Пяць акупацый за адно жыццё

Цешуся жыццём я ўжо больш за 80 гадоў. Спыніўся, азірнуўся і жахнуўся. Аказваецца, усё маё жыццё прайшло аж пад пяццю акупацыямі. Не хочацца верыць, але гэта гістарычная праўда. 

7_mikalaj_savicki_2015_h_.jpg

Мікалай Іванавіч Савіцкі, 2015 г.

Светлае неба над Беларуссю і адсутнасць страху я адчуваў толькі 5 гадоў пасля развалу імперыі СССР з 1991 па 1996 гады. Да адмены Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года і рэферэндуму 1996 года.

А нарадзіўся я ў Заходняй Беларусі, каля самай мяжы, якая па жывому разарвала гістарычна адзіную і вечную тэрыторыю беларусаў. Таму мая класіфікацыя акупацыйных перыядаў пачынаецца з польскай акупацыі.

Першая — польская (1921–1939)

Успаміны дзяцінства. Крэсы ўсходнія. Вясна 1938-га ці 1939-га года. З бацькам на кульгавай кабылцы вязем з лесу вецце. Сяджу на возе і баюся зваліцца. Насустрач нам галопам на жарабцы ў сядле пад’ехаў якісьці гмінны чыноўнік і пачаў крычаць па-польску на бацьку за тое, што ён працуе ў вялікае свята. Цяпер я думаю — гэта было 3 траўня, Дзень Канстытуцыі.

1_bac_ka_jan_sav_ck_zha_ner_vojska_pol_skaga.jpg

Бацька Ян Савіцкі, жаўнер Войска польскага

Жарабец узняўся на дыбы, а пан-чыноўнік нагайкай пачаў сцябаць бацьку і лаяцца. Мне так стала страшна, што я абсікаўся. Бацька пачаў бараніцца, пугай пачаў лупцаваць жарабца і нагайка пана не даставала бацькі. У той час я перажыў вялікі страх і адначасова дзіцячы гонар за бацьку. У тым узросце слова «свабода» было невядома мне. Але ж свіст нагайкі і храп уздыбленага жарабца, лаянка на незразумелай мове доўгі час будзілі мяне па начах, тая падзея помніцца на працягу ўсіх пражытых гадоў. Мо паводзіны бацькі і мая радасць за яго і ёсць дзіцячым адчуваннем святога слова «свабода»?

Як польскім акупацыйным рэжымам знішчалася і разбуралася аснова нацыі — беларуская мова, культура, гістарычная памяць, нацыянальная царква — добра апісана і вядома чытачу.

Другая — бальшавіцкая (1939–1941)

Чырвоная Армія СССР ноччу ціха перайшла мяжу. Польская стражніца знаходзілася каля нашай вёскі. Мы, дзеці, спалі і ніякіх стрэлаў не чулі. Раніцай прачнуліся і ўбачылі, як людзі неслі маёмасць з кашараў (вайсковая застава). Гэта былі жалезныя ложкі і ўсё іншае, што магло прыдасца ў гаспадарцы. Кашары ноччу згарэлі, а дзе падзеліся польскія жаўнеры, так і засталося загадкай для навакольных жыхароў. Ні жывымі, ні мёртвымі іх ніхто не бачыў. Гаварылі, што напалі на сонных, страляніны не было.

Так пачалася вайна майго дзяцінства. Гэты перыяд навалы з усходу называюць «другія саветы, другія бальшавікі» («першыя саветы» былі ў 1918–1920 гадах). На жалезным ложку (для сялянскай сям’і таго часу гэта было дзіва-дзіўнае), які прынёс бацька з папялішча кашараў, прайшло наша дзяцінства і юнацтва.

Сялян у калгасы да прыходу немцаў не паспелі сагнаць. Але панскія маёнткі паспелі разрабаваць, знішчыць, а іх гаспадароў звезлі ў Сібір. За адзін дзень з дазволу і пры ўдзеле новай улады разрабавалі маёмасць, гаспадарку паноў і так званых кулакоў.

