Баграціён супраць Саакашвілі
27 верасня ў прадстаўнікоў грузінскай царскай сям’і Баграціёнаў нарадзіўся сын. Манархісцкая грамадскасць Грузіі звязвае з гэтым хлопчыкам надзею хуткай рэстаўрацыі ў краіне
манархіі і звяржэння прэзідэнта Саакашвілі.
Хлопчыка, які з’явіўся на свет у Іспаніі, назвалі Георгіем. Ён з’яўляецца прадстаўніком дынастыі, якая афіцыйна вядзе сваё паходжанне ад біблейскага цара-прарока Давіда. Паводле
радаводу Баграціёнаў, князя Георгія аддзяляюць ад цара Давыда 105 пакаленняў.
27 верасня ў прадстаўнікоў грузінскай царскай сям’і Баграціёнаў нарадзіўся сын. Манархісцкая грамадскасць Грузіі звязвае з гэтым хлопчыкам надзею хуткай рэстаўрацыі ў краіне
манархіі і звяржэння прэзідэнта Саакашвілі.
Хлопчыка, які з’явіўся на свет у Іспаніі, назвалі Георгіем. Ён з’яўляецца прадстаўніком дынастыі, якая афіцыйна вядзе сваё паходжанне ад біблейскага цара-прарока Давіда. Паводле
радаводу Баграціёнаў, князя Георгія аддзяляюць ад цара Давыда 105 пакаленняў.
Па легендзе, нашчадак біблейскага героя Давіда Гуарам (Гурам) прыбыў у Грузію ў пачатку VI стагоддзя. Унук Гурама атрымаў ад візантыйскага імператара Юстыніяна сан цара. Адпаведна яму, ён першым стаў
называцца Баграціён. З гэтага часу Баграціёны кіравалі Грузіяй аж да 1801 года. Пакуль Аляксандр I сваім маніфестам ад 12 верасня 1801 года канчаткова не далучыў грузінскія землі да Расіі. Тытул цара
Грузіі перайшоў да дому Раманавых. Пазней прадстаўнікоў роду Баграціёнаў спецыяльным указам імператара сталі называць «сябры былога царскага дому Грузіі».
З пункту гледжання манархічнага права, рэформа вельмі дзіўная. Раманавы на той час былі памазанікамі божымі не больш за 200 гадоў. А Баграціёны — адна з найстаражытнейшых у гісторыі
чалавецтва дынастый (пасля імператарскіх дынастый Японіі і Эфіопіі).
Адначасова сябры грузінскай царскай сям’і гвалтоўна былі вывезены ў Расію. Ім доўгі час забаранялася наведваць радзіму. Нейкі час царская сям’я ў выгнанні была асяродкам крамолы. З
разлікам на вяртанне Баграціёнаў у Грузіі рыхтаваўся шэраг паўстанняў. Аднак з часам самі Баграціёны, якія ў 1865 годзе атрымалі тытул князёў Грузінскіх, здаецца, страцілі інтарэс да ідэі
незалежнасці роднага краю. Баграціёны сталі адной з самых вядомых расійскіх арыстакратычных фамілій. Дастаткова ўзгадаць Пятра Баграціёна — героя вайны 1812 гады. Таксама Баграціёны былі
губернатарамі, мецэнатамі, правазнаўцамі.
Не дзіўна, што падчас Першай сусветнай вайны грузінскія эмігранты, якія пад кіраўніцтвам князя Мачабелі стварылі Нацыянальны камітэт у Берліне і выступалі за аднаўленне манархіі ў Грузіі, прапанавалі
паставіць на грузінскі пасад нейкага нямецкага прынца.
У часы рэвалюцыі і грамадзянскай вайны спроб аднаўлення манархіі з боку Баграціёнаў не было. У Грузіі дамінавалі сацыял-дэмакраты, якія стварылі Грузінскую Дэмакратычную Рэспубліку. Магчыма, таму
савецкая ўлада пасля прыходу на бераг Куры спачатку спакойна паставілася да ўладальнікаў блакітнай крыві. Аднак з-за напружанай палітычнай атмасферы царская сям’я сама вырашыла эміграваць.
Дарэчы, ім дапамог пераехаць на Захад Максім Горкі.
На гэты час у субардынацыі паміж арыстакратамі адбыліся значныя змены. Яшчэ напрыканцы XIX стагоддзя памёр апошні прадстаўнік старэйшай лініі царскага дому. З гэтага часу старэйшай лініяй у доме
Баграціёнаў з’яўляюцца нашчадкі брата цара Вахтанга V — царэвіча Канстанціна, якія валодалі Мухранскім уездам. Таму гэта дынастыя завецца Багратыён-Мухранскія. Гонар валадароў
Мухрані нават увайшоў у народную прымаўку. «Што ты сядзіш, як Мухранскі?» — кажуць у Грузіі ганарыстым людзям.
Пасля эміграцыі на Захад Багратыёны разбегліся хто куды, пакуль у 1942 годзе пад патранатам Мусаліні не сабраліся ў Італіі і не дамовіліся пра тое, што законным прэтэндэнтам на сталец адзінай Грузіі
з’яўляецца князь Іраклій. Адначасова манархісты дабіліся, каб Уладзімір Кірылавіч Раманаў — афіцыйны прэтэндэнт на расійскі трон, прызнаў Іраклія роўным.
