Адзін з самых важных дзён
У памяць пра падзеі 14 красавіка 1978 года, калі Грузію ахапілі масавыя выступы ў абарону роднай мовы, грузіны адзначаюць у гэты вясновы дзень Свята мовы. Дык што задрылася ў далёкім 1978 годзе?
Як вядома, у савецкія часы канстытуцыйны працэс у цэнтры і ў саюзных рэспубліках ішоў значна павольней, чым зараз. «Па просьбах працоўных» уносіліся змены або прымаліся абсалютна новыя рэдакцыі асноўных законаў. Асаблівых рэакцый у грамадстве рэформы заканадаўства не выклікалі, паколькі на прававыя кампетэнцыі грамадзян не ўплывалі. У гэтым плане тое, што адбылося ў Грузіі ўвесну 1978 года, выглядае як нонсенс.
Выступам у абарону мовы папярэднічала прыняцце ў 1977 годзе чарговай канстытуцыі СССР, пад якую з часам пачалі падганяць асноўныя законы ў саюзных рэспубліках. Паводле новай рэдакцыі канстытуцый Грузінскай ССР, таксама мяняўся «моўны» артыкул. Паводле варыянту папярэдняй Канстытуцыі 1937-га года, адзінай афіцыйнай мовай у ГССР абвяшчалася грузінская. Новая версія нічога не казала пра дзяржаўную мову, затое падкрэслівала, што рэспубліка забяспечвае ўжыванне рускай мовы ва ўсіх дзяржаўных і грамадскіх установах.
Заблытаная і незразумелая трактоўка месца грузінскай мовы ў заканадаўстве была ўспрынятая сярод тбіліскіх студэнтаў як замах на яе афіцыйны статус. Напрыканцы сакавіка ў тбіліскіх ВНУ пачаліся першыя акцыі супраць рэформы, якія дасягнулі свайго апагея 14 красавіка, калі Вярхоўны савет ГССР павінен быў ратыфікаваць праект новай рэспубліканскай канстытуцыі.
У той дзень каля 20 тысяч чалавек рушылі ва ўрадавы квартал. Міліцыя здолела часткова блакіраваць марш, аднак пяць тысяч чалавек усё роўна прарваліся да Дома ўраду, які на гэты час быў акружаны вайсковымі часткамі. Да маніфестантаў з будынку выйшаў асабіста першы сакратар грузінскай кампартыі Эдуард Шэварнадзэ і нагадаў пра трагедыю 1956 года, калі ў Тбілісі была гвалтоўна разагнаная студэнцкая акцыя супраць дэсталінізацыі (шмат хто ў Грузіі тады лічыў, што хрушчоўская «адліга» — гэта знявага іх земляка Іосіфа Сталіна і ўвогуле ўсіх грузін). Будучы асвістаным натоўпам, Шэварнадзэ адразу звязаўся па тэлефоне з Крамлём і пераканаў цэнтр пакінуць злашчасны артыкул у пакоі.
Вярнуўшыся ў залу, Шэварнадзэ зачытаў дэпутатам наступны варыянт тэксту 75-га артыкула новай канстытуцыі Савецкай Грузіі: «Дзяржаўнай мовай Грузінскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі з’яўляецца грузінскія мова…»
Дыпламатычны такт Шэварнадзэ з часам выклікаў дэбаты адносна ролі кіраўніцтва кампартыі ў тых падзеях. Некаторыя сцвярджаюць, што мясцовая партакратыя негалосна падтрымлівала пратэсты, намагаючыся рукамі студэнтаў дабіцца большай аўтаноміі ад цэнтру. Сапраўды, грузінская камуністы спачатку інфармавалі Брэжнева, што ніякіх пратэстаў няма, дазволіўшы ім набыць маштаб. Маўляў, маюць места праявы «ініцыятыў моладзі». Масква, быццам, пасля красавіка 1978 года надала Шэварнадзэ карт-бланш на кіраўніцтва рэспублікай.
Іншыя лічаць, што красавіцкія падзеі 1978-га былі абмоўленыя не канспіралогіяй грузінскіх апаратчыкаў, а зменамі ў светапоглядзе грузінскага грамадства ў 1960–1970-х гадах XX стагоддзя. Менавіта ў гэты перыяд значная частка грузінскага грамадства, асабліва інтэлігенцыя і студэнцкая моладзь, стала на пазіцыі нацыянальнага адраджэння.
Таксама няма адзінага погляду на наступствы «моўнай рэвалюцыі». Грузінскія патрыёты лічаць, што без масавых выступаў увесну 1978 года, шлях да незалежнасці быў больш доўгі. Перамога 1978 года змяніла погляд, у тым ліку сярод эліты, на карысць нацыянальнай ідэі. Пасля 1978 года масавыя антысавецкія дэманстрацыі сталі частай з’явай у жыцці ГССР. Ёсць думка, што беспарадкі ў Грузіі вельмі паўплывалі на настроі кіраўніцтва іншых саюзных рэспублік, якія зразумелі, што метраполіі можна паспяхова супрацьстаяць. Не дарма Масква стала больш асцярожнай у пытаннях русіфікацыі. Каб не дапусціць рэцыдыву грузінскіх пратэстаў, у канстытуцыях Армянскай і Азербайджанскай СССР адзінымі дзяржаўнымі мовамі пакінулі мовы тытульных нацый.
Аднак хапае і тых, хто бачыць у сакавіку 1978-га негатыў. Менавіта ў 1978 годзе, на іх думку, было пасеянае насенне абхазскага сепаратызму, што з часам абярнулася трагедыяй для грузінскага дзяржаўнага адзінства. У адказ на моўныя дэманстрацыі ў Грузіі ў адной з абхазскіх вёсак адбыўся шматтысячны сход, на якім мясцовымі ветэранамі-камуністамі быў падпісаны т. зв. «Ліст 130-ці». Падпісанты патрабавалі спыніць перасяленне грузінаў на тэрыторыю Абхазіі і ўвогуле ўключыць край у склад РСФСР.
Масква аператыўна даслала ў Сухумі эмісара, які пераканаў тубыльцаў не ставіць пытанне так катэгарычна. Для падтрымкі лаяльнасці абхазаў быў зацверджаны новы эканамічны план развіцця рэгіёна, а абхазам гарантаваная квота ў кіраўніцтве рэспублікі, у якой яны на той час складалі меншасць. Адным з бонусаў стала таксама стварэнне абхазскамоўнага тэлебачання. Так ці інакш, абхазская эліта з таго часу пачала кансалідавацца супраць Тбілісі, што ў перспектыве прывяло да грузінска-абхазскай вайны.
Якімі б не былі ацэнкі падзей у сакавіку 1978-га, нельга адмаўляць мужнасці ўдзельнікаў моўных пратэстаў, якія выйшлі на вуліцы ў час, калі машына палітычных рэпрэсій была на ўздыме (менавіта на 1977–1978 гады прыходзіцца пік арыштаў дысідэнтаў).
Дарэчы, сярод удзельнікаў пратэстаў быў і цяперашні прэзідэнт Грузіі. «Асабіста для мяне гэта быў адзін з незабыўных і вызначальных момантаў у жыцці — першая палітычная акцыя, да якой я далучыўся разам з аднакласнікамі», — сказаў Георгій Маргвелашвілі, віншуючы землякоў са святам роднай мовы. У сваім звароце ён таксама падкрэсліў, што 14 красавіка 1978 года — «адзін з самых важных дзён у найноўшай гісторыі Грузіі».