Пад савецкай уладай я пайшоў у першы клас. У доме пані Буйвіт адчынілі школу. Буквар быў беларускі. Але акупанты-вызваліцелі неслі бальшавіцкі дух і рускую мову. За адну ноч зніклі асаднікі, ляснічыя, паны і польскія чыноўнікі. Былі састаўлены спісы найбольш гаспадарлівых сялян на вываз у Сібір, але не паспелі.

Гэтую вакханалію спыніла новая вайна. У народзе была гамонка, што бальшавікі ненадоўга прышлі, перачакаем, хутка прыйдуць немцы. Чамусьці людзі не баяліся немцаў, але страшэнна баяліся бальшавікоў. Чаканне было кароткім.

Пачалася новая вайна. Пачалася мабілізацыя. Бацьку прызвалі. З нашай мясцовасці прызыўнікоў збіралі ў Куранцы пад Вілейкай. Яшчэ да прыходу немцаў большасць навабранцаў праз некалькі дзён вярнуліся ў свае хаты. Не хапала абмундзіравання і іншага вайсковага рыштунку. А гэта значыць, што поўную мабілізацыю ў Заходняй Беларусі бальшавіцкая ўлада не паспела правесці.

Трэцяя — нямецкая (1941–1944)

Мы з цікавасцю дзівіліся нямецкім самалётам у небе. У нашым наваколлі аніякіх баёў не было, стрэлаў не чулі. Бальшавіцкія начальнікі зніклі за адну ноч. Пакінутую маёмасць на складах станцыі Зябкі і іншых пунктах людзі разнеслі па сваіх хатах. Гаварылі пра баі за горад Полацк. На другі тыдзень вайны адзінкамі і групамі, туляючыся па кустах і ў лесе з’явіліся, чырвонаармейцы, але не ў вайсковым адзенні і без зброі, а тыя адзінкі, якія былі ў вайсковай форме, прасілі нас даць якое-небудзь сялянскае адзенне, каб пераапрануцца.

Прасіліся на жытло і сялянскую працу. Іх бралі звычайна ў сем’і мужчын, якіх паспелі мабілізаваць. Было лета, і мужчынскія рукі былі запатрабаванымі. Часовая нямецкая ўлада ўзяла іх на ўлік. Некаторыя з іх пасля пайшлі на службу да немцаў, хтосьці — у лес. Так паступова з’явіліся партызаны. Аснова партызанскіх атрадаў была створана праз мабілізацыю. Спачатку ўгаворвалі мірна. Жадаючых не было. Пачалі пагрозамі і сілай забіраць тых, каму не пашанцавала схавацца.

Была створана нямецкая адміністрацыя. Солтысам (старастам) быў прызначаны селянін Будзько. Увялі падаткі. Я адносіў у патрэбны час яйкі і малако ва ўстаноўлены пункт. Бедным і шматдзетным сем’ям была нейкая палёгка. У нас было тры гектары зямлі. Памятаю дзень, калі частку зямлі пана Кулеша, які ўцёк пры прыходзе бальшавікоў у 1939 годзе, нямецкая ўлада перадала для малазямельных. Якая была радасць! Перачытайце паэму Якуба Коласа «Новая зямля» і адчуеце, што значыць зямля ў жыцці селяніна.

З’явілася як бы двоеўладдзе. Спачатку было ціха. Працягвалася звычайнае жыццё. Партызаны прыходзілі і па-людску прасілі паесці, якое-небудзь адзенне. Потым паступова сталі прыходзіць ноччу і рабаваць фактычна ўсё. У нас забралі каня, карову, авечак, адзенне, сала. Зімой ежу і хатнія рэчы мы хавалі ў гурбах снегу. Партызаны гэта ведалі і шукалі шомпаламі. Ішла гульня — хто каго перахітрыць. Мы, дзеці, у большасці выпадкаў аказваліся хітрэйшымі. Перад кожным прыходам партызан, як пачынаўся стукат-грукат у дзверы і вакно, мама хутка-хутка, каб выратаваць адзенне, адзявала на нас і на сябе ўсё што было.

