Еўрапейская супрацьбалістычная сістэма можа быць гатовая да сярэдзіны 2027 года

Украінская кампанія Fire Point плануе ажыццявіць першы паспяховы перахоп балістычнай ракеты да сярэдзіны 2027 года. Гэта будзе магчымым у супрацы з еўрапейскімі кампаніямі ў межах праекту Freyja. А ў Расіі назіраецца больш прыкмет наступнай мабілізацыі. Ідуць 1624-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Выпрабаванні ўкраінскай ракеты-перахопніка. Фота з 112.ua

Выпрабаванні ўкраінскай ракеты-перахопніка. Фота з 112.ua

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 259 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй  зводцы 5 жніўня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 27 атак у раёнах Радзінскага і Котліна, а таксама  ў кірунках Новааляксандўкі, Тарэцкага, Шахава, Сафіеўкі, Чарнігаўкі, Новага Данбаса, Дабраполля, Шаўчэнкі, Васільеўкі, Удачнага і Новападгораднага.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі 23 атакі ў раёнах Старыцы, Лімана, Ізбіцкага і Казачай Лапані, у кірунках Кавалёўкі, Ахрымаўкі, Чорнага, Хатняга, Мітрафанаўкі і Івашчынага.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 22 атакі ў раёнах Канстанцінаўкі, Іллінаўкі і Іванаполля, у кірунках Навасёлаўкі і Новапаўлаўкі.

На Славянскім кірунку расійцы здзейснілі 19 штурмаў у раёнах Закітнага, Крывой Лукі і Рэзнікоўкі, у кірунках Рай-Аляксандраўкі і Піскуноўкі.

На Гуляйпольскім кірунку расіяне 16 разоў атакавалі ў раёнах Гуляйпольскага, Чыгуначнага і Горкага, у кірунках Уздвіжаўкі, Цвятковага, Роўнага, Стараукраінкі, Чароўнага і Ягораўкі.

На Ліманскім кірунку армія РФ 14 разоў спрабавала прасунуцца ў раёнах Лімана, Дзібровы, Азёрнага і Ставае, у кірунках Чарнешчыны, Ольгаўкі, Шыйкаўкі і Дробышава.

* * *

У ліпені Расія ўзмацніла атакі на фронце і атакавала Украіну рэкорднай колькасцю кіраваных авіябомбаў, паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны Украіны.

«У мінулым месяцы было зафіксавана 7922 баявыя сутыкненні: у сярэднім штодня адбывалася больш за 250 баёў. Для параўнання, у чэрвені было зафіксавана 7316 баявых сутыкненняў. За ліпень вораг здзейсніў амаль 97 тысяч абстрэлаў, у тым ліку больш за 1300 — з РСЗА», — гаворыцца ў паведамленні.

У ліпені расіяне прымянілі найбольшую колькасць КАБ за ўвесь час — больш за 8300 авіяцыйных бомбаў, абсталяваных універсальнымі модулямі планавання і карэкцыі. Для параўнання, у чэрвені авіяцыя РФ скінула 8266 КАБ.

Нягледзячы на ўзмацненне расійскіх атак і высокую інтэнсіўнасць баёў, УСУ трымае абарону, падкрэслілі ў Мінабароны.

* * *

У ноч на 5 жніўня расіяне нанеслі масіраваны ўдар па Кіеўскай вобласці з прымяненнем балістычных ракет і ўдарных беспілотнікаў, у выніку чаго 14 чалавек загінулі, яшчэ 22 атрымалі раненні. Больш за ўсё ахвяр — у Броварскім раёне, дзе загінулі дзевяць чалавек.

У выніку расійскага ўдару па Кіеве вядома пра як мінімум адну загінулую і пяці пацярпелых. У Галасееўскім раёне Кіева ў выніку ракетнага ўдару адбылася ўцечка аміяку. Ратавальнікі лакалізавалі аварыю, пагрозы для насельніцтва няма.

Войскі Расіі атакавалі дзіцячую абласную клінічную бальніцу ў Запарожжы. Будынак пашкоджаны. У момант паветранай трывогі ўсе дзеці разам з медыкамі знаходзіліся ў сховішчы, пацярпелых няма.

У ноч на 5 жніўня Тульская вобласць Расіі падвергнулася атацы. Пад раніцу ў адным з населеных пунктаў вобласці ўзнік маштабны пажар на складзе Wildberries.

У OSINT-пабліках цяпер з'яўляюцца кадры, што пад атакай знаходзіцца Казань (Рэспубліка Татарстан, РФ). Што менавіта пад ударам, пакуль незразумела.

* * * 

764953767_3105623452971394_3755245668924093509_n.jfif

* * *

Украіна гатовая да любых фарматаў перагавораў, якія здольныя наблізіць справядлівы і ўстойлівы мір, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім звароце.

Па яго словах, Украіна штодня знаходзіцца ў кантакце з прадстаўнікамі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і разлічвае на актывізацыю дыпламатычных намаганняў. «Мы будзем гатовыя да ўсіх фарматаў сустрэч, разлічваем, што ў жніўні Уіткаф і Кушнер будуць актыўнымі», — падкрэсліў Зяленскі.

Ён таксама паведаміў, што працягваецца ўзаемадзеянне з іншымі партнёрамі, у тым ліку з краінамі Персідскага заліва, аднак частка гэтай працы пакуль не раскрываецца публічна.

