Ва Украіне пачынаюць выпрабаванні новай балістычнай ракеты, якая можа дасягнуць Масквы

«Дэмілітарызацыя» Пуціным Украіны прывяла да таго, што цяпер нашая паўднёвая суседка з'яўляецца лідарам у вытворчасці і прымяненні дронаў, і распрацавала новыя віды ўзбраення. А ў РФ ужо скардзяцца, што яны трапляюць пад удары і ад бяссілля пагражаюць суседнім краінам. Ідуць 1504-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

УКраінская ракета "Фламінга" — таксама новая распрацоўка ўкраінскага ВПК. Фота з ria.ru

УКраінская ракета "Фламінга" — таксама новая распрацоўка ўкраінскага ВПК. Фота з ria.ru

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 150 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 7 красавіка.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 31 штурм расіян ў раёнах Біліцкага, Радзінскага, Мірнаграду, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Новамікалаеўкі, Грышына і Мураўкі.

На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 19 атак у раёнах Сцяпанаўкі, Клебан-Быка, Плешчыеўкі, Русінага Яру і іншых.

На Аляксандраўскім кірунку армія РФ атакавала 13 разоў у раёнах Іванаўкі, Мірнага, Калінаўскага, Прыволля, Вербавага, Злагоды, Аляксандраграду.

На Гуляйпольскім кірунку адбылося 11 атак у раёнах Аленаканстанцінаўкі, Чароўнага і ў бок Святапятроўкі, Залізнічнага, Прылук.

На Купянскім кірунку расійцы атакавалі восем разоў, на Ліманскім — шэсць разоў.

* * *

У ноч на 7 красавіка расійскія войскі атакавалі Украіну 110 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера, Італьмас і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 77 БпЛА.

У выніку расійскіх удараў па Днепрапятроўскай вобласці загінула 11-гадовае дзіця і пяцёра дарослых атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Ганжа ў Telegram.

У выніку ўдару па нафтаналіўным тэрмінале «Шэсхарыс» марскога порта «Наварасійск» у Краснадарскім краі РФ пашкоджаны 6 з 7 нафтавіліўных стэндэраў, праз якія ажыццяўляецца загрузка і разгрузка нафты з танкераў. Таксама зафіксавана трапленне па наземнай інфраструктуры тэрмінала: пад удар патрапілі вузлавы блок трубаправоднай сістэмы і вузел уліку нафты, паведамляе «Украінская праўда» са спасылкай на крыніцу ў Службе бяспекі Украіны.

У РФ заяўляюць пра новую атаку дронаў на Ленінградскую вобласць, нібыта было збіта 20 паветраных мэтаў. Порт Усць-Луга стаў мэтай чарговым разам. У аэрапортах Пулкава ў Санкт-Пецярбургу і Храброва ў Калінінградскай вобласці ўведзены абмежаванні.

* * *

663306864_1303326308647111_1765790030160992526_n.jpg

* * *

У расійскім МЗС папярэдзілі пра наступствы дзяржавы Балтыі за, як сцвярджае Расія, «наданне неба» для ўдараў Украіны па партах РФ на Балтыйскім моры. Прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава заявіла, што Расія «зрабіла папярэджанне» краінам Балтыі з-за нібыта дазволу выкарыстоўваць Украіне іх паветраную прастору для нанясення ўдараў па расійскай тэрыторыі.

«Калі ў гэтых рэжымаў, гэтых краін, хопіць розуму, яны прыслухаюцца. А калі не, будуць мець справу з адказам», – заявіла прадстаўніца МЗС РФ.

Як вядома, пасля першых выпадкаў трапляння ўкраінскіх беспілотнікаў, якія ляцелі атакаваць порты РФ на Балтыйскім моры, на тэрыторыю краін Балтыі, у расійскай інфармацыйнай прасторы пачалі распаўсюджваць чуткі пра тое, што гэта звязана з наданнем балтыйскімі дзяржавамі сваёй паветранай прастору для пралёту ўкраінскіх БпЛА.

