«Херсон на хлеб не намажаш!» Большасць расійцаў выступае супраць анексіі абласцей Украіны
Нават ва ўмовах фактычна ваеннай цэнзуры, агрэсіўнай прапаганды 24/7 і крымінальнага пераследу за крытыку ўладаў і «спецаперацыі ва Украіне» большасць расійцаў выступаюць супраць анексіі Херсонскай і Запарожскай абласцей Украіны, якую рыхтуе Крэмль.
Гэта вынікае з вынікаў сацапытання «Лявады».
Большасць грамадзян РФ не лічаць, што Херсонская і Запарожская вобласці павінны ўвайсці ў склад Расіі. Сярод людзей да 40 і моладзі — толькі 37% за тое, каб узаконіць захоп украінскіх зямель.
За ўваходжанне Херсоншчыны і Запарожжа ў РФ выступае большасць пенсіянераў (і тое толькі 51%). Чым маладзей рэспандэнты, тым менш папулярная гэтая ідэя (узровень падтрымкі вагаецца ад 37% да 46%). Агулам за анексію дзвюх новых тэрыторый толькі 45%. Яшчэ 21%-23% у розных групах дапускаюць незалежнасць гэтых рэгіёнаў.
Эксперты паказвалі, што цяперашнія апытанні ва ўмовах рэпрэсій і ваеннай цэнзуры не цалкам рэпрэзентатыўныя, але нават яны дэманструюць, што шэрагі прыхільнікаў вайны радзеюць. І гэта з улікам таго, што людзі баяцца даваць «сацыяльна не ўхваляемыя адказы», а колькасць тых, хто адмаўляецца прымаць удзел у такіх даследаваннях грамадскай думкі, вельмі высокі ў аўтарытарнай краіне, піша тэлеграм-канал «СерпомПо».
Вось такая карціна праз паўгода, як у пуцінцаў «усё ідзе па плане».
Складана сказаць, у чым прычына.
Магчыма, у адрозненне ад «палітага рускай крывёй» паўвострава, прапаганда не ў стане нават глыбіннаму плебсу прадаць у той жа рванай упакоўцы Запарожжа і Херсоншчыну.
Як і той тэзіс, што інакш «там будзе NATO». Ну дык яно, калі верыць таму ж «тэлевізару», ужо там. Бо Расія, маўляў, ваюе не з Украінай, а з усёй «Натай». Да таго ж працай Пуціна Паўночнаатлантычны блок ужо ў Фінляндыі, Швецыі і па факце на Паўднёвым Каўказе (у асобе Турцыі).
Ці, быць можа, да расійцаў пачынае павольна даходзіць, што «Крым (закрэслена) Херсон — наш, на хлеб яго намажаш», бо нават у «Пяцёрачку» хутка прыйдзецца хадзіць толькі па святах. Колькі можна нашмароўваць — АРДЛА, Паўднёвую Асецію, Сірыю...? Дый у тых жа ДНР/ЛНР нармальнага жыцця Крэмль наладзіць нават не спрабаваў.
Нельга выключаць і тое, што грамадзяне РФ, якія ў афіцыйных навінах з акупаваных украінскіх рэгіёнаў бачаць працу «ўкраінскіх дыверсантаў партызан» і «сабатаж мясцовых жыхароў», пра нешта пачынаюць здагадваюцца. Што ў гэтым рэгіёне крымскі фокус не пракоціць, спакою захопнікам там не будзе ніколі, усё роўна сыходзіць рана ці позна давядзецца.
Дый навошта захопліваць, ламаць і потым «аднаўляць» за свой кошт чужое, калі ў саміх дома разруха і беднасць?
І раптам украінцы, якія гэтак упарта супраціўляюцца, не вельмі і хочуць, каб найвялікшы геапалітык «вызваляў» ад іх нейкіх «неанацыстаў». Тым больш сам Пуцін і ягоная прапаганда некалькі разоў «пераабуваюцца» наконт прычын СВА.
Апошнім разам — праз 190 дзён вайны, 1 верасня падчас адкрытага ўрока ў Калінінградзе Пуцін распавёў школьнікам, што цяпер яе галоўная мэта — гэта «ліквідацыя антырасійскага анклава» ва Украіне.
Усё гэта блытае абывацеля, моцна паніжае і без таго яго невысокую веру ў «СВАшчэнную невайну».
Масавай шчырай падтрымкі яе ў расійцаў не было і няма. І гэта пры тым, што ў РФ не ўведзены ваеннае становішча і прымусовая ўсеагульная мабілізацыя.
Чым больш будзе ваенных страт ВС РФ, якія топчуцца ў апошні час на месцы. Чым больш актыўна Захад будзе пастаўляць Украіне зброю. Чым адчайней украінцы будуць абараняцца. Чым мацней будуць біць па і без таго бедных расійцах наступствы санкцый. Чым хутчэй страшныя кадры разбураных гарадоў і апавяданні ўкраінскіх уцекачоў будуць выцясняць у расійцаў вычарпальную саму сябе крамлёўскую прапаганду нянавісці... Тым часцей у галовах грамадзян РФ будзе круціцца простае пытанне: а што мы там наогул робім?