Амерыканская зброя прыбудзе ва Украіну менш, чым праз тыдзень, пасля згоды Кангрэса

Пентагон ужо спакаваў усе «падарункі» для УСУ і толькі чакае адмашкі ад палітычнага кіраўніцтва ЗША, каб перадаць іх украінцам.

Ілюстрацыйны здымак РІА "Навіны"

Ілюстрацыйны здымак РІА "Навіны"

Украіна атрымае першую партыю зброі ад ЗША «менш, чым праз тыдзень» пасля таго, як Кангрэс ЗША прыме новую праграму дапамогі Кіеву і прэзідэнт Байдэн падпіша гэты закон. Пра гэта афіцыйныя асобы ЗША распавялі The Washington Post на ўмовах ананімнасці.

Адзначаецца, што ў гэтыя выхадныя Палата прадстаўнікоў Кангрэса павінна разгледзець законапраект аб дапамозе Украіне, прапанаваны спікерам Майкам Джонсанам. Калі яго прымуць, то на наступным тыдні гэты дакумент разгледзіць Сенат Кангрэса, дзе абяцаюць не зацягваць з прыняццем. Калі і Сенат скажа сваё «так», застанецца атрымаць толькі подпіс Байдэна, які таксама ўхвальна адазваўся аб дакуменце.

Раней крыніцы Пентагона ўжо распавялі СМІ, што вайскоўцы ЗША пачалі пакаваць новую партыю зброі для Украіны загадзя, каб перадаць яе адразу, як будзе ззгода Кангрэса.

Пасля прыняцця закона аб дапамозе Украіне «спатрэбіцца менш за тыдзень, перш чым частка зброі патрапіць на поле бою», запэўніў адзін з суразмоўцаў выдання.

Што менавіта ўвойдзе ў першую партыю зброі і ў якой колькасці, пакуль невядома. The Washington Post мяркуе, што там дакладна будуць 155-міліметровыя боепрыпасы для артылерыі і рэактыўныя снарады сярэдняй далёкасці. Таксама, верагодна, Украіна атрымае дадатковыя сродкі СПА, у прыватнасці зенітныя ракеты.


Глядзіце таксама

Як паведамлялася раней, верагодна, у суботу 20 красавіка Палата прадстаўнікоў разгледзіць новы законапраект аб ваеннай дапамозе Украіне — упершыню за больш чым паўгода. Паводле ацэнак Financial Times, ёсць дастаткова высокія шанцы, што дакумент ухваляць, хоць галасаванне яшчэ можа сарваць Дональд Трамп, які дагэтуль не даў сваёй адназначнай ацэнкі гэтаму дакументу.

У Сенаце-абяцаюць хутка даць сваю згоду на гэты законапраект, калі ён паспяхова пройдзе праз ніжнюю Палату прадстаўнікоў. Таксама закон хочуць адправіць на подпіс Байдэну ў самыя кароткія тэрміны.

Зараз Украіне крытычна не хапае ўзбраенняў, праз што поспехаў у вайне дасягае акупацыйная расійская армія. Атрыманне УСУ амерыканскай зброі можа змяніць сітуацыю на фронце.