў ён.

* * *

ГУР Украіны паведамляе, што на тэрыторыі аэрадрома «Ахтубінск» у Астраханскай вобласці РФ, размешчаным за 589 кіламетраў ад лініі баявога судакранання быў уражаны шматмэтавы расійскі знішчальнік Су-57.

Су-57 — самы сучасны расійскі знішчальнік пятага пакалення, які здольны выкарыстоўваць для ўдараў ракеты Х-59 і Х-69. На ўзбраенні ВКС Расіі ёсць не больш за 10 такіх баявых самалётаў. Першы серыйны знішчальнік Су-57 ВКС РФ атрымалі толькі 25 снежня 2020 года. Самалёт ацэньваецца ў 100 млн долараў —  прынамсі па такім кошце ў 2012 годзе яго планавала закупляць Індыя.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што расійцам не ўдалося рэалізаваць Харкаўскую аперацыю. «Максімальна іх цяпер стрымліваем і знішчаем расійскія падраздзяленні, якія заходзяць на нашу зямлю і тэрарызуюць Харкаўшчыну. Кірунак узмоцнены. І будзе яшчэ ўзмоцнены», — сказаў ён у вячэрнім звароце 8 чэрвеня.

Але, з ягоных слоў, на Данецкім кірунку «цяжэй за ўсё».

Зяленскі падкрэсліў, што вядзецца праца над тым, каб забяспечыць больш рэзерваў для ўкраінскага войска.

«Цяпер дзякуючы перамовам і сустрэчам у Францыі мы маем новыя рашэнні для ўкраінскай абароны — ад Францыі і Злучаных Штатаў. Дзякуй, сябры! Ёсць прагрэс і па артылерыі, уключаючы вытворчасць ва Украіне снарадаў калібру 155, рыхтуем новую вытворчую платформу. Будзе таксама больш магчымасцяў у нашай баявой авіяцыі і РЭБ. Дзякуй Францыі і Эмануэлю асабіста за яго ініцыятыву і падтрымку нашых прапаноў па трэніроўцы нашых воінаў і забеспячэнні брыгад. Разам мы рыхтуем новую сістэмную аснову для трэніроўкі падраздзяленняў украінскай арміі», — сказаў прэзідэнт.

Ён таксама заявіў, што «ўжо ёсць дамоўленасці з партнёрамі аб дадатковых сістэмах СПА для Украіны, і некаторыя з гэтых рашэнняў спрацуюць больш аператыўна, а частка — бліжэй да восені».