Ліквідная дэмакратыя

У жніўні ў Германіі адбудзецца прэзентацыя кампутарнай сістэмы «Liquid Feedback», якая можа цалкам змяніць наша ўяўленне пра мадэль дэмакратыі.

«Liquid Feedback 2.0» — праграма, чымсьці падобная на сацыяльную сетку Facebook або «ВКонтакте». Яна павінна вырашыць галоўную праблему дэмакратычнай сістэмы — забяспечыць кожнаму грамадзяніну права прыняць непасрэдны ўдзел у вырашэнні той ці іншай праблемы.



62ce4772adc0fbeae29391fc0e22509c.jpg

У жніўні ў Германіі адбудзецца прэзентацыя кампутарнай сістэмы «Liquid Feedback», якая можа цалкам змяніць наша ўяўленне пра мадэль дэмакратыі.
«Liquid Feedback 2.0» — праграма, чымсьці падобная на сацыяльную сетку Facebook або «ВКонтакте». Яна павінна вырашыць галоўную праблему дэмакратычнай сістэмы — забяспечыць кожнаму грамадзяніну права прыняць непасрэдны ўдзел у вырашэнні той ці іншай праблемы.
Кожны ўладальнік акаўнта ў «Liquid Feedback 2.0» можа напісаць любую прапанову. Іншыя юзеры могуць рэагаваць на «законапраект» — падтрымаць яго або прагаласаваць супраць. Такім чынам, пісаць законы і галасаваць за іх з дапамогай гэтай тэхналогіі можа кожны з нас, не надаючы гэта права дэпутату, які часта галасуе бескантрольна. Дэпутату ў такой сістэме застаецца толькі быць мадэратам дэбатаў і пасля галасавання на форуме агучыць думку сваіх выбаршчыкаў.
Важны момант у гісторыі з «Liquid Feedback 2.0» палягае ў тым, што гэта праграма — не проста цацка для прасунутых праграмістаў. У сістэмы ёсць лобі. Гэта нямецкая Партыя піратаў, якая за апошні год праварвалася ў тры зямельных парламента і мае някепскія шансы стварыць сваю фракцыю ў Бундэстагу пасля выбараў у наступным годзе.
З самага пачатку існавання партыя марыць замяніць цяперашнюю прадстаўнічую дэмакратыю на ліквідную дэмакратыю — так яны называюць новую мадэль народнага прадстаўніцтва. Пляцоўкай для эксперыменту стала сама партыя. На цяперашні час на платформе «Liquid Feedback» спрабуюць працаваць некаторыя рэгіянальныя секцыі Партыі піратаў.
Праўда, пакуль практычны вынік эксперыменту дастаткова сціплы, пра што сведчыць статыстыка: зараз у шэрагах нямецкай Партыі піратаў 30 тысяч чалавек, аднак толькі тры з паловай тысячы зарэгістраваліся ў сетцы «Liquid Feedback».
Самі сябры Партыі піратаў кажуць, што праблема палягае ў некаторых тэхнічных момантах. Цяперашняй версіі сістэмы патрэбна шмат часу, каб зарэгістраваць новага карыстальніка. Акрамя таго, каб навучыцца ёй карыстацца, таксама патрэбны час. Адсюль вынікае неабходнасць спецыяльных курсаў. Ёсць думка і пра тое, што «Liquid Feedback» дазваляе спецслужбам лепш ідэнтыфікаваць радыкалаў-апазіцыянераў.
Наяўнасць праблем прызнае і аўтар «Liquid Feedback 2.0» — Марцін Хаас — прафесар лінгвістыкі з Бамберга, нефармальны лідар Партыі піратаў. Менавіта яму два гады таму прыйшла ідэя стварэння новай версіі «Liquid Feedback». Яна павінна стаць тэхнічнай прыладай, якую можна будзе прапанаваць для дэмакратычнага прыняцця рашэнняў у межах, большых за рамкі адной партыі.
Хаця сама праграма з’явіцца толькі ў жніўні, ужо зараз хапае скептыкаў, якія лічаць «Liquid Feedback 2.0» фантомам. Каб ліквідная або базісная дэмакратыя сапраўды працавала, трэба забяспечыць усіх грамадзян кампутарамі і інтэрнэтам. На першы погляд, гэта няцяжка. Відавочна, што імклівы прагрэс у сферы камунікацыі хутка дазволіць кожнаму ўладальніку мабільнага тэлефона мець доступ да інтэрнэту. Аднак у дадатак неабходна асобная сістэма індывідуальнага пропуску на сайт для галасавання. Ініцыятары прапануюць надаваць кожнаму паўнагадоваму грамадзяніну разам з пашпартам пароль на рэсурс. Пакуль гэта гучыць вельмі экзатычна, асабліва з улікам таго, як часта ўзломваюць паролі доступу.
