ISW: Украіна паспрабавала выканаць «энергетычнае перамір'е» Трампа. Расія — не

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што апошні час Украіна не наносіла ўдараў па расійскіх НПЗ, а расійскія войскі атакавалі шэсць украінскіх аб'ектаў энергетыкі. Няма намёку і на вяртанне РФ да мірных перамоў, на якія разлічвалі ЗША, даючы Пуціну «дызельны аванс». Падобна, Трамп не зразумеў, што сапраўды паказаў Пуціну слабасць. Ідуць 1693-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

aa1bfrwv.jfif

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 203 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 13 кастрычніка.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі 20 атак расіян у раёнах населеных пунктаў Старыца, Ізбіцкае, Ваўчанскія Хутары, Зібіна і ў бок Захараўкі, Варвараўкі, Радзькоўкі, Дарашоўкі.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 15 атак у раёнах населеных пунктаў Канстанцінаўка, Сафіўка, Доўгая Балка і ў бок Мікалаеўкі.

29 атак здзейснілі войскі РФ на Пакроўскім кірунку ў бок населеных пунктаў Грузкае, Тарэцкае, Вольнае, Кучараў Яр, Дабраполле, Светлае, Мірнае, Сяргееўка і ў раёне Маладзецкага.

На Гуляйпольскім кірунку расійцы 12 разоў атакавалі ў раёнах населеных пунктаў Раздзянка, Цярновае і ў бок населеных пунктаў Новае Запарожжа, Касаўцава, Горкае, Ваздвіжаўка, Прыдарожнае.

* * *

У ноч на 13 кастрычніка Расія атакавала Украіну 5 балістычнымі ракетамі Іскандэр-М/С-400, 9 баражуючымі баепрыпасамі «Бандэроль»/«Дань-Т» і 108 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (74 з іх - рэактыўныя), Гербера, дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/падаўлена 88 БпЛА тыпу Shahed (58 з іх — рэактыўныя), Гербера, дронаў іншых тыпаў.

На працягу 12 кастрычніка расіяне неаднаразова атакавалі Хмяльніцкую вобласць ударнымі беспілотнікамі, у ходзе адной з атак пашкодзілі медыцынскую ўстанову, дзе чацвёра пацыентаў атрымалі траўмы.

Раніцай 13 кастрычніка ў выніку расійскай атакі ў Кіеве пацярпела жанчына, у Дарніцкім раёне гарэў жылы дом.

Колькасць загінулых у выніку расійскага ўдару па Харкаве вечарам 13 кастрычніка ўзрасла да чатырох. Быў разбураны цэлы пад'езд шматпавярховага жылога дома.

Расійскія войскі нанеслі ўдар дронам па навучальнай установе ў цэнтры Роўна. Ёсць шмат параненых, колькасць пацярпелых удакладняецца.

У ноч на 13 кастрычніка дроны атакавалі два судны ў берагоў Балгарыі, адно з якіх затанула. Прэм'ер-міністр Балгарыі Румен Радзеў паведаміў, што ў сувязі з атакамі для размовы будзе выкліканы пасол Расіі.

* * *

844839322_1757788852167912_6875888000995583807_n.jfif

* * *

На перамовах у Маямі 9 кастрычніка прадстаўнікі прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер паведамілі ўкраінскаму боку, што пагадненне пра дазвол на экспарт расійскага дызельнага паліва з'яўляецца часткай спробы вярнуць Расію за стол перамоваў, піша Reuters.

«Ідэя палягала ў тым, што ЗША маглі б звярнуцца да Расіі і сказаць: "Бачыце, украінцы спынілі ўдары, і мы далі вам гэтае пагадненне. Цяпер ваша чарга штосьці зрабіць"», — гаворыцца ў артыкуле.

Па інфармацыі крыніцы выдання, ЗША паведамілі ўкраінскаму боку, што пагадненне пра дызельнае паліва, магчыма, дапаможа «змякчыць» пазіцыю Масквы, у прыватнасці, таму што «пасылае сігнал» пра гатоўнасць амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа да супрацоўніцтва з РФ.

Украінскія чыноўнікі ў Маямі скептычна паставіліся да такога падыходу ЗША, адзначае Reuters.

