Еўропа не хоча здымаць з Расіі санкцыі ўзамен на абяцанні
Расія па-ранейшаму спрабуе абыграць ЗША ў пытанні прыпынення агню — у прыватнасці, выстаўляе такія ўмовы, на якія не ў стане паўплываць ЗША. Еўрапейскія палітыкі, якія бліжэй да РФ, гэта разумеюць, і не пагаджаюцца выконваць умовы РФ без аніякіх гарантый таго, што Расія выканае сваю частку ўгоды. Ідзе 1127-мы дзень шырокамаштабнай вайны Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пра саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Лукашэнкі.

За мінулыя суткі на фронце адбылося 224 баі. Часцей за ўсё расійцы атакавалі за мінулыя суткі Пакроўскі, Тарэцкі, Курскі і Новапаўлаўскі кірункі, паведаміў Генштаб УСУ раніцай 27 сакавіка.
На Пакроўскім кірунку ўкраінскія сілы адбілі 88 штурмаў у раёнах Александропаля, Тарасаўкі, Елізаветаўкі, Лісоўкі, Котлінага, Успенаўкі, а таксама ў бок Пакроўска, Прамяня, Адраджэння і інш.
На Новапаўлаўскім кірунку праціўнік здзейсніў 25 атак у напрамку Разліву, Вясёлага, Канстанцінопаля. На Тарэцкім кірунку зафіксавана 20 атак паблізу Тарэцка, Дачнага, Крымскага і ў напрамку Дыліеўкі.
На Ліманскім кірунку зафіксавана 14 атак. На Северскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні паспяхова адбілі 11 штурмаў у раёнах Белагораўкі, Верхнекаменскага і Івана-Дар'еўкі.
УСУ спынілі 25 штурмавых дзеянняў расійскіх сіл у Курскай вобласці Расіі за апошнія суткі. Армія РФ нанесла 19 авіяўдараў па сваёй тэрыторыі, скінуўшы пры гэтым 28 кіраваных авіяцыйных бомбаў.
* * *
У ноч на 27 сакавіка расійскія войскі атакавалі Украіну балістычнай ракетай «Іскандэр-М» і 86 ударнымі дронамі Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў з тэрыторыі РФ і акупаванага Крыма, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ.
Сілы СПА знішчылі 42 ударныя дроны на поўдні, поўначы і ў цэнтры краіны, яшчэ 26 беспілотнікаў былі лакацыйна страчаныя без негатыўных наступстваў.
Тры чалавекі пацярпелі, а таксама пашкоджаныя больш за 10 шматпавярховак, прадпрыемствы, адукацыйная ўстанова і дзясяткі аўтамабіляў у выніку расійскай дронавай атакі на Днепр.
12 чалавек, сярод якіх 2 дзяцей, пацярпелі ў выніку расійскай дронавай атакі ў Харкаве ўвечары 26 сакавіка. У горадзе зафіксавалі 8 трапленняў, пашкоджаныя дамы і аўто.
* * *
Дзяржаўны сакратар ЗША Марк Рубіа заявіў, што Расія гатовая пагадзіцца на спыненне агню ў Чорным моры, але ў абмен на зняцце санкцый. Паводле яго слоў, Масква падчас перамоваў у Эр-Рыядзе (Саудаўская Аравія) вылучыла ўмовы па спыненні удараў па энергетыцы і баявых дзеянняў у Чорным моры. «Некаторыя з гэтых умоў ўключаюць санкцыі, якія не з'яўляюцца нашымі. Яны ўведзеныя Еўрапейскім Саюзам. Таму калі нашы людзі вернуцца, мы сядзем за стол, абмяркуем прапановы, атрымаем іх уражанні ад размоў, каб лепш зразумець, якая пазіцыя Расіі, і што яны хочуць атрымаць наўзамен», — сказаў Рубіа.
Дзяржсакратар таксама адзначыў, што сам факт абмеркавання спынення агню з'яўляецца пазітыўным сігналам.
* * *

* * *
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін паказаў, што не з'яўляецца сур'ёзным гульцом у мірных перамовах. Яго абяцанні пустыя, заявіў прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер у інтэрв'ю Le Figaro.
«У адрозненне ад Зяленскага, Пуцін паказаў, што ён не з'яўляецца сур'ёзным гульцом у гэтых мірных перамовах. Ён гуляе з узгодненым перамір'ем у Чорным моры, нягледзячы на добрасумленны ўдзел усіх бакоў, працягваючы наносіць разбуральныя ўдары па ўкраінскім народу. Яго абяцанні пустыя», — заявіў Стармер.
* * *
Брусэль не мае намеру аслабляць санкцыі супраць Расіі, уведзеныя праз несправакаваную агрэсію ў дачыненні да Украіны, піша Euractiv.
«Спыненне несправакаванай і неапраўданай расійскай агрэсіі ва Украіне і безумоўны вывад усіх расійскіх ваенных сіл з усёй тэрыторыі Украіны былі б аднымі з галоўных перадумоў для змены або адмены санкцый», — заявіў прадстаўнік Еўракамісіі.
Кіеў і яго еўрапейскія саюзнікі асцерагаюцца, што любыя саступкі — нават калі яны здаюцца нязначнымі — могуць прывесці да разбурэння санкцыйных рамак Захаду ў дачыненні да Расіі з пачатку вайны ва Украіне. Са слоў дыпламатаў ЕС, скасаванне санкцый супраць Расіі да дасягнення поўнага спынення агню і вываду войскаў з Украіны па-ранейшаму немагчымае.
«Мы будзем працаваць над тым, каб нічога не мяняць, таму што сама Расія не змянілася і не змяніла сваіх мэтаў», — сказаў Euractiv еўрапейскі дыпламат.
* * *
У Францыі лічаць, што Кітай здольны прымусіць РФ сесці за стол перамоваў, заявіў у Пекіне міністр замежных спраў Францыі Жан-Ноэль Баро, якога цытуе Le Figaro.
На сумеснай прэс-канферэнцыі з міністрам замежных спраў Кітая Ван І, Баро адзначыў, што Парыж і Пекін «павінны каардынаваць намаганні, каб спрыяць справядліваму і працяглага міру ва Украіне». Ён таксама выказаў упэўненасць, што Пекін можа паўплываць на Маскву адносна перамоваў.
«Кітай таксама павінен адыграць пэўную ролю ў тым, каб пераканаць Расію сесці за стол перамоваў з сур'ёзнымі і добрасумленнымі прапановамі», — сказаў французскі міністр.