* * *

Украінская кампанія Fire Point плануе ажыццявіць першы паспяховы перахоп балістычнай ракеты да сярэдзіны 2027 года, паведаміла генеральны дырэктар Fire Point Ірына Тэрэх, піша Reuters.

Па яе словах, да праекту Freyja ўжо далучыліся 13 еўрапейскіх прамысловых партнёраў, а амаль усе ключавыя дамоўленасці ўжо дасягнуты. Fire Point інтэгруе ўласны перахопнік FP7.X з сістэмамі навядзення і радыёлакацыйнымі станцыямі, якія пастаўляюць еўрапейскія кампаніі.

«Цяпер мы знаходзімся на самым інтэнсіўным і адначасова самым складаным этапе канчатковай зборкі ўсіх кампанентаў разам з радыёлакацыйнымі станцыямі назірання, станцыямі сачэння і галоўкамі саманавядзення», — сказала Тэрэх.

Над камандным цэнтрам сістэмы працуе нарвежская кампанія Kongsberg, а нямецкая Diehl Defence пацвердзіла перагаворы па пастаўцы сістэм навядзення. У Fire Point разлічваюць, што кошт аднаго перахопніка не перавысіць 1 млн еўра, што складае ад чвэрці да шостай часткі кошту ракеты для Patriot.

Па словах Тэрэх, кампанія спрабуе рэалізаваць праграму, якая звычайна доўжыцца дзесяцігоддзямі, усяго за некалькі гадоў. На сёння ўжо праведзена як мінімум пяць выпрабаванняў ракеты-перахопніка.

Распрацоўшчыкі адзначаюць, што архітэктура Freyja будзе адкрытай — гэта дазволіць замяняць асобныя кампаненты розных вытворцаў без змены ўсёй сістэмы.

* * *

На мяжы з Чарнігаўскай вобласцю не фіксуюць спробаў прарыву расійскіх войскаў. У той жа час Расія можа выкарыстоўваць гэты кірунак для іншых мэтаў, заявіў прадстаўнік Дзяржаўнай пагранічнай службы Украіны Андрэй Дземчанка ў эфіры тэлемарафона.

Па яго словах, нават не маючы дастаткова сіл для наступлення, РФ можа звярнуцца да дэманстратыўных дзеянняў для таго, каб Украіна перакідала на гэты кірунак дадатковыя сілы, не выкарыстоўваючы іх на больш важных.

Ён падкрэсліў, што памежнікі не фіксуюць спробаў расійскіх войскаў перайсці дзяржаўную мяжу, роўна як і актыўнасці дыверсійна-разведвальных групп, але расслабляцца нельга, бо Расія застаецца каварным праціўнікам, адзначыў Дземчанка.

* * *

У Расіі ўсё больш прыкмет паказваюць на ўзмацненне мабілізацыйнай гатоўнасці, паведамляе Служба знешняй разведкі Украіны.

Па даных СЗРУ, адным з ключавых сігналаў стала запавольванне набору кантрактнікаў. Па словах намесніка старшыні Савета бяспекі РФ Дзмітрыя Мядзведзева, за першыя паўгода 2026 года кантракты з Мінабароны падпісалі каля 200 тысяч чалавек, яшчэ 16 тысяч уступілі ў «добраахвотніцкія» фармаванні.

За аналагічны перыяд мінулага года гэтыя паказчыкі складалі больш за 210 тысяч і 18 тысяч адпаведна. Па ацэнцы нямецкага даследчыка Яніса Клюге, рэальнае падзенне тэмпу набору магло дасягаць 20%.

На гэтым фоне ў Расіі рэзка павялічылася колькасць вакансій, звязаных з ваенным улікам. У канцы ліпеня на платформе HeadHunter было размешчана больш за 2,5 тысяч такіх аб'яў, прычым амаль траціна з іх апублікавалі толькі за апошні тыдзень. Губернатар Маскоўскай вобласці пашырыў паўнамоцтвы рэгіянальнага штаба на выпадак мабілізацыі або ваеннага становішча, а Мінпрацы РФ, па даных разведкі, рэкамендуе рэгіёнам загадзя рыхтаваць працоўных мігрантаў для замены работнікаў, прызваных у армію.

Па інфармацыі СЗРУ, у ліпені колькасць пошукавых запытаў аб мабілізацыі ў «Яндэксе» дасягнула 1,2 мільёна. За тыдзень доля расіян, якія ацэньваюць настроі вакол як трывожныя, вырасла з 53% да 57%. У той жа час, попыт на арэнду жылля ў Арменіі перавысіў узровень лютага 2022 года.

Нягледзячы на гэтыя сігналы, прыкмет падрыхтоўкі да маштабнага прызыву рэзервістаў пакуль няма. Закупкі медыцынскай маёмасці і ваеннага рыштунку застаюцца прыкладна на ўзроўні мінулага года.

У СЗРУ лічаць, што да парламенцкіх выбараў Крэмль наўрад ці адважыцца аб'явіць новую хвалю мабілізацыі. Нястачу асабовага складу ўлады РФ будуць спрабаваць кампенсаваць фінансавымі стымуламі, ціскам на працадаўцаў і перакідкай ваенных паміж падраздзяленнямі.