Еўропа можа стварыць сваё NATO: без ЗША, але з Украінай
Выбрыкі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа настолькі дасталі еўрапейскіх лідараў, што яны думаюць над стварэннем новага агульнага абарончага блоку. І перадумовы для гэтага ёсць — «кааліцыя рашучых», якая аб'ядноўвае 35 краін Еўропы (не толькі ЕС). Пры гэтым найбольш моцная і баяздольная армія — ва Украіны. Ідуць 1426-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 144 баявыя сутыкненні. Больш ўа траціна з іх — 50 штурмавых дзеянняў расіян — зафіксаваныя на Пакроўскім кірунку ў раёнах Ніканораўкі, Радзінскага, Зацішак, Мірнаграду, Пакроўску, Чырвонага Ліману, Котліна, Удачнага, Маладзецкага і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 21 атаку расіян у раёнах Гуляйполя, Зялёнага і ў бок Святапетраўкі, Варвароўкі і Дабраполля.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 17 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Аляксандра-Шульціна, Шчэрбінаўкі, Іванаполля, Русінага Яру, Клебан-Быка і іншых.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку УСУ спынілі 10 атак арміі РФ у раёнах Ваўчанску, Старыцы і ў бок Графскага, Несцернага, Круглага.
* * *
Галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі ў інтэрв'ю LB.ua заявіў, што Украіна ў 2026 годзе плануе, у тым ліку, і наступальныя аперацыі, а таксама мае значна лепшыя паказчыкі па мабілізацыі і камплектаванні войскаў, чым яшчэ 7 месяцаў таму. Пры гэтым узровень страт паменшыўся на 13%.
«Калі браць глабальныя планы ворага, яны не змяніліся — уся Украіна. І ўсе кірункі вядзення наступальных дзеянняў таксама застаюцца тымі, што і былі, змяняюцца толькі тэрміны, колькасць узбраення, асабовага складу. Усё астатняе застаецца такім, як было. То-бок яны прытрымліваюцца сваіх планаў.
Таму мы будзем праводзіць стратэгічную абарончую аперацыю, пры гэтым мы разумеем, што ў абароне перамогі не атрымаеш. Адпаведна, мы будзем праводзіць наступальныя аперацыі, змагацца за тое, каб утрымліваць аператыўную ініцыятыву, таму што гэта прыводзіць да таго, што вораг вымушаны прыцягваць і здымаць значны чалавечы рэсурс, узбраенне, боепрыпасы, каб стрымліваць нашы актыўныя дзеянні», — сказаў Сырскі.
Сырскі заявіў таксама, што ў 2025 годзе колькасць страт украінскіх войскаў паменшылася на 13%, у той час як узровень страт расіян «значна павялічыўся».
Нагадаем, для Расіі 2025 год быў другім годам па стратах ва Украіне — яны склалі 415 тысяч чалавек. Рэкордам быў 2024 год са стратамі ў 430 тысяч чалавек.
* * *
У ноч на 19 студзеня Расія атакавала Украіну 145 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 126 БпЛА.
Расійская армія раніцай 19 студзеня нанесла ўдар па аб'екце крытычнай інфраструктуры ў Харкаве чатырма ракетамі і нанесла значныя пашкоджанні. Інфармацыі пра пацярпелых няма.
У ноч на 19 студзеня расіяне значна пашкодзілі энергетычны аб'ект ДТЭК у Адэсе. Паводле звестак энергетыкаў, з-за абстрэлаў без электразабеспячэння цяпер застаюцца 30,8 тыс сем'яў.
У Днепрапятроўскай вобласці ў ноч на 19 студзеня пад атакай БпЛА былі Сінельнікаўскі і Нікапальскі раёны. Пашкоджаны інфраструктура, транспартныя сродкі, газаправод. Абышлося без пацярпелых.
У ноч на панядзелак расійскія войскі пашкодзілі пяць важных энергааб'ектаў у Чарнігаўскай вобласці. Абясточаны дзясяткі тысяч спажыўцоў, паведаміла Чарнігаўабленерга.
* * *
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі па выніках дакладу сакратара СНБА Рустэма Умерава заявіў, што прадстаўнікі Украіны ў ЗША працуюць над дакументамі, якія патрэбны для заканчэння вайны.
«Было ўжо некалькі раўндаў перамоваў. Працуюць. Працуюць над дакументамі, якія патрэбны для заканчэння вайны. Украінская каманда цалкам інфармуе амерыканскі бок пра тое, што адбываецца ва Украіне і пра пастаянныя расійскія ўдары па нашай энергасістэме», — адзначыў Зеленскі.
