«Бамбіць Варонеж» ужо не метафара. Расійскі самалёт скінуў боепрыпас на вёску Петрапаўлаўка
Прынамсі сем прыватных жылых дамоў у вёсцы Петрапаўка ў Варонежскай вобласці атрымалі пашкоджанні праз тое, што з расійскага самалёта сышоў авіяцыйны боепрыпас. Пра гэта паведаміў губернатар Варонежскай вобласці Аляксандр Гусеў.
Паводле яго слоў, у выніку таго, што здарылася, ніхто не пацярпеў. Жыхароў некалькіх вуліц Петрапаўлаўкі перавозяць у пункты часовага размяшчэння, у тым ліку ў бліжэйшы пансіянат.
Міністэрства абароны РФ удакладніла, што каля 9 раніцы 2 студзеня падчас палёту самалёта паветрана-касмічных сіл РФ над Петрапаўлаўкай «адбыўся няштатны сход авіяцыйнага боепрыпасу», піша «РІА Навіны». Паводле звестак расійскіх вайскоўцаў, пашкоджанні атрымалі шэсць прыватных будынкаў, пацярпелых няма. На месцы працуе камісія, якая ацэньвае характар пашкоджанняў.
Тэлеграм-канал Baza апублікаваў відэа і фота з Петрапаўлаўкі, знятыя пасля сходу боепрыпасу. На відэазапісе бачныя разбураныя дамы.
Апошні падобны інцыдэнт адбыўся 30 снежня 2022 года таксама падчас масіраваных ракетных абстрэлаў Украіны. Тады жыхары сяла Ільменскае ў Валгаградскай вобласці выявілі ў полі абломкі «невядомага лятаючага аб'екта». Візуальна яны нагадвалі часткі крылатай ракеты вялікай далёкасці з сямейства Х-101/Х-102. Пры гэтым гэта быў другі выпадак за два тыдні.
Супрацоўнікі МНС тады ачапілі месца здарэння, усе пытанні экстраная служба пераадрасавала ў Мінабароны. Мясцовыя афіцыйныя асобы адмовіліся каментаваць сітуацыю. «На шчасце, загінулых і пацярпелых у выніку сітуацыі няма», — казаў кіраўнік Дубоўскага сельскага селішча Аляксей Голеў.
Нагадаем, 2 студзеня расійскія вайскоўцы нанеслі масіраваны ракетны ўдар па Украіне. Паводле даных паветраных сіл УСУ, ракеты былі запушчаны з 16 стратэгічных бамбавікоў Ту-95МС і знішчальнікаў МіГ-31К, якія з'яўляюцца носьбітамі «Кінжалаў». Большасць удараў нанесена па Кіеве і Харкаве, дзе агулам пацярпелі больш за 60 чалавек, а адзін загінуў. Больш за 260 тыс. жыхароў Кіева апынуліся без электрычнасці.
Пазней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што ад ракетнай атакі пацярпелі 92 чалавекі, чацвёра людзей загінулі.
Ён дадаў, што з 31 снежня расійцы ўжылі ўжо каля 170 «Шахедаў» і дзясяткі ракет розных тыпаў, абсалютная большасць якіх былі накіраваныя на грамадзянскія аб'екты.
Тым часам мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што адна з пацярпелых ад ракетнай атакі па доме ў Саломенскім раёне памерла ў карэце хуткай дапамогі. Загінулай было 86 гадоў.
Клічко дадаў, што на гэты момант шпіталізаваныя 27 пацярпелых.
У выніку ўдараў па Харкаве пацярпелі 44 чалавекі. Паводле звестак гарадской адміністрацыі, сярод пацярпелых пяцёра дзяцей: 3 хлопчыкі 9 гадоў і дзве дзяўчынкі 6 і 13 гадоў. У іх выбуховыя траўмы, удары, вострая рэакцыя на стрэс і кантузіі.
На дадзены момант 28 пацыентаў знаходзяцца ў бальніцах Харкава,
уключаючы траіх дзяцей.