ISW: Войска РФ дзейнічае зыходзячы з таго, што Пуцін не мае намеру заканчваць вайну ў найбліжэйшай будучыні

Дзеянні расійскага камандавання азначаюць, што яны не разлічваюць не спыненне агню, прынамсі, у найбліжэйшыя месяцы. «Яно, верагодна, дзейнічае, зыходзячы з здагадкі або веды таго, што Пуцін не мае намеру заканчваць вайну ва Украіне ў найбліжэйшай будучыні» — пішуць эксперты ISW. Ідзе 1074-ты дзень шырокамаштабнай вайны ва Украіне, развязанай Расіяй пры саўдзеле рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

За мінулыя суткі на фронце зафіксавана 134 баявыя сутыкненні, 61 атаку ворага абаронцы спынілі на Пакроўскім кірунку, паведамляецца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ 1 лютага.

Таксама на Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 11 разоў. На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 10 атак у раёне населенага пункта Тарэцк. На Новапаўлаўскім кірунку сілы абароны Украіны адбілі 9 штурмаў.

Па шэсць атак адбылося на Купянскім і Северскім кірунках, на Краматорскім кірунку адбылося пяць штурмавых дзеянняў расійцаў у раёнах Часава Яра, Ступачак, Белай Гары.

У Курскай вобласці Расіі ўкраінскія войскі адбілі 12 атак праціўніка. Армія РФ нанесла па сваёй тэрыторыі 20 авіяцыйных удараў, скінуўшы 29 кіраваных авіябомбаў.

* * *

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) зафіксаваў на 1 лютага прасоўванне расійскіх войскаў на пяці кірунках у раёнах пад Купянскім, Ліманам, Пакроўскам, Курахава і ў Тарэцку.

Расійскія войскі працягнулі наступальныя дзеянні на розных участках Купянскага кірунку, нядаўна прасунуліся на паўночны ўсход ад Лімана — на ўсход ад Ямпалеўкі. Начальнік Генштаба УСУ паведаміў, што расійскія войскі на гэтым кірунку працягваюць выкарыстоўваць перавагу ў жывой сіле для вядзення баявых дзеянняў супраць украінскіх абаронцаў.

* * *

Войскі РФ нядаўна прасунуліся на Тарэцкім кірунку. Геалакацыйныя кадры ад 30 студзеня паказваюць, што расійцы прасунуліся ў Пятроўцы (на захад ад Тарэцка) і ліквідавалі плацдарм паміж Тарэцкім і Шчарбінаўкай (на захад ад Тарэцка).

Дадатковыя геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 30 студзеня, паказваюць, што расіяне нядаўна прасунуліся ў паўднёвай частцы Тарэцка.

Эксперты ISW ацанілі, што расійскія войскі, верагодна, выкарыстоўваюць захоп Тарэцка, каб хутка прасунуцца на больш адкрытыя палі на захад ад населенага пункта, паколькі расійцы могуць зрабіць прыярытэтным ціск на ўкраінскі «пояс крэпасцяў» у Данецкай вобласці вясной і летам 2025 года.

«ISW таксама нядаўна ацаніла, што расійскія сілы могуць прадаўжаць аддаваць перавагу Пакроўскаму кірунку, каб ліквідаваць украінскую “кішэню” паміж Уздзвіжанкай (на ўсход ад Пакроўска) і Тарэцкім», — гаворыцца ў справаздачы.

* * *

Геалакацыйныя кадры ад 29 студзеня паказваюць, што расійцы трохі прасунуліся на захад ад Котлінага (на захад ад Пакроўска). У Мінабароны РФ 31 студзеня заявілі аб захопе Новавасільеўкі (паўднёва-захад ад Пакроўска), але ў ISW лічаць, што акупанты захапілі гэты населены пункт па стане на 1 студзеня.

31 студзеня агенцтва Reuters паведаміла, што намеснік камандзіра ўкраінскай брыгады, што дзейнічае на Пакроўскім кірунку, заявіў, што расійцы маюць значна большую колькасць пяхоты ў гэтым раёне, і атакуюць невялікімі групамі, якія гатовыя несці вялікія страты.

* * *

Расійскія войскі за студзень страцілі на самым «гарачым» Пакроўскім кірунку і ў Курскай вобласці, дзе працягваецца іх контрнаступленне, больш за 23 тысячы вайскоўцаў. Усяго ж, паводле звестак украінскага Генштаба, з 1 студзеня да 1 лютага 2025 года расійская армія страціла на фронце параненымі і забітымі больш за 48 тысяч чалавек.

* * *

_rosijan_na_1_ljutoho_2025_roku.jpg

* * *

Эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW) лічаць, што расійскія войскі ў цяперашні час рыхтуюцца да атачэння Купянска і фарсіраванню ракі Аскол, а таксама працягваюць «паўзучае прасоўванне» ва Украіне. Гэта значыць, што яны не разлічваюць на спыненне агню і замарозку альбо заканчэнне гарачай фазы вайны ва Украіне.