Партызаны заўсёды патрабавалі самагонкі, солі. Каб застрашыць, часта стралялі ў столь. Гэта было дужа жахліва, смярдзеў дым ад стрэлаў. Мы дрыжэлі. Зубы ляскалі ад страху. Ціснуліся да спадніцы мамы.

2_mama_nadzja_z_ul_ck_h.jpg

Маці Надзея з Уліцкіх

У 1943 годзе немцы ў нашай ваколіцы спалілі ўсё, што магло гарэць. З факеламі падпальвалі дом за домам. А стрэхі ж былі саламяныя. Аднак жа пачатак падпалам паклалі не немцы, а савецкія партызаны. Пад агонь прызначаліся найлепшыя хаты. Было гэта так. Прыходзілі днём і папярэджвалі, што дом праз дзень-два (давалі канкрэтны тэрмін) будзе спалены, і патрабавалі пакінуць яго. На просьбы-маленні не рэагавалі. На пытанне: «Дзеля чаго будзеце паліць? — адказ быў такі: «Чтобы немцы не расквартировались на постоянно и не сделали казарму».

У маёй акрузе савецкія партызаны першым спалілі фальварак Гарадок, дзе я нарадзіўся, дзе закапаны мой пуп. Затым паслядоўна запалалі па начах Ясная Горка, Бабуліна, Паўлаўшчына, Двор Стараселле, вёскі Стараселле, Васькавічы. А гэта 7 вёсак у маёй акрузе. Гэта паміж Кублічамі і станцыямі Зябкі і Палевачы.

Партызаны палілі толькі ноччу. Пасля таго, як яны спалілі Паўлаўшчыну, дзе мы жылі, наша сям’я, а гэта 6 чалавек, мусіла вандраваць з вёскі ў вёску, з дома ў дом, дзе нам давалі прытулак. Вось у такой, як успамінаецца, паслядоўнасці: вёскі Лаза, Бортачкі, Казырова, Шамшуры, Кугалеўка, Стараселле і, урэшце, шчаслівы пераезд у сваю адбудаваную хату. Сёння гэтай хаты таксама ўжо няма, дзякуючы пасляваеннай калектывізацыі і камунізацыі Заходняй Беларусі.

Коратка пра школу падчас нямецкай акупацыі. 1 верасня 1941 года школа ў Бабуліне, якую адкрылі бальшавікі ў 1939 годзе, пачала працаваць. Навучанне было на беларускай мове. У класе вісеў партрэт Гітлера. Першы раз прышлі партызаны і парвалі партрэт Гітлера. У другі прыход — спалілі будынак школы. Школа перайшла ў суседнюю вёску Чашкі. На некалькі месяцаў, пакуль яе таксама не спалілі партызаны. На гэтым маё школьніцтва скончылася аж да 1945 года.

Аднак у хаты сялян пападалі на беларускай мове газеты, часопісы, у тым ліку і гумарыстычныя. Усё друкаванае выклікала вялікую цікавасць у сялянскім побыце. Добра памятаю адзін малюнак і тэкст: у вакно глядзіць дзяўчына. Па вуліцы ідзе хлопец, на яго брэша сабака, пад малюнкам подпіс: «На вуліцы Курта брэша, а да мяне Янка чэша, ці ты Янка, ці ты не, спадабаўся ты мне».