Грузінскі манархісцкі рух так ці інакш адрадзіўся, хаця і застаўся невялікай фракцыяй унутры дыяспары. Большасць эмігрантаў прызнавала нацыянальным цэнтрам органы Грузінскай Дэмакратычнай Рэспублікі,
якія пераехалі на Захад.
Пасля абвяшчэння незалежнасці Грузіі манархісты атрымалі магчымасць працаваць легальна на радзіме. Сюды пераехаў Давід, нашчадак царскага роду. Узнікла манархісцкая партыя. Спачатку дзейнасць
манархістаў не выклікала вялікага інтарэсу грамадства. Аднак у атмасферы палітычнага хаосу 1990-х гадоў ідэя наяўнасці ў краіне стабільнага падмурку ўлады ў выглядзе манарха пачала паступова
заваёўваць масы.
Гэтаму спрыяла таксама тое, што галоўным лабістам праекту пераходу да канстытуцыйнай манархіі стаў Патрыярх Грузіі Ілля Другі.. «З дня спынення ўлады Баграціёнаў у 1801 годзе грузінскі народ
песціць мару пра аднаўленне гэтай найстаражытнейшай, блаславёнай дынастыі. Сёння ў Грузіі ствараюцца ўмовы для таго, што мара грузінскага народа пра аднаўленне канстытуцыйнай манархіі можа быць
ажыццёўлена, калі на тое будзе воля Божая», — кажа Ілья.
Справа не абмежавалася словамі. У лютым 2009 года быў заключаны шлюб паміж прадстаўнікамі дзвюх вядучых галін царскай сям’і. У тбіліскім кафедральным саборы заключылі шлюб Давід
Баграціён-Мухранскага і Ганна Баграціён-Грузінская. Гэта падзея мела відавочны палітычны і апазіцыйны падтэкст, паколькі рэжым Саакашвілі пасля грузінска-расійскай вайны адчуваў сябе
нестабільна.
«Нацыянальная ганьба — следства нападу рэжыму Саакашвілі на Паўднёвую Асецію — не пакідае цяперашняму грузінскаму прэзідэнту шанцаў захоўваць у руках уладу яшчэ хоць бы
паўгода. Апазіцыя абмяркоўвае варыянты будучага дзяржаўнага ладу краіны. З прычыны адсутнасці адзінага і моцнага лідара, як найболей прымальны на дадзены момант, разглядаецца варыянт вяртання да
мадэлі манархіі. Ужо да канца года Саакашвілі, хутчэй за ўсё, будзе выгнаны з Грузіі, а на трон вернуцца нашчадкі дынастыі Баграціёнаў», — пісалі тады блізкія да манархістаў
выданні.
На той час, паводле сацыялагічных даследаванняў, 45% грамадзян Грузіі падтрымалі праект змены палітычнага ладу Грузіі і пераход да манархічнай формы ўлады, 29,6% выказаліся супраць гэтага, і яшчэ
25,4% не ведалі адказу на пытанне.
Аднак Саакашвілі змог утрымаць уладу і стабілізаваць сітуацыю. У сваю чаргу, царскі шлюб аказаўся не такім ужо і ідэальным. Давід і Ганна так моцна пасварыліся, што нават раз’ехаліся і больш
за год жылі асобна. Аднак цяпер, здаецца, у іх адносінах зноў пачаліся «мір і каханне». Лепшым прыкладам таму ёсць нараджэнне Георгія.
Навіны з Іспаніі сталі энергетычным напоем для грузінскіх манархістаў. Зноў чуюцца лозунгі за пачатак сур’ёзнай дыскусіі наконт магчымай змены дзяржаўнага ладу. Уладам прапануецца афіцыйна
абвясціць Георгія будучым царом і пачаць рыхтаваць малога да ўваходжання на трон.
Спрыяльным фонам для такога кшталту дэбатаў ёсць нявызначаная палітычная сітуацыя. Апазіцыя яшчэ не аднавіла былую форму пасля майскіх падзей 2011-га, калі ў турмы за спробу перавароту кінулі частку
яе лідараў. Адначасова падыходзіць да канца прэзідэнцкі мандат Саакашвілі. Больш па Канстытуцыі быць прэзідэнтам яму забаронена.
Манархічны праект ва ўмовах вакууму апазіцыі і выкліканай сыходам Саакашвілі магчымай палітычнай дэстабілізацыі можа быць запатрабаваны грамадствам. Плюс спадабацца маскоўскім спонсарам.
Не дарма апошнім часам у афіцыёзе пачалася незвычайная кампанія супраць Баграціёнаў. Ім згадваюць усе: і перш за ўсё стаўку на Расію напрыканцы ХІХ стагоддзя. Гэта можа спрацаваць, паколькі тая
падзея — вялікая рана для грузінаў. Маніфест 1801 года сапраўды можна лічыць фенаменальным гістарычным фіяска грузінскіх палітыкаў, якія марылі захаваць суверэнітэт і аднавіць унутраны мір
пад пратэктаратам Расіі. Нават краіны з менш развітай дзяржаўнай традыцыяй (Фінляндыя, Украіна) былі ўключаныя ў склад Расійскай Імперыі, захаваўшы большую ступень аўтаноміі.
Між тым, маленькі Георгій наўрад яшчэ можа сказаць слова «мама». Нават жудасна ўявіць, што будзе ў Грузіі, калі немаўля падрасце.