Еўропа з дапамогай Украіны пазбаўляецца ад залежнасці паставак зброі з ЗША
Вайна ў Іране выклікала перабоі ў пастаўках амерыканскай зброі ў ЕС. Гэта ўжо не першая такая затрымка, і ЕС пачынае надаваць увагу вытворчасці ўласнага ўзбраення. Украіна дапаможа — ужо падпісанае пагадненне пра вытворчасць дронаў у Нідэрландах. Ці возьме ЕС на ўзбраенне украінскія ракеты «Фламінга»? Ідуць 1514-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне адбылося 132 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 17 красавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 32 штурмы расіян у раёнах Радзінскага, Мураўкі, Удачнага, Новааляксандраўкі, Пакроўску, Маладзецкага, Котліна.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 25 атак паблізу Іллінаўкі, Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Сцяпанаўкі, Сафіеўкі і Новапаўлаўкі.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 10 атак арміі РФ у раёнах Залізнічнага, Гуляйполя, Стараўкраінкі, Гуляйпольскага, Аленаканстанцінаўкі, Зарэчнага і Цвятковага.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім), Паўднёва-Слабажанскім і Купянскім кірунках расіяне атакавалі па чатыры разы на кожным.
* * *
Расія рыхтуе новы наступ на паўднёвым усходзе Украіны, прыцягваючы дадатковыя сілы са стратэгічнага рэзерву. Групоўку плануюць узмацніць яшчэ 20 тысячамі вайскоўцаў, піша Financial Times са спасылкай на намесніка кіраўніка Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны Вадзіма Скібіцкага.
Згодна з наяўнымі данымі, цяпер на тэрыторыі Украіны налічваецца каля 680 тысяч расійскіх салдат. Навабранцы павінны ўзмацніць ціск на пазіцыі Узброеных сіл Украіны.
Ключавая стратэгічная мэта Крамля, паводле Скібіцкага, застаецца нязменнай: поўны захоп Данецкай і Луганскай абласцей. Падрыхтоўка да наступу адбываецца ў межах дакладна вызначаных тэрмінаў, і, паводле даных разведкі, Расія плануе завяршыць акупацыю Данбаса да верасня.
Паводле даных выдання, Крэмль нібыта вызначыў для сябе дэдлайн — канец красавіка — каб паспрабаваць захапіць ключавыя ўкраінскія пазіцыі ў Данецкай вобласці: Дружкоўку, Канстанцінаўку і Пакроўск, дзе працягваюцца цяжкія баі. Украінскі бок, у прыватнасці прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, лічыць такія планы нерэалістычнымі.
«Устаноўлены тэрмін немагчыма выканаць», — заявіў ён.
Заходнія спецслужбы таксама сумняваюцца, што такія тэмпы прасоўвання дасягальныя. Пры цяперашняй дынаміцы Расіі можа спатрэбіцца некалькі гадоў, каб цалкам узяць пад кантроль Данецкую вобласць. Нават паводле самых аптымістычных ацэнак гэта наўрад ці адбудзецца раней за жнівень 2027 года — і будзе суправаджацца вельмі вялікімі стратамі. У Данецкай вобласці расіяне губляюць у сярэднім 428 салдат на квадратны кіламетр (аналагічны агульны паказчык — 254 расійца на кожны кв. км), паведаміў міністр абароны Украіны Міхаіл Фёдараў на 34-м пасяджэнні Кантактнай групы па пытаннях абароны Украіны.
* * *
У ноч на 17 красавіка Расія атакавала Украіну адной балістычнай ракетай Іскандэр-М, а таксама 172 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера, Італмас і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 147 БпЛА.
У ноч на 17 красавіка расійская армія нанесла ўдары па крытычных аб’ектах Чарнігава. Шэсць тысяч абанентаў засталіся без святла.
Раніцай 17 красавіка кіраўнік Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Ганджа паведаміў пра расійскую атаку на Дняпро і пашкоджанае транспартнае прадпрыемства. Пазней было ўдакладнена, што пад удар трапіла ў тралейбуснае дэпо.
* * *
* * *
ЗША папярэдзілі еўрапейскія краіны пра магчымыя затрымкі ў пастаўках амерыканскага ўзбраення, на якое ўжо былі падпісаны кантракты. Гэта абумоўлена высокай нагрузкай на запасы зброі ў выніку вайны супраць Ірана, паведамляе Reuters.
Як адзначае агенцтва, затрымкі могуць закрануць, у прыватнасці, краіны Балтыі і Скандынавіі. Гаворка ідзе пра пастаўкі ў межах праграмы Foreign Military Sales, якія пакуль не былі здзейсненыя.