Чацвёртая — эсэсэраўская (1945–1991)

У пачатку ліпеня 1944 года з нашай мясцовасці сышлі немцы, а прыйшла Чырвоная Армія. Баёў не было. Пачалася новая, чацвёртая па ліку, акупацыя — СССР. Прышлі «трэція бальшавікі» на маю малую радзіму. Пачаўся перыяд вяртання, хай і ў галечы, у голадзе, да нармальнага чалавечага жыцця. Знік страх як ад савецкай партызаншчыны, так і ад нямецкай нялюдскасці ў барацьбе з савецкімі партызанамі.

У новай камуністычнай уладзе заселі былыя партызаны. Да пачатку 1950-х калгасаў не было. Дазвалялася апрацоўваць столькі зямлі, колькі хто мог. Праз год усе былі пры хлебе. Памятаю, цэлую зіму амаль кожны дзень елі стравы з гароху. Той пах і цяпер адчуваю. Гарох вараны, пражаны і сыры. А якая радасць і шчасце было, калі набылі карову, а гэта малако, а значыць, зацірка і кашы не на вадзе, а на малацэ. Ну, а скіба хлеба, памазаная маслам і пасыпаная соллю — шчаслівы момант дзяцінства.

Людзі праз некалькі год паступова пабудавалі жытло, развялі ўсялякую жыўнасць. Заспявалі, пачалі ладзіць вечарыны. Але новая акупацыйная ўлада не спала. З кожным годам уводзіліся новыя і павышаліся старыя падаткі. Напрыклад, кожнай сям’і, у якой быў конь, незалежна ад яго фізічных магчымасцяў і наяўнасці адпаведнай амуніцыі, даводзіўся план вывезці за зіму з Чырвонага Бору (побач з Быкаўскімі Бычкамі) на станцыю Зябкі 40 кубаметраў лесу. Даўжыня бярвенняў — 6 м.

У 1951 годзе пачаўся загон у калгас. Збіралі сходы сялян. Агітавалі. Ніхто не згаджаўся. Знаходзілі тых, у каго нічога не было, якія і запісваліся ў калгас. Такая валтузня цягнулася каля года. Але добраахвотнікаў не было. Тады ў снапах з поля забралі з удзелам міліцыі ўраджай азімых. У той час я жыў у бабулі Марфы. Яна зжала жыта. Яно на полі стаяла ў бабках. Сонечны дзень. Прыехалі на некалькіх падводах са старшынёй сельсавета Шчуцкім, міліцыянтам Віннікам, і ўсё да апошняга снапа забралі. Бабуля прасіла-галасіла, каб на насенне пакінулі. Забралі ўсё.

Быў супраціў. Мы з хлопцамі адчувалі нават нейкі гераізм у абароне хлеба і бізунамі сцябалі коней, каб яны збочылі ў канаву і перавярнуліся вазы са збожжам. Не ведаю, ці наш вяскова-юнацкі патрыятызм, ці дух дзядоў далі дарослым мужчынам смеласць і мужнасць. Яны на дарозе да створанага калгаснага тока сустракалі вазы са збожжам і скідалі іх у канаву. Так мае землякі баранілі свой хлеб, вынікі сваёй гадавой працы, каб сем’і былі з хлебам.

За гэта селянін Віктар Міцько (трое дзетак) быў асуджаны на 5 гадоў (пракурор патрабаваў 10 год), а Алесь Сяліцкі (бацька чатырох дзяцей) на 1 год (пракурор патрабаваў 5 гадоў). Жонкі адвезлі суддзі і пракурору ўсё сваё «багацце»: пярсцёнкі, завушніцы, фамільныя царскія залатыя манеткі, кумпякі, кілбасы, глякі самагону і ўсё іншае, на што акупанты былі ласыя.

Мяне таксама хацелі арыштаваць. Арганізавалі лоўлю з удзелам самога старшыні сельсавета. Мне ўдалося ўцячы, я доўгі час хаваўся, пакуль не заціхла хваля «добровольного вступления в колхоз». Кожнай сям’і адмералі па 40 сотак. Пачалася праца за працадні, за палачкі. За год трэба было зарабіць 260 працаднёў.

