Bloomberg: Пуцін можа прыняць рашэнне аб прымяненні ядзернай зброі ва Украіне
Суразмоўцы Bloomberg, блізкія да Крамля, заявілі, што для Пуціна адзіным зыходам, горшым, чым працяг вайны, было б паражэнне ў ёй. Кіраўнік РФ у якасці «крайняй меры» можа прыняць рашэнне аб прымяненні тактычнай ядзернай зброі ва Украіне. Ідуць 1646-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 229 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 27 жніўня.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 28 атак у раёнах населеных пунктаў Канстанцінаўка, Іллінаўка, Навасёлаўка, Русін Яр, Новае Шахава і ў бок Мікалаеўкі.
На Пакроўскім кірунку расійцы здзейснілі 31 атаку ў бок населеных пунктаў Біліцкае, Васільеўка, Сяргееўка, Святлое, Новы Донбас, Мірнае, Філія, Навапаўлаўка і ў раёнах Удачнага, Навааляксандрэўкі й Маладзецкага.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім), і Паўднёва-Слабажанскім кірунках зафіксавана па 10 баявых сутыкненняў на кожным.
На Гуляйпольскім кірунку расійцы атакавалі дзевяць разоў, на Ліманскім кірунку — сем разоў.
* * *
У Падольскім і Шаўчэнкаўскім раёнах Кіева зафіксавана падзенне абломкаў ракет і дронаў, якімі РФ атакавала сталіцу Украіны ўначы.
Расійскія войскі ў ноч на 27 жніўня нанеслі ўдары па Запарожжы, у выніку чаго трое чалавек атрымалі раненні.
Вечарам 26 жніўня расійскія войскі атакавалі Роменскую грамаду ў Сумскай вобласці: загінула 66-гадовая жанчына, чацвёра чалавек пацярпелі.
У Крывым Розе ў выніку расійскай ракетнай атакі двума балістычнымі ракетамі пашкоджана прамысловае прадпрыемства горада. Два чалавекі атрымалі раненні.
* * *
* * *
У цяперашні час усе асноўныя расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы «Лукойла» не працуюць. Пермскі нафтаперапрацоўчы завод спыніў працу пасля атакі дронаў 21 жніўня, а Валгаградскі — 31 ліпеня. Ніжагародскі НПЗ «Лукойл-Ніжагароднафтааргсынтэз» у Расіі 26 жніўня прыпыніў перапрацоўку сырой нафты пасля атакі ўкраінскага дрона, піша Reuters са спасылкай на крыніцы ў галіне.
Як адзначае выданне, Ніжагародскі НПЗ — гэта чацвёрты па велічыні нафтаперапрацоўчы завод у РФ і другі па аб'ёмах вытворчасці бензіну. Крыніцы Reuters паведамілі, што ў выніку атакі дрона былі пашкоджаны некалькі тэхналагічных установак, міжцэхавая інфраструктура і агульназаводскія аб'екты.
Яны не змаглі сказаць, колькі часу спатрэбіцца для ліквідацыі пашкоджанняў і аднаўлення перапрацоўкі на заводзе.
* * *
Расія рыхтуецца ўзмацніць інтэнсіўнасць удараў балістыкай па Украіне, паколькі перамовы аб заключэнні мірнага пагаднення зайшлі ў тупік, піша Bloomberg са спасылкай на трох асоб, блізкіх да Крамля.
«У цяперашні час Расія разглядае магчымасць узмацнення магутных удараў балістычнымі ракетамі па Кіеве, у прыватнасці па цэнтры сталіцы, і аб'ектах інфраструктуры ў іншых украінскіх гарадах», — адзначылі гэтыя суразмоўцы, якія папрасілі не называць іх імёнаў з-за далікатнасці пытання.
Па іх словах, усе спробы перамоў фактычна пацярпелі крах, і бакі канфлікту вярнуліся да зыходнай кропкі. Кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін не спыніць вайну пад эканамічным ціскам санкцый і ўкраінскіх атак на расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы і лагістычныя сеткі.
«Масква ўсё часцей разглядае ўкраінскія ўдары як атакі краін НАТА, паколькі члены альянсу пастаўляюць Кіеве зброю і разведданныя, адзначылі крыніцы. Яны дадалі, што цяперашняя фаза баявых дзеянняў не з'яўляецца пікам ваеннай эскалацыі», — піша Bloomberg.
Па словах асоб, блізкіх да Крамля, у цяперашні час усё больш расійскіх чыноўнікаў прыходзяць да высновы, што Пуцін у канчатковым выніку можа прыняць рашэнне аб прымяненні тактычнай ядзернай зброі ва Украіне ў якасці крайняй меры.
«У апошні час у Маскве ўзмацніліся галасы "ястрабаў", якія выступаюць за такі крок. Такая экстрэмальная рэакцыя лічыцца магчымай, паколькі для Пуціна адзіным зыходам, горшым, чым працяг вайны, было б паражэнне ў ёй», — піша Bloomberg, пры гэтым дадаючы, што «пакуль няма ніякіх прыкмет таго, што Расія рыхтуецца прымяніць ядзерную зброю ва Украіне».
* * *
Дырэктар ЦРУ ЗША Джон Рэдкліф падчас неанансаванага візіту ў Маскву папярэдзіў расійскае кіраўніцтва аб недапушчальнасці нападу на краіны НАТА, паведамляюць The Wall Street Journal і Politico са спасылкай на дасведчаныя крыніцы.
Рэдкліф папярэдзіў Маскву адносна магчымых дзеянняў супраць краін Альянсу, якія мяжуюць з Расіяй, — Эстоніі, Латвіі і Літвы. Раней неаднаразова паведамлялася, што кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін можа прыбегчы да «праверкі альянсу на трываласць» з дапамогай новага нападу — на гэты раз на адну з краін-членаў.
Прадстаўнік Крамля заявіў, што Пуцін не сустракаўся з Рэдкліфам, а кіраўнік ЦРУ знаходзіўся ў Маскве для «кантактаў са спецслужбамі».
У лістападзе 2021 года дырэктар ЦРУ Уільям Бэрнс наведаў Маскву, каб папярэдзіць Крэмль аб недапушчальнасці ўварвання ва Украіну. Менш чым праз чатыры месяцы Расія пачала паўнамаштабную вайну.
* * *
Сенатар ЗША Рычард Блюменталь заявіў, што спадзяецца на прыняцце Палатай прадстаўнікоў законопраекта аб маштабных санкцыях супраць Расіі ўжо ў наступным месяцы, піша Reuters.
Па словах Блюменталя, дакумент мае значную падтрымку сярод рэспубліканцаў у Палаце прадстаўнікоў. Законапраект павінен стаць магутным інструментам ціску на расійскага кіраўніка Уладзіміра Пуціна.
«Пуцін разумее толькі сілу. А законапраект аб санкцыях супраць Расіі — гэта кавалда, якая валодае такой сілай, якую разумее Пуцін», — сказаў Блюменталь
Дакумент прадугледжвае санкцыі супраць чыноўнікаў Расіі, і надае прэзідэнту ЗША Дональду Трампу магчымасць ўсталёўваць пошліны да 100% для найбуйнейшых пакупнікоў расійскай нафты і газу. Такі механізм павінен скараціць даходы, якія Масква атрымлівае ад экспарту энерганосьбітаў і выкарыстоўвае для вайны супраць Украіны.