Без інвестыцый у шырокую каляіну Афрыцы пагражае голад

Як дапамагчы Украіне экспартаваць больш за 20 мільёнаў тон збожжа і супрацьстаяць голаду ў Афрыцы?

Фота vesti.ru

Фота vesti.ru

Пасля блакавання ўкраінскіх партоў у Чорным моры адным з асноўных шляхоў застаецца шырокакалейная металургічная чыгуначная лінія, якая злучае Грубешаў ля мяжы з Украінай з Сілезіяй. Аднак, каб лінія не забівалася, патрэбныя сур’ёзныя інвестыцыі, паведамляе Gazeta Wyborcza.

Украіна – вядучы экспарцёр збожжа, у асноўным пшаніцы, ячменю, кукурузы і сланечніку. Нездарма яе называюць «збожжасховішчам свету». Аднак расійская вайна прывяла да таго, што сёлетнія пасевы збожжавых ва Украіне скараціліся прыкладна на траціну.

Таксама з Украіны неабходна як мага хутчэй вывезці збожжа з леташняга пасеву, каб супрацьстаяць голаду ў паўночнаафрыканскіх краінах.

Дагэтуль экспарт збожжа з Украіны ішоў у асноўным праз парты ў Чорным моры, якія цяпер блакуе Расія. У такой сітуацыі адзіны шлях экспарту ўкраінскага збожжа – чыгунка і транспарціроўка яго ў глыб ЕС, у тым ліку ў парты ў Балтыйскім і Міжземным морах. Але праблемай з’яўляецца шырокая каляіна ўкраінскай чыгункі, якая зусім іншая, чым у краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы.

Здавалася б, што вырашыць праблему можа дапамагчы Шырокакалейная металургічная чыгуначная лінія, уведзеная ў эксплуатацыю ў 1970-х гадах.

Аднак 400-кіламетровы маршрут, які злучае памежны пераход з Украінай у Грубешаве са Слаўкавам на мяжы Малапольшчы і Сілезіі, — не вельмі добры інструмент для перавозкі ўкраінскага збожжа. Усё таму, што гэта адна чыгуначная лінія і раз’езды. Гэта пустая трата часу: калі адзін цягнік у дарозе, другі павінен чакаць.

Паводле афіцыйных звестак, у суткі па шырокай каляіне можа прайсці толькі 12 пар цягнікоў (12 у адзін і 12 у другі бок). Апрача таго, максімальная нагрузка аднаго саставу складае да 5 000 тон. Гэта значыць, што на перавозку па згаданым маршруце 20 мільёнаў тон украінскага збожжа спатрэбіцца амаль год.

На мінулым тыдні на чыгуначнай станцыі «Замасць Бартатычы» ў Люблінскім ваяводстве, на Шырокакалейнай металургічнай чыгуначнай лініі, прыватная лагістычная кампанія Laude Smart Intermodal афіцыйна адкрыла свой новы перагрузачны тэрмінал, дзякуючы якому перавозка тавараў з Украіны будзе значна хутчэйшай. Інвестыцыя каштавала 30 мільёнаў злотых і была падтрыманая Еўрасаюзам.

Тэрмінал Laude — гэта сапраўдная рэвалюцыя ў арганізацыі транспарту. Ён зможа прымаць да 10 цягнікоў у суткі.

Як працуе новы тэрмінал? Цягнік уязджае ў яго па шырокай каляіне. У сярэдзіне, з дапамогай спецыяльных кранаў, кантэйнеры са збожжам і іншымі таварамі перагружаюцца на склад са звычайнай еўрапейскай каляінай. Дзякуючы кантэйнерам усё праходзіць у некалькі разоў хутчэй, чым у выпадку з т. зв. перагрузкі з вагона ў вагон, паведамляе Gazeta Wyborcza.

Паводле Польскага Радыё