Зяленскі: На чале Расіі стаяць нелюдзі — і гэта сёння найбольшая катастрофа для планеты
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выказаўся на адрас расійскага кіраўніцтва — і абвінаваціў яго ў здзяйсненні маштабных актаў тэрарызму. Кахоўскае вадасховішча пераўтворанае ў вялікую магілу для мільёнаў жывых істот.
У сваім відэазвароце ў ноч на пятніцу Зяленскі заявіў, што расійскія войскі працягваюць мэтанакіравана абстрэльваць Херсон і іншыя населеныя пункты вобласці, ужо затопленыя ў выніку разбурэння Кахоўскай ГЭС.
«Яны абстрэльваюць нават пункты эвакуацыі, што з'яўляецца ўжо такой праявай зла, на якую, мабыць, ніякія тэрарысты ў свеце, акрамя расійскіх, не ішлі», — сказаў ён.
Нагадаем, удзень у чацвер, 8 чэрвеня, расійскія войскі нанеслі ўдар па напаўзатопленым Херсоне, дзе працягваецца выратавальная аперацыя. Расійскія снарады падалі побач з месцам, дзе адбывалася эвакуацыя людзей з затопленых тэрыторый і куды прыбывалі выратавальныя лодкі. Сведкамі абстрэлу сталі многія журналісты.
Са слоў Зяленскага, на левабярэжнай частцы Херсоншчыны, якая ўтрымліваецца расійскімі войскамі, акупанты цалкам кінулі людзей на волю лёсу. «Там ужо другія суткі толькі пашыраецца катастрофа. І гэта таксама абсалютна свядомы выбар расійскага кіраўніцтва», — сказаў украінскі лідар.
«Няма цяпер у свеце тых, хто не ўбачыў бы, што Расіяй кіруюць нелюдзі. Нелюдзі, якія ўласна і з'яўляюцца найвялікшай катастрофай на планеце сёння. Мы павінны зрабіць разам з партнёрамі ўсё, каб свет даказаў, што ўмее спраўляцца з такімі катастрофамі — з такімі тэрарыстамі», — сказаў на заканчэнне ён.
Учора Зяленскі наведаў затопленыя ў выніку разбурэння плаціны раёны, дзе пагутарыў з чыноўнікамі, якія займаюцца барацьбой з наступствамі катастрофы, сустрэўся з мясцовымі жыхарамі і звярнуўся да міжнародных арганізацый з заклікам аб гуманітарнай дапамозе.
«Гэта расійскае злачынства экацыду — найбуйнейшае за дзесяцігоддзі ў Еўропе, але, мяркуючы па ўсім, расійскія акупанты вырашылі дадаткова пагоршыць яго наступствы. На акупаванай частцы тэрыторыі, дзе затоплена каля дзясятка населеных пунктаў, наогул не праводзіцца эвакуацыя. Людзі другія суткі на дахах, у вадзяной пастцы, без пітной вады, ежы і медыцынскай дапамогі. Колькі там загінулых і пацярпелых, мы пакуль не ведаем.
Літаральна кожную гадзіну ўсталёўваецца — і мы ўсталёўваем — усё больш дэталяў адносна таго, якую шкоду Расія нанесла гэтай катастрофай. У больш чым 30 населеных пунктах жыццё зламанае. Для сотняў тысяч людзей у многіх гарадах і вёсках значна абцяжараны доступ да пітной вады.
З-за знішчэння дамбы затопленыя сховішчы гаручага, склады з хімікатамі, склады з угнаеннямі, могільнікі жывёл, з іх як мінімум два «сібірскія пахаванні», і абодва — на часова акупаванай тэрыторыі. Што з імі цяпер, нам невядома. Там, дзе не было цэнтралізаванай каналізацыі, каналізацыйныя сцёкі ўжо ў вадзе, якой пакрыта ўсё...
Колькасць экасістэм, якія знішчаныя або пастаўленыя на мяжу вымірання гэтым расійскім тэрактам, ужо вылічаецца тысячамі.
Больш за 50 тысяч гектараў лясоў затопленыя, і прынамсі палова з іх загіне. Дзясяткі тысяч птушак і па меншай меры дваццаць тысяч дзікіх жывёл пад пагрозай гібелі. Відавочна, што Кахоўскае вадасховішча пераўтворанае ў вялікую магілу для мільёнаў жывых істот».
Зяленскі дадаў, што ва ўладаў ёсць рашэнне і разуменне алгарытму дзеянняў для забеспячэння пітной вадой пацярпелых гарадоў і абшчын.
«Рашэнне ёсць, рэсурсы ёсць, грошы ёсць. Зробім усё, каб забяспечыць людзей пітной вадой, нягледзячы на гэтую катастрофу. Можа быць дыскамфорт, але мы ўсё зробім», — адзначыў ён.
Украінскі прэзідэнт адзначыў: «Сітуацыя з інфраструктурай, шкодай прыродзе. Шкода ад расійскага тэракту вельмі значная, гэта ўсім зразумела. Але павінна быць зразумела і тое, што няма альтэрнатыў, акрамя максімальнага аднаўлення і максімальнага будаўніцтва нанова. Магчыма, гэта Расія застанецца спустошанай пасля Пуціна, але не Украіна».
Паводле t.me/V_Zelenskiy_official, ВВС, www.pravda.com.ua