Крыніцы агенцтва паведамляюць, што амерыканскія афіцыйныя асобы ўжо данеслі гэтую інфармацыю да сваіх еўрапейскіх партнёраў, адзначыўшы, што частка паставак можа часова прыпыніцца. Белы дом і Дзярждэпартамент перанакіравалі запыты журналістаў у Пентагон, але там адмовіліся ад каментарыяў.
Reuters падкрэслівае, што такія затрымкі сведчаць пра значнае вычарпанне запасаў амерыканскіх боепрыпасаў з-за вайны ў Іране. Сітуацыю ўскладняюць і папярэднія маштабы паставак узбраення ва Украіну падчас яе вайны з Расіяй, а таксама дапамога Ізраілю ва ўзброеным канфлікце ў сектары Газа.
Асаблівую ўвагу агенцтва ўдзяляе ракетам-перахопнікам PAC-3 Patriot, якія ЗША актыўна выкарыстоўваюць для процідзеяння іранскім атакам у рэгіёне Персідскага заліва. Гэта ж узбраенне неабходна і Украіне для абароны яе інфраструктуры ад атак расійскіх балістычных ракет.
Тым часам у Еўропе праз перабоі з амерыканскімі пастаўкамі ўвага ўсё больш пераключаецца на ўзбраенне, вырабленае ў межах ЕС.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэм’ер-міністр Нідэрландаў Роб Етэн 16 красавіка падпісалі Сумесную заяву пра пачатак работы над Drone Deal і дамовіліся пра сумесную вытворчасць дронаў, паведамляецца на сайце прэзідэнта Украіны.
Drone Deal паміж Украінай і Нідэрландамі — гэта стратэгічная ініцыятыва, якая прадугледжвае сумесную распрацоўку і вытворчасць дронаў, ракет, сістэм радыёэлектроннай барацьбы і іншых абаронных тэхналогій. Супрацоўніцтва ахопіць узгодненыя інвестыцыі ў абаронную інфраструктуру, даследаванні, інавацыі і сістэмны абмен аператыўным вопытам, які Украіна набыла падчас барацьбы супраць расійскай агрэсіі.
У прысутнасці прэзідэнта Украіны і прэм’ер-міністра Нідэрландаў была падпісана ліцэнзійная дамова, якая запускае сумесную вытворчасць дронаў.
* * *
Украіна чакае афіцыйнага запуску Спецыяльнага трыбунала для расследавання злачынства агрэсіі супраць Расійскай Федэрацыі ўжо ў 2027 годзе. Працэс стварэння трыбунала перайшоў у актыўную стадыю рэалізацыі, завяршыўшы асноўныя юрыдычныя прыгатаванні. З лютага 2026 года ў Гаазе і Страсбургу дзейнічае рабочая група, якая займаецца арганізацыйнымі аспектамі, паведамілі ў Офісе прэзідэнта Украіны.
Краіна ўжо ратыфікавала адпаведнае двухбаковае пагадненне з Саветам Еўропы. Наступны этап — сустрэча ў Кішынёве, запланаваная на 14–15 траўня. На ёй Савет Еўропы будзе заключаць пагадненне пра стварэнне кіруючага камітэта трыбунала. Сваю афіцыйную падтрымку ўдзелу ў працэсе пацвердзілі 20 краін, асноўная задача трыбунала — забеспячэнне адказнасці расійскага кіраўніцтва за агрэсію супраць Украіны.
Чакаецца, што пасля завяршэння падрыхтоўчых этапаў трыбунал зможа пачаць паўнацэнную работу ў наступным годзе. Яго дзейнасць будзе грунтавацца на міжнароднай падтрымцы і шчыльным супрацоўніцтве з еўрапейскімі інстытутамі. Гэта забяспечыць прававую аснову для асуджэння злачынства агрэсіі, якое цяпер па-за юрысдыкцыяй Міжнароднага крымінальнага суда.
* * *
Амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп падоўжыў на год надзвычайнае становішча, уведзенае з-за пагрозы з боку Расіі, якое абмяжоўвае перамяшчэнне і стаянку расійскіх суднаў у амерыканскіх портах.
У паведамленні Белага дома ў Федэральным рэестры адзначаецца, што раней гэты рэжым увёў папярэдні прэзідэнт ЗША Джо Байдэн 21 красавіка 2022 года. Таксама ён упаўнаважыў міністра ўнутранай бяспекі рэгуляваць стаянку і перамяшчэнне суднаў, звязаных з Расіяй.
«Палітыка і дзеянні ўрада Расійскай Федэрацыі працягваюць уяўляць надзвычайную пагрозу праз парушэнне або пагрозу парушэння міжнародных адносін Злучаных Штатаў» — адзначаецца ў паведамленні.