Расійцы нядаўна актывізавалі наступальныя аперацыі на поўнач ад Купянска. «Тэмпы расійскіх наступальных аперацый на гэтым участку фронту ў цэлым былі значна ніжэй, чым дзе-небудзь на ўсходзе Украіны на працягу большай часткі 2024 года, і расійскія падраздзяленні ў гэтым раёне, верагодна, добра адпачылі і падрыхтаваліся да пачатку шматмесячнай кампаніі па атачэнні Купянска».

Пры гэтым у ISW мяркуюць, што расійскія вайскоўцы не маюць значных незадзейнічаных рэзерваў, якія можна было б накіраваць на гэтыя намаганні, але расійскае вайсковае камандаванне можа быць гатовае перадыслакаваць перадавыя падраздзяленні з іншых участкаў фронту, каб скарыстацца любымі значнымі тактычнымі перавагамі ў раёне Двурэчнай — Купянска.

«Расійскае вайсковае камандаванне прадэманстравала, што яно гатовае ўдзельнічаць у аперацыях, якія могуць доўжыцца ад шасці да дзевяці месяцаў. Яно, верагодна, дзейнічае, зыходзячы са здагадак або ведаў пра тое, што Пуцін не мае намеру заканчваць вайну ва Украіне ў найбліжэйшай будучыні», — зазначаюць эксперты.

«Атачэнне Купянска будзе шматмесячнымі высілкамі, якія запатрабуюць ад расійскіх войскаў закрыць прабел шырынёй 25-30 кіламетраў, а таксама фарсіраваць раку Аскол, захопліваць невялікія населеныя пункты, якія сустракаюцца на іх шляху, і адбіваць контратакі Украіны. Расійскае камандаванне, падобна, не турбуецца аб хуткасці або паслядоўнасці свайго прасоўвання ва Украіне, верагодна, таму, што лічыць, што вайна будзе працягвацца да таго часу, пакуль Расія не нанясе ваеннае паражэнне Украіне» — пішуць эксперты ISW.

* * *

Раніцай 1 лютага расійская армія атакавала Украіну крылатымі і балістычнымі ракетамі. У Харкаўскай і Палтаўскай абласцях трапленні, ёсць ахвяры і пацярпелыя сярод грамадзянскага насельніцтва.

У Палтаве ракета трапіла ў жылы дом. Разбураны пад'езд з першага па пяты паверх, вядома пра трох загінулых і 10 параненых. Сярод пацярпелых дзіця. З дому выратавалі 21 чалавека.

У Харкаве ракета трапіла ў Халаднагорскім раёне ў межах жылой забудовы, загінула жанчына, вядома пра яшчэ пяці пацярпелых.

Таксама ўночы 1 лютага армія РФ нанесла па Запарожжы ўдары 18 дронамі. Гэта адна з самых масіраваных атак на горад. У розных раёнах адбыліся пажары. Пашкоджаны аб'ект інфраструктуры, шматпавярховы і прыватныя дамы, навучальныя ўстановы, аўтамабілі. Пацярпеў 57-гадовы мужчына.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у пятніцу заявіў, што яго адміністрацыя ўжо правяла «вельмі сур'ёзныя» дыскусіі з Расіяй адносна яе вайны ва Украіне, і што ён і кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін могуць неўзабаве прыняць «значныя» меры для спынення вайны, піша The Associated Press.

Трамп не сказаў, хто з ягонай адміністрацыі кантактаваў з расійцамі, але пераконваў, што абодва бакі «ўжо размаўляюць». На пытанне, ці гаварыў ён ужо непасрэдна з Пуціным, Трамп адказаў стрымана: «Я не хачу гэтага казаць».

* * *

У Дональда Трампа не выключылі, што заканчэння вайны ва Украіне магчыма дамагчыся за месяцы, а не гады, і для гэтага ўжо ёсць «надзейны план», заявіў Fox News спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў пытаннях Украіны і Расіі Кіт Келаг.

Са слоў генерала ў адстаўцы, для гэтага прэзідэнт ЗША Дональд Трамп «стварае рычагі як для Кіева, так і для Масквы», бо «ведае, дзе і як націснуць».

Да таго ж, як падкрэсліў ён, «у інтарэсах нацыянальнай бяспекі ЗША развязаць расійска-ўкраінскую вайну». «Калі мы зможам спыніць гэтую вайну, то гэта будзе выгадна ўсяму свету, уключаючы Злучаныя Штаты», — дадаў прадстаўнік адміністрацыі Трампа.

* * *

У панядзелак, 3 лютага, у пасольстве Украіны ў Латвіі ў Рызе адбудзецца мерапрыемства, на якім чыноўнікі абвесцяць аб адпраўцы УСУ партыі са 100 дронаў.

Дабрачынны праект па закупцы дронаў для Узброеных Сіл Украіны — грамадская ініцыятыва, падчас якой працягваецца збор фінансавых сродкаў на платформе «Ziedot.lv». Аўтары ініцыятывы на партале «Ziedot.lv» падкрэсліваюць, што ўкраінскія вайскоўцы маюць вострую патрэбу ў рознага кшталту беспілотніках-FPV-дронах, разведвальных і атакавальных беспілотніках.