Камендант Маскалёў. Каго Кіеў прызначыў кіраваць захопленай тэрыторыяй Курскай вобласці
Генерал-маёр Эдуард Маскалёў у прамым сэнсе ўвайшоў у гісторыю, стаўшы першым камендантам, які будзе ўвасабляць украінскія ўлады на расійскай тэрыторыі, — як сцвярджаюць у Кіеве, у поўнай адпаведнасці з міжнародным правам.
Бі-бі-сі расказвае, што вядома пра Маскалёва і ў чым будуць састаяць яго функцыі на новай пасадзе.
«Нават у Генштабе жартуюць, што падставай для гэтага магло стаць ягонае прозвішча»
Суразмоўцы Бі-бі-сі называюць Эдуарда Маскалёва прынцыпова непублічным чалавекам, які свядома пазбягае ўвагі прэсы. У адкрытым доступе можна знайсці толькі базавыя факты, якія даюць агульнае ўражанне аб яго прафесійным шляху.
Маскалёву 50 гадоў. У сярэдзіне 2000-х ён скончыў кіеўскую Нацыянальную акадэмію абароны. Вядома, што ў 2012 годзе ён узначальваў танкавы полк у вядомым ва Украіне навучальным цэнтры "Дзясна".
У верасні 2014 года палкоўнік Маскалёў атрымаў ордэн Багдана Хмяльніцкага ІІІ ступені — гэта сведчыць аб яго ўдзеле ў баявых дзеяннях на Данбасе з першых месяцаў гібрыднага ўварвання Расіі.
У жніўні 2018 года ўказам прэзідэнта Пятра Парашэнкі Эдуард Маскалёў атрымаў званне генерал-маёра.
Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ў сакавіку 2022 года прэзідэнт Уладзімір Зяленскі прызначыў Маскалёва — на той момант начальніка штаба аператыўнага камандавання "Усход" Сухапутных войскаў - камандуючым Аб'яднаных сіл. Гэта азначала, што ён узначаліў групоўку войскаў на ўсходзе Украіны. Тады ж Маскалёў атрымаў ордэн Багдана Хмяльніцкага ІІ ступені.
З пасады камандуючага Аб'яднанымі сіламі Зяленскі звольніў генерала ў лютым 2023 года. Пасля гэтага Маскалёў быў камандуючым аператыўна-стратэгічнай групоўкай войскаў "Адэса", аператыўна-тактычнай групоўкай "Данецк", а затым вярнуўся на папярэднюю пасаду ў Адэсу.
15 жніўня 2024 года галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі заявіў, што Эдуард Маскалёў быў прызначаны кіраўніком толькі што створанай камендатуры, якая будзе працаваць у Курскай вобласці.
"Ніхто дакладна не ведае, чаму камендантам у Курскую вобласць прызначылі менавіта Маскалёва, але нават у Генштабе жартуюць, што падставай для гэтага магло стаць яго прозвішча", — жартуе суразмоўца Бі-бі-сі, блізкі да ваеннага кіраўніцтва дзяржавы.
Ужо сур'ёзна крыніца Бі-бі-сі апісала Маскалёва як негаваркога, хутчэй замкнёнага, даволі строгага мужчыну, які раскрываецца толькі ў коле бліжэйшых знаёмых.
У той жа час Маскалёва характарызуюць як «акопнага, а не кабінетнага» генерала, які шмат часу праводзіць у непасрэдных зносінах з байцамі — і, напрыклад, не грэбуе простай салдацкай ежай.
"Ён вельмі выканаўчы, ён не стане будаваць пацёмкінскія вёскі", — распавёў суразмоўца Бі-бі-сі. Магчыма, менавіта гэта было галоўнай прычынай прызначэння Маскалёва камендантам у Суджы.
На гэтай пасадзе, па словах крыніцы Бі-бі-сі, ад генерала не будуць патрабаваць кіраваць баявымі дзеяннямі — непасрэдна гэтым займаюцца зараз і будуць займацца ў далейшым іншыя людзі. Яго пасылаюць у Курскую вобласць з улікам яго якасцяў цвёрдага і эфектыўнага мэнэджара, арганізатара.
Па дадзеных Бі-бі-сі, перад камендатурай у Курскай вобласці ўкраінскія ўлады паставілі наступныя задачы: арганізаваць падтрымку жыццядзейнасці мясцовага насельніцтва ў адпаведнасці з усімі нормамі міжнароднага права, падтрымліваць грамадскі парадак, забяспечыць выдачу мясцовым жыхарам гуманітарнай дапамогі і аказваць ім іншую неабходную дапамогу, арганізаваць лагістыку чалавечых і грузавых патокаў на гэтай тэрыторыі, стварыць умовы для працы гуманітарных арганізацый, якія ў бліжэйшы час заедуць у Курскую вобласць.
Камендатура пад кіраўніцтвам Маскалёва павінна будзе не толькі наладзіць нейкае падабенства нармальнага жыцця, наколькі гэта магчыма ў цяперашніх абставінах, але і прадэманстраваць усяму свету, як павінна паводзіць сябе войска на захопленай тэрыторыі іншай дзяржавы. І тым самым паказаць ашаламляльны кантраст з паводзінамі расейскіх вайскоўцаў на захопленых імі з 2022 года ўкраінскіх землях.
Пры гэтым стварэнне ўкраінскай камендатуры на ўзятых пад кантроль расійскіх тэрыторыях не азначае, што ў Кіева ёсць тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Расіі — гэта падкрэслівае ўкраінскі МЗС.
Кіеў адзначае, што стварае на тэрыторыі Курскай вобласці «зону бяспекі», якая павінна засцерагчы ад расійскіх абстрэлаў і нападаў насельніцтва прымежнай Сумскай вобласці Украіны. Эксперты мяркуюць, што ў нечаканай аперацыі ўкраінскіх сіл могуць быць і іншыя вайсковыя і палітычныя мэты.
Масква стварэнне Украінай камендатуры ў Курскай вобласці не каментавала. У праваенных тэлеграм-каналах гэты крок характарызуюць як замах Кіева на суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Расіі.
Заходнія СМІ паведамляюць, што ўкраінскія войскі пачалі акопвацца на падкантрольнай ім тэрыторыі Курскай вобласці. Гэта можа сведчыць аб тым, што адыходзіць з занятых імі зямель у бліжэйшы час яны не маюць намеру.