471-шы дзень вайны: наступ пачаўся ўчора?

Расіяне раніцай нанеслі ракетны ўдар па ваколіцах Харкава, папярэдне, з комплексу С-300. Людзі не пацярпелі, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінегубаў.

352692060_602069892106093_7533567140249116453_n.jpg

У расійскім Варонежы раніцай упаў беспілотнік, пашкоджаны шматкватэрны дом, тры чалавекі параненыя, паведаміў губернатар Аляксандр Гусеў.



photo_2023_06_09_13_16_46.jpg



Уначы расіяне нанеслі ўдар па Украіне іранскімі дронамі Shahed-136/131 і крылатымі ракетамі паветранага базавання Х-101/Х-55, цэліліся па вайсковых аб'ектах і аб'ектах крытычнай інфраструктуры. Падчас атакі было запушчана да 16 ударных БПЛА і шэсць крылатых ракет паветранага базавання. З іх сіламі СПА знішчаныя дзесяць ударных дронаў і чатыры крылатыя ракеты, а таксама чатыры разведвальныя БПЛА, паведаміла камандаванне паветраных сіл.

Пускі «Шахедаў» ажыццяўляліся з паўднёвага напрамку, крылатых ракет — з раёна Каспійскага мора, з чатырох стратэгічных бамбавікоў Ту-95МС.

Начная атака расіян ракетамі і дронамі была расцягнутая ў часе, а траекторыя ракет сведчыла аб тым, што вораг спрабуе знясіліць і насельніцтва Украіны, і СПА. Пра гэта заявіла спікер АК “Південь” Наталля Гумянюк.

Інфаграфіка Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua

Інфаграфіка Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua

У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінуў адзін чалавек (у Максіміліянаўцы), яшчэ сямёра атрымалі раненні.

У Херсонскай вобласці два чалавекі загінулі, 17 атрымалі раненні.

Уначы расіяне атакавалі дронамі тыпу Shahed аб'екты інфраструктуры Багадухаўскага раёна Харкаўскай вобласці. Узніклі пажары, адзін чалавек паранены, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінегубаў. Акрамя таго, на працягу сутак армія РФ абстрэльвала горад Ваўчанск Чугуеўскага раёна, параненыя два чалавекі.

У Жытомірскай вобласці падчас начной атакі, паводле папярэдніх звестак, сіламі СПА збітая адна ракета. У выніку падзення абломкаў ракеты разбураныя чатыры дамы, пашкоджаныя 30, адзін чалавек загінуў і трое траўмаваныя.

Таксама ўвечары 8 чэрвеня, каля 20:00, РФ нанесла ўдары з Чорнага мора дзвюма ракетамі “Калібр” па адным з грамадзянскіх аб'ектаў у Чаркаскай вобласці.


Катастрофа на Кахоўскай ГЭС

СБУ перахапіла размову расіян, якая пацвярджае, што Кахоўскую ГЭС падарвала расійская дыверсійная група. У прыватнасці, адзін з суразмоўцаў кажа, што падрывам дамбы хацелі напалохаць украінскі бок, аднак нешта «пайшло не па плане, а больш, чым яны планавалі».

Узровень вады ў сажалцы-ахаладжальніку Запарожскай АЭС застаецца стабільным і складае 16,66 метра, нягледзячы на падзенне ўзроўню вады ў Кахоўскім вадасховішчы. Гэтага дастаткова для забеспячэння патрэбаў станцыі, паведаміў украінскі «Энергаатам». У кампаніі нагадалі, што энергаблокі ЗАЭС не працуюць з верасня 2022 года, а таму актыўнага выпарэння вады з сажалкі-ахаладжальніка не адбываецца.

Узровень вады ў Кахоўскім вадасховішчы працягвае зніжацца і на 8:00 раніцы складае ў раёне Нікапаля 11,74 метра, паведаміла Укргідраэнерга. За суткі ўзровень вады ў Кахоўскім вадасховішчы знізіўся яшчэ на метр, а ад раніцы 6 чэрвеня ўпаў на 4,7 метра.

Пад вадой знаходзіцца больш за палову будынка станцыі. Земляная ўстаўка паміж шлюзам і станцыяй таксама застаецца пад вадой і працягвае разбурацца. Гідраэлектрастанцыя працягвае максімальна акумуляваць ваду ў верхніх вадасховішчах Дняпра. Гэта неабходна для таго, каб мець запас для экалагічных пропускаў пасля спрацоўвання Кахоўскага вадасховішча.


У Херсонскай вобласці памяншаецца ўзровень затаплення — на раніцу на Правабярэжжы вада трымаецца на пазнацы 5,38 метра. Пра гэта паведаміў кіраўнік АВА Аляксандр Пракудзін. Затопленыя 3624 дамы ў 32 населеных пунктах. Эвакуявана 2352 чалавекі і каля 550 жывёл.

Расія падрыхтавала чарговую інфармацыйную спецаперацыю дыскрэдытацыі Украіны і яе вайскова-палітычнага кіраўніцтва, паведамляе украінскае Мінабароны. У яе рамках падрыхтавана серыя правакацыйных матэрыялаў, якія павінны перакласці на Украіну адказнасць за падрыў дамбы Кахоўскай ГЭС і стварыць перадумовы для палітычнага крызісу. Пад кожным матэрыялам будуць размяшчацца каментары з фэйкавых акаўнтаў, нібыта ад імя ўкраінскіх і замежных чытачоў. Бюджэт расійскага праекта складае каля 6 мільёнаў долараў з магчымасцю далейшага павелічэння.

