Кіркораў, Білан, Міхалкоў, Лаліта, Петрасян… Украіна ўвяла санкцыі супраць артыстаў з РФ
Украіна сёння афіцыйна ўвяла санкцыі супраць расійскіх артыстаў. У спісе — 119 прозвішчаў, сярод іх Філіп Кіркораў, Мікіта Міхалкоў, Ірына Алеграва, Яўген Петрасян, Маргарыта Сіманьян, Леанід Якубовіч і іншыя.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сёння, 7 студзеня, увёў у дзеянне пастанову Рады нацыянальнай бяспекі і абароны аб санкцыях супраць канкрэтных асоб.
У спісе 119 чалавек, у асноўным гэта расійскія знакамітасці, спевакі, акцёры, тэлевядоўцы. Многія з іх публічна выказвалі падтрымку вайны Расіі супраць Украіны.
Прапагандысты Аляксандр Дугін, Маргарыта Сіманьян, спевакі Дзмітрый Білан, Філіп Кіркораў, Аляксандр Буйноў, Уладзімір Праснякоў, Стас П'еха, Міхаіл Шуфуцінскі, Раман Архіпаў, Ірына Алеграва, Аніта Цой, Пелагея Цялегіна, Вікторыя Дайнэка, Ларыса Доліна, музыкант Валерый Дзідзюля, рок-музыкант Сяргей Бобунец, Валерый Кіпелаў, оперная спявачка Ганна Нятрэбка, рэжысёр Мікіта Міхалкоў, артыст Яўген Петрасян, тэлевядучыя Леанід Якубовіч, Дана Барысава і іншыя.
Ёсць у спісе і трое грамадзян Украіны: тэлевядоўца Жанна Бадоева, футбаліст Анатоль Цімашчук, спявачка Лаліта Міляўская (у яе падвойнае грамадзянства — Расіі і Украіны).
Згодна з дакументам, людзям са спісу заблакуюць іх украінскія актывы, з імі належыць спыніць гандлёвыя аперацыі, ануляваць усе ліцэнзіі або дазволы, забараніць здзяйсненне здзелак па каштоўных паперах і перадачу аўтарскіх правоў.
Паводле ВВС, украінскай службы РБК, www.kommersant.ru