Еўракамісар: Напад Расіі на адну краіну-члена ЕС будзе расцэньвацца як напад на ўвесь Саюз

Еўропа заўважыла пагрозы Расіі краінам Балтыі, і не збіраецца пакідаць іх без адказу. Расія па-ранейшаму мае напалеонаўскія планы ва Украіне, якім наўрад ці наканавана ажыццявіцца. А Спецтрыбунал па расійскай агрэсіі дапаўняецца новымі чальцамі. Ідуць 1505-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

537154875_1121691610143916_3239487825909379734_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 170 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 8 красавіка.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 32 атакі паблізу Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Іллінаўкі, Сцяпанаўкі, Іванаполля, Русінага Яру, Сафіеўкі.

На Пакроўскім і Гуляйпільскім кірунках УСУ спынілі па 26 штурмавых дзеянняў расіян на кожным.

На Аляксандраўскім кірунку расійцы 12 разоў атакавалі у раёнах Сасноўкі, Андрэеўкі-Кляўцова, Калінаўскага, Вербавага, Січневага.

На Славянскім кірунку абаронцы Украіны спынілі дзевяць атак расіян, на Купянскім адбылося сем боесутыкненняў

* * *

Расія плануе стварыць новую буферную зону ў памежжы з Украінай — у Вінніцкай вобласці з боку непрызнанага Прыднястроўя, заявіў намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта, брыгадны генерал Павел Паліса ў інтэрв’ю РБК-Украіна.

«Расіяне ўвесь час змяняюць свае планы, перш за ўсё — дэдлайны для іх выканання. Безумоўна, асноўная іх увага сёлета будзе засяроджана на Данбасе. Пры спрыяльных умовах яны будуць нарошчваць намаганні і на Паўднёвым кірунку — гэта Аляксандраўскі і ўвесь Запарожскі кірунак», — адзначыў Паліса.

Паводле яго слоў, у расіян застаецца ў планах стварэнне буфернай зоны ў Харкаўскай, Сумскай і Чарнігаўскай абласцях. Таксама яны не адмовіліся ад стварэння ўмоў для спробы захапіць Запарожжа і Херсоншчыну і ў доўгатэрміновай перспектыве рэалізаваць свае агрэсіўныя амбіцыі па захваце Мікалаеўскай і Адэскай абласцей.

«У іх у планах нават з’явіўся пункт па стварэнні буфернай зоны ў Вінніцкай вобласці з боку непрызнанага Прыднястроўя», — дадаў намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта. Ён падкрэсліў, што планы такога характару зафіксаваныя ўпершыню.

«Адкрыта кажу, што панікаваць тут не варта, бо на гэты момант я не бачу ў іх сіл для рэалізацыі ўсіх гэтых намераў», — падкрэсліў Паліса.

* * *

У ноч на 8 красавіка Расія атакавала Украіну 176 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера, Італмас і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 146 БпЛА.

У ноч на 8 красавіка Расія атакавала Днепрапятроўскую вобласць дронамі і ракетай. У Паўлаградскім раёне расіяне пашкодзілі прадпрыемства, у Крыварожскім раёне пашкоджана інфраструктура. Людзі не пацярпелі.

У Адэскай вобласці ў выніку атак пацярпела цывільная і партовая інфраструктура, інфармацыя пра пацярпелых не паступала.

Расійская армія ўдарыла па пасёлку Балабіна ў Запарожскім раёне, загінуў чалавек, ёсць параненыя, разбураны жылыя дамы. У Запарожжы паранена 47-гадовая жанчына.

Расійскія войска дронам патрапілі ў жылы дом у Роменскай грамадзе Сумскай вобласці, загінуў 42-гадовы мужчына. Пацярпелі і сваякі загінулага.

* * *

З расійскага тэрмінала «Шэсхарыс» у чарнаморскім порце Наварасійск прыпынілі загрузку сырой нафты пасля масіраванай атакі дронаў і пажару, піша Reuters.