3_zjabka_skaja_shkola_7_i_klas_1950_g_.jpg

Зябкаўская школа, 7-ы клас, 1950 г.

У Зябкаўскай сямігодцы выкладанне вялося па-беларуску. У Празароцкай СШ матэматыка і фізіка — па-руску (настаўнікі былі не беларусы). У 1953 годзе я закончыў сярэднюю школу. Але дакументы ў ВНУ ад дзяцей сялян прымаліся толькі пры наяўнасці пашпартоў, якіх мы не мелі. Каб атрымаць пашпарт, першапачаткова трэба было атрымаць ад старшыні калгаса «справку-отпускную».

Дзеля гэтай даведкі маці цэлы год залагоджвала старшыню чым магла, а ён даволі часта заязджаў да нас з мясцовым міліцыянтам выпіць самагону і смачна паесці. Аднойчы маці паставіла сала на закуску. Міліцыянт Віннік кажа: «У мяне ад сала жывот баліць, давай каўбасы і кумпяк». Мы і да гэтага чацвёра дзетак, я самы старэйшы, рэдка бачылі каўбасы, а пасля яны і наогул зніклі. Усе гэтыя «далікатэсы» маці трымала да наступных заездаў-прыездаў старшыні і яго світы.

Якое ж было шчасце ў нашай сям’і, калі маці атрымала тую даведку, якая давала магчымасць атрымаць мне пашпарт. Ехаў я на падножках цягніка (не было грошай на квіток) са станцыі Зябкі да райцэнтра Падсвілле з адчуваннем свабоды і са слязьмі радасці і гонару за маму, за родных. «Я змагу вучыцца ў інстытуце», — гэта ўнікальнае пачуццё, гэта шлях да свабоды.

6_maladija_gadi_maladija_zhadann_.jpg

Мікалай Савіцкі, маладыя гады

У сталым веку першую асалоду ад пачуцця свабоды адчуў на Дзяды ў 1988 годзе, калі людзей міліцыя прыціснула да сцяны-агароджы магільніка на маскоўскай шашы і Зянон Пазьняк нейкім цудам узняўся так высока, што быў бачны ўсяму люду, і заклікаў ісці на Курапаты. Пераадолеўшы страх перад выгнаннем з працы, пераследам родных і іншае — я адчуў сябе ў першы раз свабодным. Калі калону мінчукоў Зянон Пазьняк па абставінах завярнуў у поле і людзі сталі на калені, каб бачыць прамоўцаў, я ўпершыню ў сваім жыцці ўбачыў бел-чырвона-белы сцяг, — у мяне пацяклі слёзы радасці, шчасця і Свабоды.

Пятая — сучасная (1994-...)


За 5 гадоў Адраджэння на пачатку 1990-х гадоў былі закладзены прававыя, духоўныя і маральныя асновы сучаснай беларускай дзяржаўнай незалежнасці. Камуністычны Вярхоўны Савет прыняў Закон аб мовах, надаў адзінай беларускай мове статус дзяржаўнай. Выхаваўча-вучэбны працэс у сістэме адукацыі ад дзіцячых садкоў да ўніверсітэтаў пераадолеў псіхалагічны бар’ер пераходу да жыцця ў беларускамоўным асяроддзі. Грамадская супольнасць мела і бачыла ясную перспектыву. Я цешыўся, што мае ўнукі будуць вучыцца на роднай беларускай мове.

І ў гэты час здыхаючая Расійская імперыя знайшла сілы, каб ачуняць. У 1996 годзе адмяняецца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года. Пачалася і працягваецца ў канстытуцыйна незалежнай, суверэннай Беларусі татальная духоўная акупацыя. Амаль імгненна (у гістарычным вымярэнні) адабралі ў народа родную, богам дадзеную, беларускую мову, знішчылі беларускамоўную сістэму выхавання і навучання.

