Другі бок эпідэміі
Гісторыю чалавецтва нельга разглядаць асобна ад гісторыі хваробаў. Наступствамі кожнай вялікай эпідэміі былі змены ў шматлікіх сферах грамадскага жыцця, часам нават пазітыўныя.
Гісторыю чалавецтва нельга разглядаць асобна ад гісторыі хваробаў. Наступствамі кожнай вялікай эпідэміі былі змены ў шматлікіх сферах грамадскага жыцця, часам нават
пазітыўныя.
У 2002 годзе Сусветная арганізацыя здароўя прыйшла да высновы, што інфекцыйныя хваробы становяцца прычынай 22 працэнтаў смерцяў у сучасным свеце. А ў бедных краінах Поўдня працэнт яшчэ большы. У
Афрыцы і Лацінскай Амерыцы 50 працэнтаў усіх смерцяў звязаныя з інфекцыйнымі хваробамі (для параўнання, у індустрыяльна развітых краінах толькі 5–10 працэнтаў). Праўда, радавацца жыхарам ЗША
і Еўропы занадта рана. Ва ўмовах глабальнага пацяплення трапічныя хваробы стануць звычайнай з’явай у краін, якія ляжаць ва ўмераных шыротах.
Што тычыцца эканамічнага ўрону ад эпідэмій, то тут нават цяжка назваць лічбу. Відавочна, што яна папросту астранамічная. Дастаткова згадаць падлікі, якія прывяла Амерыканская акадэмія педыятрыі.
Нават самая нязначная хвароба дзіцяці каштуе амерыканскай сям’і 1235 долараў (падзенне працаздольнасці бацькоў, лекі, вітаміны, дадатковыя сродкі і час на розныя прафілактычныя
мерапрыемствы). Эпідэмія птушынага грыпу 2003 года, якой перабалела ўсяго 7 тысяч чалавек, каштавала 30 мільярдаў долараў ЗША.
Аднак эпідэміі выклікаюць не толькі смерць і гора. Напрыклад, эпідэмія воспы, якая выбухнула ў персідскай арміі ў 480 годзе да нашай эры (яе ахвярай стаў таксама цар Ксеркс), дазволіла Грэцыі
захаваць незалежнасць і развіваць сваю культуру і інстытуты дэмакратыі, што ў перспектыве аказала каласальны ўплыў на ўсю сусветную цывілізацыю.
А вось гэтак званая «чума Юсцініяна», наадварот, падрыхтавала глебу для заняпаду рымскай цывілізацыі. Хвароба з’явілася ў сярэдзіне VI стагоддзя ў Эфіопіі або ў Егіпце.
Адсюль яна распаўсюдзілася па большай частцы Візантыі і іншых краін рэгіёну. За 50 гадоў ад яе памерла прыблізна сто мільёнаў чалавек. Толькі ў Канстанцінопалі вымерла 40 працэнтаў насельніцтва.
Другая хваля чумы, якая прыйшлася на канец стагоддзя, пайшла далей на Захад. Яна забрала жыцці 25 мільёнаў чалавек. Як вынік, Італія абязлюдзела і хутка стала лёгкай здабычай
варвараў-германцаў.
Старадаўні Рым таксама вельмі моцна пацярпеў у палітычным плане ад так званай «чумы Антаніяна». Гаворка ідзе пра воспу, якую завезлі ў Італію легіянеры, што вярталіся з усходніх
паходаў. Воспа забіла 5 мільёнаў чалавек, і ў тым ліку імператара і выбітнага філосафа Марка Аўрэлія.
У сярэдзіне XIV стагоддзя свет ахапіла эпідэмія «чорнай смерці» — чумы, якая забрала ў магілу трэцюю частку насельніцтва Азіі і чвэрць або палову (ёсць розныя думкі на гэты
конт) еўрапейцаў. Агульная колькасць памерлых вымяраецца лічбай 140–150 мільёнаў чалавек. Палітычнай рэакцыяй на катастрофу стала хваля сацыяльных выступаў — Жакерыя ў Францыі,
паўстанне Уота Тайлера ў Англіі, бунт гараджан у Фларэнцыі.
Але, як адзначаюць гісторыкі, ускосным наступствамі той эпідэміі стала бурнае развіццё еўрапейскай цывілізацыі. Паколькі рабочых рук стала менш, давялося плаціць працоўным больш. З’явіўся
сярэднявечны сярэдні клас, правобраз буржуазіі. Страх перад новымі хваробамі садзейнічаў папулярызацыі гігіены цела. «Чорная смерць» таксама падштурхнула пачатак эпохі геаграфічных
адкрыццяў. Лічылася, што перац, гваздзіка эфектыўна дапамагаюць у барацьбе з чумой. Багацеі ахвотна ўкладалі грошы ў замежныя экспедыцыі за падобнымі спецыямі.
Асабліва трэба адзначыць ролю эпідэмій у развіцці медыцыны. Напрыканцы ХІХ стагоддзя ў розных
партах свету былі зафіксаваныя ўспышкі чумы. Вірус перадавалі карабельныя пацукі. Аднак на гэты раз эпідэмія чумы стала пачаткам яе канца. Урады шматлікіх краін уклалі каласальныя сродкі ў медыцыну.
У выніку ў 1894 годзе быў выяўлены ўзбуджальнік чумы, а пазней адкрыты сродак барацьбы з хваробай.
Некалькі пандэмій халеры, якія прайшліся ў ХІХ стагоддзі па Еўропе, прымусілі нават арыстакратаў выступаць за бясплатную медычную дапамогу насельніцтву. Важным наступствам эпідэмій было стварэнне
сеткі міжнародных арганізацый гуманітарнай і медычнай дапамогі (таварыства Чырвонага крыжа, Сусветная арганізацыя аховы здароўя).
Часам эпідэміі былі прычынамі змены рэлігійных настрояў. Так, чума на Кіпры ў 250–271 гадах прывяла да масавага пераходу людзей у хрысціянства. Эпідэмія воспы ў Японіі (VIII–IX
стагоддзе) садзейнічала трыумфальнай экспансіі будызму.
Узняла ролю царквы эпідэмія сіфілісу ў XV стагоддзі. З Новага Свету ў Еўропу трапіла Treponema pallidum. Эпідэмія стала бічом для кантыненту. Аднак аўтарытэт рэлігіі ў грамадстве павысіўся, паколькі
існавала перакананне, што хварэюць на сіфіліс перш за ўсё грэшнікі. Дарэчы, лічыцца, што не столькі канкістадоры, колькі невядомыя жыхарам Новага Свету хваробы знішчылі 80 працэнтаў індзейцаў у
першых іспанскіх калоніях. Калі б гэтага не было, то, як піша гісторык Майкл Олдстоўн, свет выглядаў бы сёння абсалютна інакш. Іспанцы спакойна б эксплуатавалі тых індзейцаў, не мелі б матывацыі
ваяваць з індзейскімі дзяржавамі Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі і завозіць рабоў з Афрыкі.
Нарэшце, трэба прызнаць, што наступствамі эпідэмій звычайна быў выбух ксенафобіі на адрас якіх-небудзь нацыянальных і культурных меншасцяў. Іх прадстаўнікоў абвінавачвалі ў тым, што менавіта яны былі
віноўнікамі хваробы. У Еўропе, напрыклад, «крайнімі» рабілі яўрэяў і цыган. У прынцыпе, такія клішэ захаваліся і па сённяшні дзень. Памятаеце, у 1980-я гады хадзіў міф, што СНІД
перадаецца выключна гомасексуалістам.