Паводле слоў крыніц, порт яшчэ не ацаніў маштаб шкоды. Папярэдняя атака на тэрмінал «Шэсхарыс» у пачатку сакавіка прывяла да прыпынення загрузкі на пяць дзён.

Гэты тэрмінал звычайна загружае 700 тысяч барэляў нафты ў дзень. Ён з’яўляецца галоўным пунктам экспарту расійскай нафты ў Чорным моры. Па даных Reuters, экспарт нафты з галоўнага балтыйскага порта Расіі Усць-Луга таксама прыпынены з мінулага тыдня пасля магутных удараў і пажараў.

* * * 

663222637_1304068305239578_727366011313108182_n.jfif

* * *

Украінскія вайскоўцы далучыліся да кансультацый па далейшай рабоце Армузскага праліва, заявіў у вячэрнім звароце прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Паводле слоў Зяленскага, украінскія вайскоўцы ўдзельнічаюць у абмеркаванні таго, як далей будзе функцыянаваць Армузскі праліў. Ён падкрэсліў, што бяспечнае мараплаўства з’яўляецца глабальнай каштоўнасцю, і Украіна мае адпаведны вопыт абароны ў Чорным моры.

«Украінская экспертыза спрацавала, усё гэта прызнаюць. Як вынік — ёсць доўгатэрміновыя дамоўленасці аб супрацоўніцтве ў сферы бяспекі», — падкрэсліў ён.

Наступныя тыдні, паводле слоў Зяленскага, будуць прысвечаны рабоце з еўрапейскімі партнёрамі: сумесным вытворчасцям, мадэрнізацыі абароны, праграмам фінансавання і каардынацыі дзеянняў па бяспецы.

* * *

Нарвегія афіцыйна выказала намер далучыцца да Пашыранага частковага пагаднення аб Кіраўнічым камітэце Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны, паведаміла намесніца Офіса прэзідэнта Украіны Ірына Мудра на сваёй старонцы ў Facebook. Яна выказала ўдзячнасць за падтрымку з боку Осла.

«Гэта сапраўды важная навіна для Украіны — і яшчэ адзін моцны сігнал, што справядлівасць не стаіць на месцы, а ўпэўнена рухаецца наперад. Кожнае такое рашэнне набліжае стварэнне Спецыяльнага трыбунала, які павінен забяспечыць адказнасць за злачынства агрэсіі супраць Украіны...

Асабліва цэнім гатоўнасць Нарвегіі быць сярод дзяржаў-заснавальніц Спецыяльнага трыбунала. Гэта не проста жэст падтрымкі — гэта канкрэтны ўклад у тое, каб правасуддзе стала реальносцю», — гаворыцца ў яе паведамленні.

Нарвегія стала 15-й краінай, якая афіцыйна пацвердзіла гатоўнасць далучыцца да стварэння Спецтрыбунала.

* * *

Прадстаўнік Еўракамісіі Тома Рэнье пасля пагроз Расіі ў адрас дзяржаў Балтыі заявіў, што напад на адну краіну-члена ЕС будзе расцэньвацца як напад на ўвесь Саюз.

Такую заяву Рэнье зрабіў, адказваючы на пытанне аб пагрозах Расіі балтыйскім дзяржавам з-за «прадастаўлення Украіне неба для ўдараў па тэрыторыі РФ», што і Украіна, і краіны Балтыі адмаўляюць.

«Напад на адну з нашых дзяржаў-членаў — гэта напад на ЕС у цэлым», — падкрэсліў ён.

У той жа час ён адзначыў, што ў Еўракамісіі «бачылі паведамленні ў СМІ» пра такія пагрозы з боку Расіі.

Рэнье нагадаў пра чатыры ініцыятывы, накіраваныя на абарону дзяржаў-членаў ЕС ад знешняга ўмяшання. Сярод іх ён назваў ініцыятыву па абароне ад дронаў і «Паветраны шчыт», якія цяпер з’яўляюцца прыярытэтнымі для Еўрасаюза.