Дарадца прэзідэнта Украіны тлумачыць выбухі ў Расіі «божым умяшаннем у справы грэшнікаў»
Дарадца прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк пракаментаваў інфармацыю пра выбухі ў Расіі.
«Белгарадская, Варонежская, Курская вобласці цяпер таксама пачынаюць актыўна вывучаць такое паняцце, як “дэмілітарызацыя”. Раззбраенне. У гэтых расійскіх абласцях перыядычна гараць буйныя паліўныя базы, якія забяспечваюць палівам бронетэхніку арміі РФ, і выбухаюць склады боепрыпасаў. Па розных прычынах. І робяць гэта ўсё больш актыўна і больш упэўнена» — напісаў ён у Тэлеграм.
«Як гэта растлумачыць? Вельмі проста. Калі вы (рускія) вырашылі масава атакаваць іншую краіну, масава забіваць там усіх запар, масава ціснуць танкамі мірных людзей, а для забеспячэння забойстваў карыстаецеся складамі ў сваіх абласцях, то рана ці позна даўгі прыйдзецца вяртаць. Пры такой інтэнсіўнасці і аб'ёме расійскага ваеннага ўварвання ва Украіну адседзецца не атрымаецца. І таму раззбраенне белгарадска-варонежскіх складоў забойцаў — абсалютна натуральны, прыродны працэс. Карма — штука жорсткая», — піша Падаляк.
«І зноў жа паўтару: прычыны разбурэння ваеннай інфраструктуры прыгранічных абласцях могуць быць зусім рознымі. Аж да... божага ўмяшання ў справы грэшнікаў, якія ў Страсны тыдзень масава забівалі людзей ва ўкраінскім Марыупалі», — адзначае ён.