Данбас супраць Майдану?
Сённяшняя сітуацыя ва Украіне нагадвае падзеі 2004 года з той розніцай, што жыхары ўсходу Украіны вельмі неактыўна падтрымліваюць Януковіча. Пра рэакцыю на Еўрамайдан у вотчыне Партыі рэгіёнаў журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з данецкім прафсаюзным актывістам Іванам Сурынам.
— Як адрэагаваў Данбас на навіны з Кіева?
— Галоўным чынам актыўнічае дэпутацкі корпус і дырэктарат. Практычна ўсе саветы буйных гарадоў асудзілі правакатараў у сталіцы і падтрымалі «Беркут» на Майдане 30 лістапада. Такія ж рэзалюцыі прынялі сходы бюджэтнікаў розных заводаў і шахтаў. Зноў у прэсе можна пачуць, што «яны майданяць, а Данбас працуе». Пры гэтым тэксты палітыкаў часта вельмі радыкальныя. Самым гучным стаў выраз Міколы Загарулькі з аблсавету. Ён закляйміў Майдан, паколькі гэта Еўропа, а Еўропу трэба баяцца, бо ў адзін цудоўны дзень дырэктарам у вашай фірме або на заводзе можа стаць мужчына з фарбаванымі вуснамі.
— Падаецца, што крытыка Еўрамайдану пераходзіць у крытыку Еўропы, або, дакладней сказаць, у канвеер негатыўных штампаў пра ЕС?
— Так. І менавіта таму людзі больш асцярожна ставяцца да словаў улады. Справа ў тым, што месяц не прайшоў, як чыноўнікі і Партыя рэгіёнаў казалі адваротнае. Абяцалі, што пасля далучэння Украіны да ЕС, за што мы павінны быць удзячныя Януковічу, на ўсіх нас абрынецца мана нябесная. Такі кантраст у прамовах вертыкальшчыкаў, натуральна, выклікае недавер. Аднак галоўная прычынай пасіўнасці, я лічу, — вынікі сацыяльна-эканамічнага курсу ўраду Партыі рэгіёнаў. Відавочна, што «пакрашэння» (паляпшэнне), пра якое шмат кажуць улады, мала хто заўважыў у нашым краі. Ёсць наварочаны цэнтр Данецку, аднак, калі ад’ехаць ад вуліцы імя Арцёма (цэнтральная вуліца гораду), пабачыш тыповы сумны пейзаж: прамысловасць ляжыць, усё парэзана на метал, закінутыя пяціпавярховікі, адсутнасць дарог. Заробак у 250 долараў лічыцца прыстойным. Прычым адказнасць за гэта нясуць людзі, якія пад рознымі партыйнымі шыльдамі, кантралююць край аж з 1991 года. Яшчэ больш непакоіць людзей росквіт карупцыі. Данбас — галоўны пастаўшчык навін пра тое, як дзеці нейкіх нуварышаў нарабілі крыміналу і пасля выйшлі сухімі з вады. Вельмі часта ў малых гарадах мафія практычна падмяніла ўладу.
— Ці магчымае паўтарэнне збораў дэпутатаў рэгіянальных узроўняў падчас аранжавай рэвалюцыі, на якім была абвешчана ідэя стварэння аўтаноміі краю?
— Пакуль Януковіч больш-менш кантралюе цэнтральную вертыкаль, думаю, усё абмяжуецца дзяжурнымі рэзалюцыямі ў падтрымку «Беркута». Калі стане зразумела, што Кіеў не ўтрымаць, выключаць такога дэмаршу нельга. Аднак відавочна, што за 9 гадоў Данбас больш інтэграваўся ў агульнаўкраінскі працэс. Ужо нікога не шакуе, калі дэпутат з Данбасу размаўляе па-ўкраінску, хаця расійская мова тут дамінуе. Пасля перамогі Януковіча шмат прадстаўнікоў данецкага клану былі накіраваныя на кіраўнічыя пасады ў розныя рэгіёны Украіны. Данецкая моладзь глядзіць украінскае MTV і ходзіць на матчы ўкраінскага чэмпіянату. Таму калі такія зборы і адбудуцца, то толькі ў якасці нейкага тактычнага манеўру, каб шантажаваць праціўніка, дабіцца нейкіх умоў і павялічыць давер да сябе ў вачах рускамоўных. Спроба стварэння нейкай асобнай дзяржавы магчымая выключна пад дахам Масквы. Гэта будзе другое Прыднястроўе і, адпаведна, заняпад клана Ахметава.
