Акупанты абстралялі Львоў (абнаўляецца)
Мэр Львова заявіў пра 5 прыцэльных ракетных удараў па горадзе.

Раніцай у панядзелак мэр Львова Андрэй Садовы заявіў аб пяці ракетных ударах па горадзе. «5 прыцэльных ракетных удараў па Львове. Адпаведныя службы ўжо выехалі на месца. Больш падрабязную інфармацыю высвятляем», – напісаў Садовы ў сваім тэлеграм-канале.
Аб гэтым жа паведаміў карэспандэнт Бі-бі-сі Том Лакхерст, які працуе ў Львове. Выбухі, паводле яго слоў, былі чутныя ў заходняй частцы горада, недалёка ад мяжы Украіны з Польшчай.

«З месца выбухаў падымаецца густы чорна-шэры дым, і адзін з супрацоўнікаў Бі-бі-сі бачыў ракету. Прыкладна за 45 хвілін да выбуху прагучала паветраная трывога. Зрэшты, у Львове такія сірэны чуваць часта», — паведаміў Лакхерст з месца падзей .
Кіраўнік абласной адміністрацыі Максім Казіцкі таксама паведаміў аб ударах, аднак, паводле ягоных дадзеных, іх было чатыры.

Сляды на машыне ад аскепкаў у выніку ўдара
На дадзены момант вядома пра 7 загінулых і 11 параненых у Львове. Сярод пацярпелых – адно дзіця.
Паведамляецца пра чатыры ракетныя ўдары па горадзе – тры па аб'ектах вайсковай інфраструктуры, яшчэ адзін – па шынамантажы. Кіраўнік «Укрзалізници» заявіў, што ракеты патрапілі побач з чыгуначнымі абʼектамі, у аўтасэрвіс.

У выніку траплення адбыліся пажары, тушэнне яшчэ працягваецца. Абʼекты атрымалі сурʼёзныя пашкоджанні.
Ад ударнай хвалі разбіты вокны ў гатэлі, дзе жывуць эвакуіраваныя ўкраінцы.