З амерыканскага боку ў кансультацыях прынялі ўдзел Стывен Уіткаф, Джарэд Кушнер, міністр арміі ЗША Даніэл Дрыскал і супрацоўнік Белага дома Джош Груенбаум.
* * *
Украіна разлічвае, што пасля Сусветнага эканамічнага саміту ў Давосе зможа падпісаць з ЗША рамачны дакумент аб гарантыях бяспекі, піша Financial Times.
Пасол Украіны ў ЗША Вольга Стэфанішына анансавала, што ўжо на наступным тыдні Кіеў і Вашынгтон маюць намер падпісаць ключавы дакумент аб эканамічным працвітанні Украіны. Падпісанне адбудзецца ў Давосе (гаворка пра здзелку па рэканструкцыі Украіны на 800 млрд долараў).
У той жа час FT адзначае, што таксама ў Давосе планавалася падпісаць дакумент аб гарантыях бяспекі для Украіны, але ўзгадненне гарантый бяспекі аказалася больш складаным працэсам. Кіеў разлічвае на падпісанне гэтай здзелкі ўжо пасля Давоса.
«Заключэнне асобнага пагаднення аб гарантыях бяспекі аказалася больш складанай задачай, але дзве ўкраінскія крыніцы паведамілі, што спадзяюцца ўзгадніць агульныя ўмовы, якія будуць падпісаны ў Вашынгтоне неўзабаве пасля Давоса», — напісала выданне.
* * *
Краіны Еўропы могуць стварыць новы ваенны альянс, які будзе ўключаць і Украіну, піша Politico.
Выданне адзначае, што пагрозы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ўвесці жорсткія гандлёвыя пошліны супраць любых краін, якія будуць спрабаваць перашкодзіць яму ўсталяваць кантроль над Грэнландыяй, сталі для Еўропы апошнім сігналам да дзеяння.
Пры адсутнасці кардынальнага змянення курсу Вашынгтона гэта развіццё падзей, верагодна, прывядзе да глыбокай трансфармацыі Захаду, якая здольная карэнным чынам змяніць сусветны баланс сіл. Еўрапейскія дзяржавы ўсё больш схіляюцца да стварэння ўласнай сістэмы бяспекі, у якой Украіна можа адыграць важкую ролю.
Еўрапейскія краіны, у тым ліку і тыя, якія не ўваходзяць у Еўрасаюз — Вялікабрытанія і Нарвегія, — значную частку другога прэзідэнцкага тэрміну Трампа працавалі ў межах эфектыўнага фармату супрацоўніцтва, які функцыянуе без удзелу ЗША.
Гаворка ідзе пра так званую «кааліцыю рашучых». Саветнікі па нацыянальнай бяспецы прыкладна 35 урадаў пастаянна падтрымліваюць сувязь паміж сабой: рэгулярна праводзяць анлайн-сустрэчы, асабістыя перамовы, а таксама камунікуюць праз нефармальныя каналы.
Яны прызвычаіліся шукаць калектыўныя рашэнні ў свеце, дзе палітыка Трампа часта разглядаецца як адна з ключавых праблем. Паводле слоў крыніц, знаёмых з працай гэтай групы, узровень узаемнага даверу паміж яе ўдзельнікамі застаецца высокім.
Лідары дзяржаў, сярод якіх прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, канцлер Германіі Фрыдрых Мерц, старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб і прэм’ер-міністр Італіі Джорджа Мелоні, пастаянна падтрымліваюць кантакт — часцяком у межах аднаго агульнага чата. За мінулы год яны адпрацавалі дакладны механізм аператыўнага абмену інфармацыяй кожны раз, калі дзеянні Трампа ствараюць патэнцыйныя рызыкі.
«Гэта нефармальнае аб’яднанне атрымала назву "Вашынгтонская група" ў гонар сумеснага візіту еўрапейскіх лідараў у Белы дом разам з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у жніўні мінулага года», — паведамляе Politico.
У перапісцы лідараў «Вашынгтонскай групы» рэгулярна ўдзельнічае і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, што, як адзначае Politico, дадае яшчэ адно важнае вымярэнне гэтаму супрацоўніцтву.
Украіна, адзначае выданне, з’яўляецца найбольш мілітарызаванай краінай сярод удзельнікаў: з шматлікай арміяй, развітой высокатэхналагічнай індустрыяй беспілотнікаў і ўнікальным баявым вопытам.
У спалучэнні з ваеннымі магчымасцямі Францыі, Германіі, Польшчы і Вялікабрытаніі такая кааліцыя магла б стаць надзвычай магутнай сілай, якая аб’ядноўвала б як ядзерныя, так і неядзерныя дзяржавы, адзначае Politico.