Прыхільнікі традыцыйнай дэмакратычнай мадэлі прыняцця рашэнняў справядліва кажуць пра праблему кворуму пры ліквіднай дэмакратыі. Наколькі цікава ўсім грамадзянам вузкая тэма, якую вымушаны разглядаць прафесійны парламент? Таму, магчыма, законапраект, які тычыцца спецыфічнай праблематыкі, з-за адсутнасці жадаючых галасаваць ніколі не атрымае патрэбнай колькасці галасоў. Дарэчы, некаторыя партыйныя рашэнні ў рэгіёнах з-за адсутнасці кворуму на «Liquid Feedback 2.0» прымаліся 1,6 працэнта галасоў сяброў партыі.
Ёсць яшчэ праблема кантролю падліку галасоў. Як вядома, у Казахстане на некаторых выбарчых участках можна галасаваць праз кампутары. Сістэма віртуальнага галасавання існуе прыкладна з 2005 года, аднак гэта ніяк не паўплывала на характар казахскіх выбараў. Больш таго, кампутарнае галасаванне зрабіла працэс галасавання яшчэ больш непразрыстым, паколькі ўсе дадзеныя адразу ідуць на цэнтральны кампутар, код доступу да якога маюць выключна лаяльныя ўладзе сябры ЦВК.
Брытанскі часопіс «Economist» правёў спецыяльнае апытанне экспертаў наконт таго, ці магчыма электроннае кіраванне грамадствам. Толькі 10 працэнтаў вераць, што такая мадэль будзе эфектыўна працаваць.
Як піша нямецкая прэса, вера ў цудадзейны софт можа аказацца бомбай для Партыі піратаў. Пакуль яна рабіла піяр галоўным чынам на пратэстах супраць спроб цэнзуры ў сеціве. Фактычна, выбух інтарэсу да пірацкага праекту ў ФРГ адбыўся на фоне скандалу вакол ваяўнічых планаў Урсулы фон дэр Лейен — міністра па справах сям’і ў папярэднім кабінеце Ангелы Меркель.
У 2009 годзе яна прапанавала блакаваць сайты, якія ўтрымліваюць кантэнт з дзіцячым порна. Шмат хто з карыстальнікаў пабачыў тут замах на свабоду ў інтэрнэце. Менавіта на хвалі кампаніі супраць «Цэнзурулы» — так юзеры празвалі фрау фон дэр Лейен — Партыя піратаў зрабіла неверагодны скачок у рэйтынгах з 0,9 працэнта два гады таму да цяперашніх 7–8. Адзін час за яе гатовыя былі галасаваць нават 13 працэнтаў нямецкага электарату.
Пасля таго, як міністры Ангелы Меркель адмовіліся ад ідэі маралізацыі інтэрнэту, тэма «Liquid Feedback 2.0» аказалася вельмі зручнай. Менавіта са спасылкай на неэфектыўнасць існуючай сістэмы прадстаўніцтва некаторыя піраты адмаўляюцца ўдзельнічаць у рознага кшталту палітычных ток-шоў або казаць нешта падчас парламенцкіх дэбатаў. Так, у пачатку чэрвеня партыя выступіла супраць прапанаванага федэральным урадам механізму фінансавай стабілізацыі (ESM) са спасылкай на кепскі софт. Быццам, адсутнасць адпаведнага софту не дазваляе партыі прымаць правільныя (прынятыя на аснове базіснай дэмакратыі) рашэнні адносна ESM.
З іншага боку, нельга разглядаць ліквідную дэмакратыю як нейкую ўтопію. Магчыма, на ўзроўні ўсяго грамадства яна не спрацуе. Аднак пад уплывам цяперашніх дэбатаў некаторыя грамадзянскія ініцыятывы перайшлі на «Liquid Feedback». Гэта жа зрабілі некаторыя дэпутаты, якім важна ведаць пазіцыю выбаршчыкаў. У любым выпадку, прагрэс у гэтым накірунку заўважны.
Магчыма, на папярэднім этапе нямецкім піратам варта пацікавіцца распрацоўкамі іспанскай левай арганізацыі «Дэмакратыя зараз». Іспанцы прапанавалі, каб у новым парламенце быў створаны інстытут віртуальнага дэпутата, які б галасаваў за той ці іншы законапраект адпаведна вынікам мікра-рэферэндуму ў інтэрнэце. Прычым яго голас будзе ўлічвацца, калі ў плебісцыце прыме ўдзел колькасць юзераў, роўная колькасці выбаршчыкаў на сярэднім выбарчым участку.
А ўвогуле, магчыма, скептычныя прагнозы наконт магчымасцяў «Liquid Feedback 2.0» робяцца занадта рана. Лепш дачакацца прэзентацыі новай платформы. Яна адбудзецца 11 жніўня.