У Крыме, у прыватнасці ў Сімферопалі, мясцовымі СМІ замоўчваюць і сам факт знішчэння Кахоўскай ГЭС і наступствы гэтай катастрофы. Мясцовыя акупацыйныя ўлады асцерагаюцца магчымай панікі сярод насельніцтва.


Украінскі наступ пачаўся?

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) сцвярджае, што УСУ правялі абмежаванае, але значнае наступленне на Запарожскім кірунку ў ноч на 8 чэрвеня: расійскія войскі абараняліся і аднавілі свае пачатковыя пазіцыі. На думку аналітыкаў, украінскае контрнаступленне будзе складацца з многіх мерапрыемстваў рознага маштабу, таму апошнія атакі не адлюстроўваюць поўнага патэнцыялу УСУ.

Украіна сфарміравала 12 брыгад для контрнаступлення — паводле ISW, гэта толькі частка вялікага рэзерву сіл. У той жа час аналітыкі адзначаюць, што войскі Паўднёвай вайсковай акругі РФ, разгорнутыя ў гэтым раёне, з'яўляюцца больш якаснай групоўкай, чым на іншых участках фронту.

Інфаграфіка Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua

Інфаграфіка Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua

Украінскі Генштаб агучыў прыкладныя страты РФ паводле стану на раніцу 9 чэрвеня: асабовага складу — каля 213 770 (+1010) чалавек.

Украінскі Генштаб паведамляе, што войска РФ працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках, ідуць цяжкія баі. За мінулыя суткі на гэтых участках фронту адбылося 43 баявыя сутыкненні, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы.

У паўднёва-заходняй частцы Данецка знаходзяцца падраздзяленні Ахмат. Яны займаюцца рабаваннем цывільнага насельніцтва і здымаюць пастановачныя відэа аб баявых дзеяннях.

Кітай упершыню паставіў Расіі тэхніку для вайны. Пра гэта паведамляе вайсковы аглядальнік Bild Юльян Рэпке. Ён зрабіў такую выснову пасля апублікаванага Кадыравым відэа, на якім той паказвае кітайскія бронеаўтамабілі ад кампаніі Shaanxi Baoji Special Vehicles Manufacturing, што паступілі ў батальён Ахмат. Кадыраў сам праехаўся за стырном і заявіў, што баявыя машыны будуць задзейнічаныя ва Украіне.

Пакуль незразумела, ці была заключаная афіцыйная дамова паміж Масквой і Пекінам, аднак без ухвалення Кампартыі КНР гэта не магло адбыцца, так што гэта наўрад ці прыватны набытак, дадае аглядальнік.


Навіны заходніх партнёраў Украіны

Шольц, Макрон і Дуда ў панядзелак, 12 чэрвеня, правядуць у Парыжы сустрэчу, на якой абмяркуюць імкненне Украіны да сяброўства ў NATO і гарантыі бяспекі напярэдадні саміту альянсу ў ліпені, піша Politico са спасылкай на французскіх чыноўнікаў.

Пентагон мае намер абвясціць у пятніцу, 9 чэрвеня, пра наданне Украіне доўгатэрміновага пакета вайсковай дапамогі, які ўключае сродкі супрацьпаветранай абароны, піша Bloomberg са спасылкай на ўласныя крыніцы. Агульны кошт новага пакета — 2 мільярды долараў.

Сродкі будуць выдзелены, у прыватнасці, на закупку пускавых установак і ракет Hawk, а таксама ракет GEM-T і PAC-3 для ЗРК Patriot.

Паводле Bloomberg, фінансаванне будзе накіравана па канале USA. Гэты канал, у адрозненне ад PDA, які прадугледжвае неадкладную перадачу ўзбраенняў з запасаў Пентагона і ліміт якога на гэты фінансавы год ужо блізкі да вычарпання, прызначаны для заключэння кантрактаў з амерыканскімі вытворцамі на выраб тых ці іншых узбраенняў, неабходных Украіне. Пастаўкі па гэтым канале разлічаны на больш аддаленую перспектыву — ад 9-10 месяцаў да некалькіх гадоў.

Наступная сустрэча ў фармаце Рамштайн, 13-я па ліку, адбудзецца 15 чэрвеня ў Бруселі, паведаміў спікер Пентагона Патрык Райдэр. На ёй бакі абмяркуюць стварэнне кааліцыі баявых самалётаў «нябеснага шчыта Украіны».

Ніводная краіна NATO не заяўляла пра жаданне накіраваць ва Украіну сваіх вайскоўцаў, заявіла прэм'ер Эстоніі Кая Калас. Паводле яе слоў, такое пытанне нават не абмяркоўвалася: «Усе дзяржавы аказваюць тую ці іншую дапамогу Украіне. Але ніводная краіна не заяўляла пра сваё жаданне ўмешвацца ў гэтую вайну, адпраўляць на яе сваіх вайскоўцаў, я пра такія планы не чула».

Нагадаем, як пісаў «НЧ», экс-генеральны сакратар NATO Андэрс Фог Расмусэн учора заявіў, што некаторыя краіны-чальцы NATO маглі б адправіць войскі ва Украіну, калі на саміце альянсу Кіеў не атрымае гарантый сяброўства і гарантый на пераходны перыяд.

Паводле korrespondent.net, сацсетак, ВВС; hwww.pravda.com.ua, t.me/bbcrussian