Апошнія выбары Жырыноўскага

У Расіі зачыняюцца правыя радыкальныя арганізацыі, адначасова ходзяць чуткі, што Жырыноўскага пазбавяць статуса штатнага думскага нацыяналіста. Што стаіць за апошнімі падзеямі? Пра гэта журналісту «НЧ» Алегу Новікаву расказвае расійскі палітолаг Дзмітрый Касценка.

— Суд Уладзімірскай вобласці забараніў «Рускі агульнанацыянальны саюз», прызнаўшы яго экстрэмісцкай арганізацыяй. РОНС стаў ужо трэцім нацыяналістычным аб’яднаннем, зачыненым за апошні час у Расіі. Што стаіць за гэтай зачысткай?

У Расіі зачыняюцца правыя радыкальныя арганізацыі, адначасова ходзяць чуткі, што Жырыноўскага пазбавяць статуса штатнага думскага нацыяналіста. Што стаіць за апошнімі падзеямі? Пра гэта журналісту «НЧ» Алегу Новікаву расказвае расійскі палітолаг Дзмітрый Касценка.
— Суд Уладзімірскай вобласці забараніў «Рускі агульнанацыянальны саюз», прызнаўшы яго экстрэмісцкай арганізацыяй. РОНС стаў ужо трэцім нацыяналістычным аб’яднаннем, зачыненым за апошні час у Расіі. Што стаіць за гэтай зачысткай?
— Зачыстка пачалася па слядах снежаньскіх падзей на Манежнай плошчы. Выступы фанатаў — індыкатар глыбінных праблем у настроях грамадства, заснаваных, у прыватнасці, на непрыманні карумпаваных сувязяў выхадцаў з каўказскага і азіяцкага рэгіёнаў з расійскімі органамі ўлады. Менавіта гэта сітуацыя і нараджае той аб’ектыўны кампанент незадаволенасці, які, хутчэй за ўсё, атрымаў выхад на Манежнай. У грамадзян узнікае адчуванне нацыянальнай няроўнасці рускіх ва ўласнай краіне. Чым і паспяхова карыстаюцца разнастайныя экстрэмісцкія арганізацыі. Такога кшталту структур у краіне цяпер налічваецца каля трох дзясяткаў. З іх забароненыя: Нацыянал-бальшавіцкая партыя, Рух супраць нелегальнай іміграцыі (ДПНИ) і Славянскі саюз і РОНС. Тры апошніх забаранілі за апошнія тры месяцы. Думаю, на гэтым працэс не закончыцца.
— Узнікае падазрэнне, што крыжовы паход супраць нацыяналістаў — выкананне замовы Крамлю. Наколькі судовыя працэсы па закрыцці трох арганізацый былі справядлівыя?
— Тое, што пасля Манежнай плошчы інтарэс праваахоўных структур да экстрэмістаў узрос, цалкам заканамерна. Знайсці ў дзеянні любой нацыяналістычнай групоўкі элемент крыміналу вельмі лёгка. У выпадку РОНС проста згадалі справу Сяргея Хлупіна, якога вінавацяць у выбуху ў храме Кірылы і Мяфодзія ва Уладзіміры і «перашкодзе правядзенню канцэрту папулярнага выканаўца» Барыса Маісева. Пра жаданне ўладаў паслядоўна змагацца са скрайне правымі сведчыць і справа Мікіты Ціханава і Яўгеніі Хасіс (забойцы адваката Маркелава, вядомага сваімі левымі поглядамі). Вердыкт парушыў традыцыю, калі людзей, якія абвінавачваліся ў гучных злачынствах на нацыянальнай глебе, адпускалі з залы суда дзякуючы апраўдальнаму вердыкту прысяжных. Ціханаву нечакана далі вышэйшую меру — пажыццёвы тэрмін.
— Наколькі дзеянні ўладаў па барацьбе з правымі радыкаламі можна лічыць эфектыўнымі?
— Тыя ж нацыянал-бальшавікі працягваюць функцыянаваць. Таксама як ДПНИ і Славянскі саюз, якія цяпер таксама называюцца па-іншаму. Пытанне — наколькі паспяхова? Нават сімвалічны адміністратыўны ціск здольны выклікаць жах у бюргераў, у патэнцыйных спонсараў, у тых, хто працуе на дзяржаўнай пасадзе. Рэпрэсіі маргіналізуюць нацыяналістаў, якія выступаюць у тым ліку супраць сістэмных нацыяналістычных партый. Нацыяналістычнаму электарату ў такіх умовах нічога не застаецца, як галасаваць за Жырыноўскага, якога ў Крамлі яшчэ 15 гадоў таму прызначылі штатным нацыяналістам.
— Жырыноўскі спраўляецца з роляй галоўнага патрыёта?