— З іншага боку, маштаб акцый у падтрымку Еўрамайдану ў Данбасе не вельмі вялікі.
— Максімальна апазіцыянерам удавалася выводзіць на вуліцы каля 500 чалавек. Дэлегацыя з Данецку, якая адправілася на Майдан, таксама не вельмі вялікая. Часткова ў гэтым вінаватыя і арганізатары Еўрамайдану. Відавочна, што ніякай распрацаванай канцэпцыі працы з Поўднем і Усходам у апазіцыі няма. На старонках аранжавай прэсы папулярны міф пра тое, што Данбас — гэта рэзервацыя савецкай культуры. У дадатак усе памятаюць, што аднымі з самых папулярных слоганаў апазіцыі былі і застаюцца: «Спасибо жителям Донбаса за президента п…са», «Хопіць карміць Данбас» і г.д. Гэта выклікае ў жыхароў краю натуральны недавер да праціўнікаў Януковіча.
З іншага боку, палітычнае жыццё за час татальнага дамінавання ў вобласці Партыі рэгіёнаў дэградавала. Усялякае праяўленне палітычнага нонканфармізму ва ўмовах, калі ўсё кантралюецца бела-блакітнымі, небяспечнае. Нават калі размова ідзе пра смешныя бытавыя праблемы, накшталт падаткаў з месцаў прыватных прадпрымальнікаў на рынках. Само слова «палітыка» пачало асацыявацца шмат у каго са стаяннем на мітынгах за грошы.
— Што ўяўляе сабой апазіцыя Януковічу на яго радзіме? Напрыклад, дасюль памятныя часы, калі Данбас быў сталіцай шахцёрскага руху, які нават навязваў сваю пазіцыю Кіеву.
— Тыя часы даўно прайшлі. Прафсаюзы (у тым ліку незалежныя) упісаны ў сістэму ўлады. Вельмі часта менавіта яны выконваюць задачу пастаўкі шахцёраў на мітынгі Партыі рэгіёнаў. Затое захаваліся адносна моцныя структуры Кампартыі, якая, як вядома, апошнім часам спрабуе перахапіць у Партыі рэгіёнаў імідж палітычнай сілы, якая найбольш заўзята і паслядоўна змагаецца за далучэнне Украіны да МС. Ёсць і філіялы трох вядучых апазіцыйных партый, аднак пра іх дзейнасць можна даведацца выключна з прэс-рэлізаў. Часткова гэта тлумачыцца тым, што выбарчыя камісіі фармуюцца пад пільным вокам функцыянераў Партыі рэгіёнаў і шансаў трапіць у заканадаўчыя органы ў апазіцыі вельмі мала. Больш шансаў маюць незалежныя грамадзянскія актывісты. Яны прысутныя, напрыклад, у гарсавеце Марыупаля. Праўда, такі расклад можна патлумачыць і тым, што лідары апазіцыі таксама не вельмі цікавяцца нашым рэгіёнам. Адпаведна, сярод тутэйшых апазіцыянераў папулярна практыка паездак на акцыі апазіцыі ў Кіеў.
— Што можа чакаць Данбас у выпадку перамогі апазіцыі?
— Самае горшае — паўторыцца 2004 год. Кіеў проста не будзе звяртаць увагі на Данецк. Клан Ахметава ўвесь час фінансуе нейкія апазіцыйныя структуры, каб перастрахавацца на будучыню і забяспечыць сабе індульгенцыю. Па сутнасці ніхто на Еўрамайдане і не патрабуе канфіскацыі таго, што нарабавалі нашы алігархі. Максімум, патрабуюць пераглядзець вынікі прыватызацыі, што зрабіла сям’я Януковіча. Аднак хочацца быць аптымістам. Так ці інакш Майдан выклікаў спантанную хвалю росту грамадзянскай свядомасці. Гэта можна пабачыць нават у Данбасе, дзе людзі пачалі патрабаваць да сябе большай павагі ў маршрутках, на рынках, падчас размоў з міліцыянтамі. Калі на хвалі абуджэння гонару людзі пачнуць задаваць сабе простыя пытанні — хто вінаваты ў дэградацыі Данбаса, гэта ўжо створыць умовы для разбурэння цяперашняй мадэлі палітыкі.