* * *

ЗША і Еўропа працуюць над агульным планам спынення вайны, піша ў калонцы The Washington Post.

Амерыканскія перамоўшчыкі спрабуюць падрыхтаваць пакет, які закрые пасляваенныя патрэбы і Украіны, і Расіі. Ён павінен дапамагчы абедзвюм бакам пагадзіцца на тэрытарыяльны кампраміс, які не спадабаецца ніводнаму з іх.

«Нам трэба зрабіць праблему і яе рашэнне больш маштабнымі, каб дапамагчы абедзвюм бакам убачыць, якой будзе пасляваенная сітуацыя, а затым пайсці на саступкі», — растлумачыў амерыканскі чыноўнік, знаёмы з перамовамі.

Па яго словах, пакет будзе мець чатыры асноўныя кампаненты. Пасланне кіраўніку Крамля Уладзіміру Пуціну павінна быць такім: не проста спыняйце вайну з Украінай, а заключыце эканамічнае і бяспекавае пагадненне з Еўропай.

Аднаўленне Украіны. Сусветны банк і інвестыцыйная фірма BlackRock маюць намер стварыць аснову для пакрыцця грашовых патрэб Кіева ў аднаўленні разбураных раёнаў, дапамогу сем'ям загінулых і параненых, і аднаўленне эканомікі.

Гарантыя бяспекі. Украіна атрымае ад ЗША і еўрапейскіх краін абавязацельства даць ваенны адказ, калі Расія нападзе зноў. Чыноўнік назваў гэта раўназначным артыкулу 5 НАТА.

Энергетычнае пагадненне. Адным з элементаў можа стаць трубаправод, па якім расійскія нафта і газ будуць пастаўляць у Еўропу. Прыбытак ад яго будуць дзяліць Украіна і Расія.

Тэрыторыя. Расія, якая пачала вайну ў надзеі захапіць усю Украіну, пагадзілася б на спыненне агню ўздоўж дзеючай лініі фронту.

Еўрапейскія лідары разгневаліся на Трампа з-за пагаднення па дызелі. Аднак, па ацэнцы аўтара калонкі, яны настроены працягваць дыпламатычны працэс Кушнера і Уіткафа.

* * *

Украіна гатовая да ўзаемнага энергетычнага перамір'я, аднак яго цяперашнія ўмовы могуць даць Расіі перавагу і пакінуць украінскія электрастанцыі пад пагрозай, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Па даных ISW, на 12 кастрычніка Украіна і Расія не заключылі пагаднення пра спыненне ўдараў па энергетычнай інфраструктуры. Тым не менш, украінскія ваенныя не наносілі ўдараў па расійскай энергетыцы, але 12 кастрычніка расійскія войскі атакавалі шэсць украінскіх аб'ектаў энергетыкі.

У ISW падкрэслілі, што 11 кастрычніка ананімны прадстаўнік Белага дома ў каментары Axios удакладніў, што заява прэзідэнта ЗША Дональда Трампа тычылася мараторыя толькі на ўдары па нафтаперапрацоўчых заводах.

Менавіта абмежаваны характар гэтай прапановы выклікае занепакоенасць у ISW. Расія мае дзясяткі дзеючых НПЗ, у той час як ва Украіне працуе толькі адзін. Таму мараторый на ўдары па НПЗ не забяспечыць раўназначную абарону ўкраінскіх аб'ектаў.

Па ацэнцы ISW, прапанаваныя ўмовы могуць дазволіць Расіі і далей наносіць удары па ўкраінскіх электрастанцыях зімой 2026-2027 гадоў. Такім чынам, Украіна рызыкуе ўзяць на сябе абмежаванне атак на адчувальныя энергетычныя аб'екты Расіі, тады як расійскія войскі змогуць працягваць кампанію ўдараў па ўкраінскай энергасістэме.

У ISW падкрэслілі, што пры такім сцэнары перамір'е не забяспечыць Украіне сіметрычныя перавагі. Яно можа даць Маскве дадатковыя магчымасці для працягу атак на ўкраінскую энергетычную інфраструктуру напярэдадні і падчас зімовага перыяду.