Мова — душа народа. Адабралі Душу. Знішчаецца нацыянальная культура, гістарычная памяць народа, фальсіфікуецца наша гісторыя. Што гэта, калі не акупацыя? І пры гэтым дзяржаўныя ідэолагі, кіраўнік Беларусі гавораць аб нейкім патрыятызме, нават аб нацыянальнай ідэі.

8_za_nezalezhnasc_1990_ija.jpg

За незалежнасць, 1990-я гады

Марксізм-ленінізм вучыў мяне, што краіна тады не свабодная і знаходзіцца пад акупацыяй, калі на яе зямлі стаіць хаця б адзін бот салдата іншай дзяржавы. А ў нас? Не толькі салдацкія боты, а стратэгічныя аб’екты Расійскай Федэрацыі, а цяпер яшчэ і стратэгічная авіяцыя.

З пяці маіх арыштаў і шматлікіх затрыманняў за ўдзел у акцыях у абарону Свабоды і Незалежнасці, самая памятная першая — 4 студзеня 1995 года. У той дзень амапаўцы напалі на групу падпісчыкаў на газету «Свабода», якія сабраліся перад Домам ураду з патрабаваннямі свабоды друку. Суддзя Ваньковіч прысудзіў мне 5 сутак арышту. Гэта быў першы арышт і першае «асваенне» на сёння вядомага спецутрымальніка на Акрэсціна. У мяне быў адзіны сродак пратэсту супраць незаконнага затрымання і арышту — галадоўка. Па-добраму ганаруся тым, што сярод змагароў за незалежнасць Беларусі я стаўся наведвальнікам Акрэсціна пад нумарам адзін. Там я адчуў духоўна Свабоду на палітычным узроўні.

Сапраўднае хрышчэнне на годнасць змагара за Свабоду атрымаў 24 сакавіка 1996 года. 78-я ўгодкі абвяшчэння незалежнай БНР прайшлі ў Мінску грандыёзна і драматычна. Акцыя каля плошчы Незалежнасці, мітынг каля Опернага тэатра, супрацьстаянне перад будынкам тэлецэнтра, пакуль вяліся перамовы прадстаўнікоў мітынгу з кіраўнікамі тэлевізіі. А напрыканцы акцыі ў той дзень, упершыню пасля мітынгу на Дзяды 1988 года, была ўжыта сіла супраць безабаронных беларусаў. На скрыжаванні вуліцы Камсамольскай з праспектам Скарыны людзей зноў білі. Побач з раскіданымі кветкамі з’явіліся плямы крыві. Там я быў знявечаны і атручаны газамі. Судзіўся з Міністэрствам унутраных спраў: спагнаць расходы на лячэнне, маральныя страты і шкоду. Беспаспяхова.

Сёння тое цяганне па судах усіх інстанцый з іскам да МУС асабіста ацэньваю як добры выхаваўчы прыклад, асабліва для моладзі, змагання за Свабоду ў асабістым і грамадска-палітычным сэнсе.

Разумею, што кімсьці буду ўспрыняты нясціплым, але і сёння, пасля пазбаўлення ў 2001 го­дзе працы прафесара па моўнай і нацыянальнай прыкмеце, страты студэнцкай аўдыторыі, я не шкадую аб перажытым.

1_m_kola_sav_ck_anatol_grickev_ch_artur_vol_sk_vas_l_bika_s_vjata_arshanskaj_b_tvi_verasen_1992g_.jpg

Мікола Савіцкі, Анатоль Грыцкевіч, Артур Вольскі, Васіль Быкаў

Свабода — гэта шчасце. Шчасце — гэта свабода. Страх — спадарожнік і вораг Свабоды. Пераадолеем страх — будзем свабоднымі і станем шчаслівымі. Але падмуркам усяго гэтага ёсць глыбокае пачуццё нацыянальнай годнасці і гістарычнай свядомасці і, безумоўна, агіднае, брыдкае стаўленне да ўласнага халуйства перад імперскай Расіяй.