— Гэта вельмі цікавае пытанне. Варта адзначыць, што Уладзімір Вольфавіч заводзіць сваю душашчыпальную арыю «пра абарону рускіх» практычна перад кожнымі выбарамі. Але адразу ж па заканчэнні выбарчага сезону лідар ЛДПР імкліва забывае «патрыятычныя матывы». Доўгі час выбаршчык, заклапочаны нацыянальнай ідэнтыфікацыяй, галасаваў за ЛДПР амаль аўтаматычна. Аднак зараз Жырыноўскі пайшоў у тыраж. А пасля таго, як на хвалі этнічных пагромаў з’явілася ДПНИ, жырыноўцы цалкам згубілі манапольнае права на нацыяналізм. І яны гэта разумеюць. Інакш, напрыклад, перад выбарамі ў сталічную думу ў 2005 годзе прадстаўнікі ліберал-дэмакратаў з дэпутатам Дзярждумы ад ЛДПР Мікалаем Кур’яновічам не былі заўважаны на першым «Рускім маршы» (галоўная штогадовая вулічная акцыя расійскіх нацыяналістаў). Аднак ужо ў наступным годзе, якраз пасля выбараў, удзел Кур’яновіча ў падрыхтоўцы «Рускага марша–2006» каштаваў яму выключэння з ЛДПР. Жырыноўскі тады заявіў: «Мы — не экстрэмісты, мы — звычайная, законная апазіцыя, мы выключылі са сваіх шэрагаў экстрэміста Кур’яновіча».
— ЛДПР здольная прайсці ў Думу ўвосень?
— А нашто ў такім выпадку 24 мая Вольфавіч зноў вырашыў устаць на слізкую дарожку «сяброўства» з нацыянал-маргіналамі? Лідар ЛДПР сабраў «увесь гербарый» вулічных нацыянальных палітыкаў, запрасіўшы лідараў забароненых арганізацый, ДПНИ, Славянскага саюзу. Пра тое, што ў здольнасць Жырыноўскага прыцягваць галасы нацыяналістычнага электарату, усё менш вераць наверсе, кажа яшчэ адзін факт. На днях у Расію вярнуўся Дзмітрый Рагозін, адзін з лідараў былой сацыял-патрыятычнай партыі «Родина». Пасля краху праекту «Родина» ён працаваў прадстаўніком Расіі пры ЕС, аднак цяпер ён чамусьці вярнуўся. І не паспеў вярнуцца, як пад яго зарэгістравалі арганізацыю Кангрэс расійскіх абшчын (КРО). Сам Рагозін не хавае, што ў краіне існуе вялікі грамадскі запыт на з’яўленне легальнай нацыяналістычнай сілы і хоча скарыстацца момантам.
— Складваецца ўражанне, што ўлада спрабуе ліквідаваць усе нізавыя цэнтры каардынацыі нацыяналістычнай апазіцыі.
— Цалкам лагічная здача з улікам таго, што на носе гадавы выбарчы цыкл. Думскія выбары ўвосень даюць старт прэзідэнцкай кампаніі. Нацыяналістычная тэма будзе вельмі важнай на выбарах, і ўлада жадае цалкам кантраляваць гэты дыскурс. Для гэтага будзе паслаблены арганізацыйны і інфармацыйны рэсурс правых. Што зараз і робіцца. Такім чынам, ніякі новы Манеж (гэта зараз любімая фішка нацыяналістычных інтэлектуалаў) уладзе пагражаць не будзе. Пратэст абмяжуецца фанацкімі рэчоўкамі і сутыкненнямі з паліцыяй.
— Між тым у ліберальнай апазіцыі таксама ёсць чым адказаць. Гэта ўстаноўка на арганізацыю ў дзень прэзідэнцкіх выбараў Майдану. Ці можа Майдан і Манеж аб’яднацца на базе агульных патрабаванняў?
— У рамках расследавання падзей 11 снежня на Манежнай плошчы былі затрыманыя некаторыя прыхільнікі ліберальных радыкальных структур: НБП, «Стратэгія 31» «Іншая Расія». Аднак, хутчэй за ўсё, актывісты демсілаў аказаліся на Манежы выпадкова. Хаця нельга адмаўляць таго, што дэбаты наконт магчымага альянсу нацыяналістаў і лібералаў існуюць. І, здаецца, гэта выклікае насцярожанасць ва ўладзе. Так, блізкія да Крамлю выданні раздулі з мухі слана наконт заявы ліберальнага блогера Аляксея Навальнага пра тое, што «пераход да стварэння нацыянальна-дэмакратычнага руху можа стаць шляхам адраджэння дэмакратычнага руху». Аднак наколькі такі блок магчымы? Мы ўсе ведаем, што на кіеўскім Майдане былі як нацыяналісты, так і лібералы. Аднак лідары першых і другіх выйшлі ў свой час з Народнага Руху, у іх было нешта агульнае. А што аб’ядноўвае паслядоўнага ліберала і Аляксандра Поткіна, нацыяналіста, які казаў, што «для ўступлення ў ДПНИ патрэбна прынесці вуха таджыка»?
— Пагроза нацыяналізму ў Расіі пакуль па-за павесткай дня?
— Мяркую, што як мінімум на выбары ў Думу правы электарат будзе ўпісаны ў прыдуманыя ў Крамлі паліттэхналагічныя схемы. А вось ці спрацуе такая схема на прэзідэнцкіх? Магчыма, давядзецца шукаць новы алгарытм. Таму нельга выключаць, што гэтыя выбары — апошнія для Жырыноўскага.