У Латвіі адзначылі, што Расія пачала дэзінфармацыйную кампанію на гэту тэму, і выказалі Маскве пратэст наконт гэтага; у Эстоніі адмаўляюць расійскія абвінавачванні пра «наданне неба Украіне».

МЗС Украіны выбачылася перад партнёрамі за інцыдэнты: беспілотнікі, хутчэй за ўсё, «заблукалі» пад уздзеяннем расійскіх сродкаў РЭБ.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім звароце 6 красавіка заявіў, што УСУ гатовы спыніць удары па энергетыцы Расіі, калі расіяне пагодзяцца на люстраныя дзеянні. Прапанову Украіны праз амерыканцаў перадалі расійскаму боку.

Пры гэтым Зяленскі падкрэсліў, што ўсё, што расіяне могуць зарабіць цяпер на нафце, яны аддадуць на вайну: «Таму кожнае наша абмежаванне іх здольнасці экспартаваць нафту – правільнае».

Паводле яго слоў, з-за вайны ў Іране Расія хоча зарабіць больш, але ўкраінскія дроны і ракеты яе ў гэтым абмяжоўваюць.

* * *

У мінулым месяцы Украіна ўпершыню з пачатку поўнамаштабнай вайны апярэдзіла РФ па колькасці дронавых атак. У той жа час абедзве краіны павялічылі прымяненне беспілотнікаў і ракет, піша ABC News.

У артыкуле гаворыцца, што, паводле дадзеных Мінабароны РФ, яе СПА ў сакавіку збіла 7347 украінскіх дронаў — 237 беспілотнікаў штодня. Гаворка ідзе менавіта пра збітыя беспілотнікі, колькасць прымененых Украінай дронаў застаецца невядомай.

ABC News адзначыла, што ў сакавіку РФ усталявала новы рэкорд па маштабе паветраных атак Украіны, прымяніўшы каля 6600 дронаў і ракет.

У той жа час выданне мяркуе, што даныя за мінулы месяц сведчаць пра магчымае зрушэнне балансу сіл на карысць Украіны. Яно канстатуе, што доўгатэрміновыя намаганні Кіева па развіцці дронаў і ракет пачынаюць даваць вынік.

* * *

Украінская кампанія Fire Point, вытворца крылатай ракеты «Фламінга», знаходзіцца на завяршальнай стадыі распрацоўкі дзвюх звышгукавых балістычных ракет — FP-7 і FP-9, піша Reuters.

Сузаснавальнік і галоўны канструктар Fire Point Дзяніс Шціліерман заявіў, што меншая ракета FP-7 будзе мець далёкасць каля 300 км і можа быць упершыню прыменена ў ваенных мэтах «у найбліжэйшай будучыні». Ён апісаў яе як аналаг амерыканскай балістычнай сістэмы малой далёкасці ATACMS.

У той жа час большая ракета FP-9, здольная несці 800-кілаграмовую баявую частку на адлегласць да 850 км, неўзабаве павінна перайсці да стадыі выпрабаванняў. Шціліерман дадаў, што з'яўленне такой ракеты патэнцыйна ўключыць Маскву ў радыус паражэння ўкраінскага балістычнага арсенала.

Паводле яго слоў, удары па Маскве, якая прыкрыта адной з самых магутных сістэм супрацьпаветранай абароны ў свеце, могуць выклікаць «масавы зрух у свядомасці расіян і кіраўніцтва Расіі».

Старшы навуковы супрацоўнік Нарвежскага ўніверсітэта абароны Фабіян Гофман адзначыў, што, нягледзячы на вопыт Расіі ў перахопе ракет ATACMS, больш шырокае прымяненне балістычных ракет можа перагрузіць яе сістэму СПА, якая ўжо панесла страты ў выніку ўкраінскіх удараў.

Раней Шціліерман заяўляў, што ўкраінскія балістычныя ракет FP-7 і FP-9 павінны стаць аналагам амерыканскіх ATACMS, але будуць каштаваць мінімум удвая танней.