Барэль: Усё ўказвае на тое, што за падрывам плаціны Кахоўскай ГЭС стаіць Расія

Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль заявіў, што за падрывам плаціны Кахоўскай ГЭС стаіць Расія.

Ва ўкраінскім Херсоне затоплены вуліцы з-за трагедыі на Кахоўскай ГЭС. Фота: Libkos/AP

Ва ўкраінскім Херсоне затоплены вуліцы з-за трагедыі на Кахоўскай ГЭС. Фота: Libkos/AP

Жазэп Барэль заявіў пра гэта ў інтэрв'ю грамадскаму тэлебачанню Іспаніі, паведамляе «The Guardian».

«Плаціну не бамбілі. Яна была разбурана выбухоўкай, закладзенай у месцах размяшчэння турбін. Гэта тэрыторыя знаходзіцца пад кантролем Расіі. Я не быў там, каб даведацца, хто гэта зрабіў. Але ўсё ўказвае на Расію: калі гэта адбылося на падкантрольнай тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, цяжка паверыць, што да гэтага датычны нехта іншы», — адзначыў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі.

У любым выпадку, дадаў Барэль, наступствы разбурэння Кахоўскай ГЭС жудасныя для Украіны як з гуманітарнага, так і з экалагічнага пункту гледжання, бо гэта выкліча экалагічную катастрофу.



Што вядома аб затапленні Херсонскай вобласці і эвакуацыі людзей у выніку выбуху на Кахоўскай ГЭС 

Нагадаем, 6 чэрвеня расійскія войскі ўзарвалі Кахоўскую ГЭС. У зоне затаплення апынуліся 80 населеных пунктаў. Больш за ўсё іх на левабярэжжы Херсонскай вобласці.

Не менш за дзевяць чалавек загінулі ў выніку затаплення Алешак на левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці.

Пакуль немагчыма вызначыць колькасць зніклых без вестак, расійскія вайскоўцы не даюць людзям магчымасці эвакуіравацца.

У Голай Прыстані вада спынілася і ўпала месцамі на пяць сантыметраў. Людзі эвакуіруюцца самастойна. Святлана Ліннік, якая раней узначальвала Галапрыстанскую МВА, паведаміла, што ў горадзе падтоплена 196 жылых дамоў.

У Новай Кахоўцы вада таксама сыходзіць, яна ніжэй за Дняпроўскі праспект. Людзей пачалі пускаць на праверку жылля. Найгоршая сітуацыя ў Корсунцы. Амаль усе жыхары сышлі адтуль самастойна. Акупацыйныя ўлады эвакуацыяй не займаюцца.



Нарвежскія навукоўцы з «Norsar» зафіксавалі сейсмічныя сігналы, якія пацвярджаюць, што ў ноч разбурэння дамбы Кахоўскай ГЭС адбыўся выбух. «Norsar» паведаміў, што сігналы рэгіянальнай станцыі ў Румыніі ўказваюць на выбух у 2.54 ночы.

«Norsar» не стаў рабіць высноў аб тым, хто нясе адказнасць.

Пры гэтым украінскі ўрад заявіў, што расійскія акупацыйныя сілы кантралявалі гідраэлектрастанцыю на дамбе і выкарыстоўвалі яе ў якасці гарнізона падчас выбуху. Эксперты-выбухатэхнікі кажуць, што падарваць дамбу знутры было б нашмат лягчэй, чым страляць па ёй здалёк.

Раніцай у пятніцу, 9 чэрвеня, Служба бяспекі Украіны (СБУ) апублікавала праслуханую тэлефонную размову, якая даказвае адказнасць Расіі за падрыў дамбы ў аўторак.

СБУ апублікавала запіс 90-секунднай тэлефоннай размовы ў сацыяльных сетках Telegram і сцвярджала, што яна была паміж двума «акупантамі».

Двое мужчын абмяркоўваюць разбурэнне дамбы, і адзін з іх мяркуе, што гэта зрабілі ўкраінцы, але другі прамоўца папраўляе яго і кажа, што «гэта зрабілі нашы хлопцы».

«Там знаходзіцца наша дыверсійная група. Гэтай дамбай хацелі выклікаць страх. Не па плане пайшло. Больш, чым планавалі», — сказаў адзін з іх.

Сапраўднасць тэлефоннага званка журналістам праверыць не ўдалося. У заяве СБУ не ўказваюцца асобы, якія размаўлялі паміж сабой, а таксама не ўказваецца час і месца, дзе адбывалася размова. Крыніца СБУ паведаміла, што званок быў перахоплены ў чацвер і што больш падрабязнай інфармацыі не можа быць пададзена, паколькі запіс — частка крымінальнага расследавання.



Паводле suspilne.media, www.theguardian.com