Дэмілітарызацыя: Украіна атрымае новыя ракетныя тэхналогіі

Украіна святкуе Дзень незалежнасці, і ў падарунак можа атрымаць тэхналогіі па вытворчасці ракет вялікай дальнасці Scalp, прычым, без абмежаванняў па мадэрнізацыі. У гэты ж час Украіна пачала атакі на Ozon, а Пуцін прызнае «бензінавы крызіс» у РФ. Ідуць 1643-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ракета "Фламінга". Фота з ria.ru

Ракета "Фламінга". Фота з ria.ru

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 231 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 24 жніўня.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 35 атак у раёнах населеных пунктаў Канстанцінаўка, Іллінаўка, Тарэцкае, Софіяўка, Доўгая Балка і ў бок населеных пунктаў Сцяпанаўкі, Паўлаўкі, Русіна Яра й Вільнага.

На Пакроўскім кірунку расійцы здзейснілі 20 атак у бок населеных пунктаў Біліцкае, Новы Донбас, Святлое, Сяргееўка, Ганнаўка, Шаўчэнка, Мацяшава, Навапаўлаўка і ў раёнах населеных пунктаў Дарожнае, Удачнае.

На Купянскім кірунку адбылося 16 наступальных дзеянняў расіян ў бок Рацькаўкі і Купянска.

На Ліманскім кірунку расійцы 14 разоў атакавалі ў бок населеных пунктаў Стэпавае, Чырвоны Стаў, Дружалюбаўка, Новы Мір, Дробышава, Ліман, Навасёлаўка.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі 9 атак, на Славянскім кірунку спрынена 8 штурмаў.

* * *

У выніку расійскага ўдару па прыгарадзе Харкава ўвечары 23 жніўня, па папярэдніх даных, загінулі тры чалавекі, ёсць параненыя.

У выніку расійскай атакі беспілотнікамі ў ноч на 24 жніўня ў Канатопе Сумскай вобласці знішчаны аўтапарк, большая частка горада засталася без газу.

У ноч на панядзелак, 24 жніўня, беспілотнікі атакавалі лагістычныя цэнтры Ozon у расійскіх Краснадары, Стаўрапольскім краі і Дагестане.

* * * 

782582328_1017612201102317_204683387460998800_n.jfif

* * *

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё ад імя сваёй краіны павіншаваў народ Украіны з 35-й гадавінай незалежнасці і падкрэсліў, што Амерыка прыхільная да ўкраінскага суверэнітэту.

«Злучаныя Штаты прыхільныя да суверэнітэту Украіны і працягваюць прыкладаць намаганні для падтрымкі перамоўнага рэгулявання расійска-ўкраінскай вайны, якое забяспечыць працяглы і трывалы мір», — заявіў ён.

Дзяржсакратар ЗША дадаў, што ў гэты Дзень Незалежнасці, калі ўкраінцы шануюць гісторыю сваёй краіны і адзначаюць сваю мужнасць, інавацыйнасць і стойкасць, Злучаныя Штаты яшчэ раз падкрэсліваюць сваю «цвёрдую прыхільнасць умацаванню нашых эканамічных і абарончых сувязяў і пракладванню шляху да міру і росквіту для абодвух нашых народаў».

* * *

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Эндзі Бэрнем падчас візіту ў Кіеў з нагоды Дня Незалежнасці Украіны абвесціць пра ўзмацненне магчымасцей Украіны па вытворчасці ўласных ракет вялікай дальнасці Scalp, піша The Guardian.

Гэта будзе першы візіт Бэрнема ва Украіну ў якасці прэм'ер-міністра. Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі скарыстаецца гэтай паездкай, каб аб'явіць, што брытанскі ўрад дазволіць еўрапейскай абарончай кампаніі MBDA рассакрэціць для Украіны інфармацыю аб брытанскіх кампанентах англа-французскіх ракет Storm Shadow/Scalp, каб дапамагчы Украіне стварыць уласную версію.

Таксама Бэрнем аб'явіць у Кіеве, што Вялікабрытанія дапаможа Францыі наладзіць ва Украіне лініі зборкі ракет вялікай дальнасці, пра што ў мінулым месяцы паабяцаў французскі прэзідэнт Эманюэль Макрон.

Заява Вялікабрытаніі з'яўляецца невялікім крокам у рамках значна больш маштабнага і доўгатэрміновага праекта, які можа прывесці да таго, што праз некалькі гадоў Украіна пачне вырабляць уласныя дальнабойныя версіі крылатай ракеты Storm Shadow.

* * *

Па даных The Wall Street Journal, у ліпені расійскія вайскоўцы правялі ў Калінінградскай вобласці РФ вучэнні па мабілізацыі жыхароў рэгіёна.

Як паведамілі выданню прадстаўнікі заходніх разведвальных службаў, гэтыя вучэбныя мерапрыемствы ў Калінінградскай вобласці — толькі адны з многіх, што праводзяцца па ўсёй Расіі на выпадак абвяшчэння мабілізацыі. Крыніцы адзначылі, што Крэмль яшчэ не прыняў рашэнне аб рэалізацыі такіх мер і, верагодна, не прыме яго да заканчэння парламенцкіх выбараў у канцы верасня, аднак рашучасць расійскага лідара Уладзіміра Пуціна захапіць увесь Данбас можа прымусіць яго пайсці на гэты крок.

Як піша выданне, на працягу апошніх месяцаў Маскве не ўдалося набраць дастатковую колькасць новых ваенных, каб за папоўніць страты ад загінулых і параненых на полі бою, у той час як прасоўванне ўкраінскіх беспілотнікаў «скараціла сярэднюю працягласць жыцця расійскага салдата на фронце да лічаных хвілін, дзён або тыдняў».

Праблемы з асабовым складам могуць не пакінуць Пуціну іншага выбару, акрамя як аб'явіць новую хвалю мабілізацыі, заявілі амерыканскія і еўрапейскія чыноўнікі.

* * *

Праблемы з палівам у Расіі сапраўды ёсць, але за іх рашэнне адказны кабінет міністраў на чале з прэм'ер-міністрам Міхаілам Мішусціным, заявіў Уладзімір Пуцін, паведамляе Тэлеграм-канал «Зарубін».

Па словах кіраўніка Расіі, для ўрэгулявання сітуацыі была створана спецыяльная камісія, якая ўжо працуе над праблемай. Чым канкрэтна займаецца гэтая камісія, Пуцін не растлумачыў.

Расійскі дыктатар не захацеў прызнаваць дэфіцыт бензіну ў РФ сур'ёзным крызісам, нягледзячы на тое, што ён ахапіў больш за 70% расійскіх АЗС. Пуцін пачаў сцвярджаць, што для насельніцтва гэта толькі «пэўныя нязручнасці», а кантраляваць сітуацыю павінен урад.

Згодна з апошнімі данымі, абмежаванні на продаж бензіну дзейнічалі ў 63 з 85 рэгіёнаў краіны. Яшчэ ў 19 рэгіёнах фіксавалі лакальныя перабоі з палівам або павышэнне яго кошту.

Напярэдадні віцэ-прэм'ер РФ Аляксандр Новак паведаміў аб «другім этапе напружанасці» на паліўным рынку Расіі. Сітуацыя на расійскім паліўным рынку пачала пагаршацца пасля новай серыі ўкраінскіх атак на НПЗ.