«Я сказала брату, што мама спіць, але ён усё зразумеў». Цяжкі аповед юнай бежанкі з Марыупаля
Расійскія вайскоўцы з першых дзён вайны руйнуюць абложаны Марыупаль і тым самым прынеслі шмат гора мірным жыхарам, якія не змаглі своечасова яго пакінуць. Гісторыяй 16-гадовай дзяўчынкі, якая перажыла ўсе жахі вайны, падзялілася валанцёр Вера Хвуст у фэйсбуку.
«Ведаеце тое пачуццё, калі балюча? Я калісьці
закахалася ў хлопчыка, а ён у мяне не, і я думала, што гэта балюча. А аказалася,
што балюча бачыць, як твая мама памірае ў цябе на вачах. А брацік усё да яе
падыходзіць і кажа: «Матуля, не спі, ты замерзнеш». І мы ніколі не
трапім на яе магілу. Яна так і засталася ў сырым і цёмным падвале.
Мы хадзілі ў туалет, спалі, елі рэшткі ежы ў адным склепе.
А неяк дзядзька Коля злавіў голуба, гэта быў напэўна пяты ці
шосты дзень, і мы яго засмажылі, і елі. А потым нас усіх ванітавала.
Мама трымалася да апошняга, за тры дні да нашай эвакуацыі яна
памерла.
Я сказала брату, што яна моцна спіць, і яе не варта будзіць.
Але здаецца, ён усё зразумеў. Зразумеў яшчэ калі памерла наша суседка, а мы не
маглі яе вынесці, і яна пачала пахнуць. А потым стала ціха, і дзядзька Коля яе
вынес, і сам падарваўся на расцяжцы. Мама вельмі плакала. Пасля смерці таты дзядзька
Коля быў самым блізкім чалавекам.
...трупы так смярдзяць. Яны там былі ўсюды. Я брату закрыла
вочы мамчыным шалікам, што б ён гэтага не бачыў. Пакуль мы беглі, мяне некалькі
разоў ледзь не званітавала.
Я не веру больш у вашага Бога. Калі б ён быў, мы б так не
пакутавалі. Мая мама ніколі, чуеце, ніколі не рабіла нічога дрэннага. Яна нават
не пакідала дзядзьку Колю на ноч у іншым пакоі, пакуль яны не пажаніліся. Яна
хадзіла ў храм і спавядалася часта, і я. Дзядзька Коля нават паліць кінуў, каб мама не нервавалася, што гэта грэх. А ваш Бог узяў і прыбраў яе. Мне там
бацюшка нешта казаў, што мама будзе несці служэнне Богу, толькі лепш бы яна
несла служэнне тут, выхоўваючы нас.
Я ненавіджу Расію. Мой родны дзядзька там. Ведаеце, што ён
мне сказаў сёння па тэлефоне? «Каця? Якая яшчэ Каця? Дзяўчынка, я вас не
ведаю. Якая вайна, якая Каця?». А потым напісаў з левага нумара: «Каценька, не пішы мне. Для мяне і маёй сям'і гэта небяспечна. А маму ўжо
не вярнуць».
Я ненавіджу іх! Гэта ж была яго родная сястра?! Як так
можна?
...ведаеце, я думаю, што я вярнуся ў Марыупаль. І буду жыць
на тым жа месцы. І буду кожны раз, у адзін і той жа дзень спускацца ў падвал
новага дома і класці кветкі.
А яшчэ страшна, калі дзеці плачуць, а нельга. Нельга, каб чулі. Гэтыя вырадкі знаходзілі людзей у падвалах і забівалі. Тыя хто выжыў,
казалі, што рускія вайскоўцы маглі згвалціць і дзяцей, і старых, і нават трупы.
Калі Бог ёсць, чаму ён гэта дапускае?
Я жыць больш не хачу. Нас цяпер падзеляць, напэўна. І я, магчыма, не ўбачу свайго брата. Навошта? Навошта гэты Пуцін нас ратаваў? Мы ж
добра жылі, нават машыну купілі. Дядзя Коля абяцаў навучыць мяне вадзіць. Яны
нават яе спалілі. І кватэры няма. Я памерці хачу і не магу.
...Абдыміце сваіх дзяцей! А то вас не стане, і яны не
ўспомняць ваш пах. Калі я вытрымаю і потым будуць у мяне дзеці — я буду іх
абдымаць кругласутачна», — распавяла дзяўчынка.
Як паведамлялася раней, акупацыйныя войскі 30 сакавіка
мэтанакіравана нанеслі ўдары па будынку ў Марыупалі, адзначаным сімвалам
Чырвонага Крыжа.
Акрамя таго, самі расійцы не саромеюцца публікаваць відэа
сваіх «подзвігаў». Так, у сеткі з'явілася запіс, на якой відаць, як
танк акупантаў расстрэльвае шматкватэрны дом у горадзе.