Літоўскі параліч

У Літве самы цяжкі за часы незалежнасці ўрадавы крызіс — заканадаўчая і выканаўчая ўлады не могуць дамовіцца наконт фармату ўраду. Пра прычыны крызісу і прагнозы яго развіцця журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з літоўскім палітыкам Саулісам Пікштусам



top.jpg

— У чым галоўная праблема на шляху стварэння кааліцыі?

— Справа ў юрыдычных момантах. А дакладней, у пазіцыі прэзідэнта Далі Грыбаўскайтэ, якая не стала пасіўна назіраць за працэсамі ва ўнутрыпалітычным жыцці краіны і актыўна ўмяшалася ў перамовы наконт стварэння кааліцыі. Яна заявіла, што не дасць згоды на стварэнне кабінету з удзелам Партыі працы, якую ўзначальвае Віктар Успаскіх. Па канстытуцыі, прэзідэнт сапраўды можа накладаць вета на рашэнне партый стварыць урад.

Яшчэ пасля першага туру лідар Партыі працы дамовіўся пра стварэнне кабінету з эсдэкамі і партыяй «Парадак і справядлівасць». Заставаліся толькі тэхнічныя праблемы — падзел партфеляў. Паводле літоўскай палітычнай традыцыі, пасада прэм’ера дастаецца таму кааліцыянту, які набраў больш працэнтаў. Аднак па выніках першага туру было цяжка зразумець канчатковы вынік. Паводле літоўскага выбарчага заканадаўства, 70 дэпутатаў абіраецца па партыйных спісах, а яшчэ 71 — па мажарытарных акругах, дзе пераможцам лічыцца той, хто атрымаў больш за 50 працэнтаў галасоў. Для гэта патрабуецца працэдура другога туру. Па яго выніках перамагла апазіцыя: эсдэкі атрымалі 38 мандатаў, «Парадак і справядлівасць» — 11 і Партыя працы — 28. Разам тройка мае большасць дэпутатаў у парламенце са 141 чалавека. Гэтага па канстытуцыі дастаткова для стварэння ўраду.

— Чаму прэзідэнт не дае згоду на кааліцыйны ўрад у такім фармаце?

— Афіцыйная адмова Грыбаўскайтэ тлумачыцца тым, што дзяржавай не могуць кіраваць людзі, якія праходзілі па розных крымінальных справах і выбарчых падтасоўках. Гаворка, зразумела, пра Партыю працы і яе лідара Віктара Успаскіх — алігарха рускага паходжання. Дастаткова ўзгадаць, што Успаскіх пасля першага праходу яго партыі ў парламент (2000 г.) і яе ўваходжання ў склад ураду хутка злавілі на падатковых махінацыях і партыйнай «чорнай бухгалтэрыі». У 2004–2006 гадах у дакументах ПП не зафіксавалі прыбыткі на суму 25 мільёнаў літаў і выдаткі на суму 23 мільёна літаў. Гэтыя скандалы каштавалі партыйнаму лідару адстаўкі з пасады міністра эканомікі і нават імклівай эміграцыі ў Расію. Там Успаскіх папрасіў палітычны прытулак. Пасля вярнуўся ў Літву.

І, здаецца, зноў заняўся звыклай справай. 10 лістапада Канстытуцыйны суд прызначыў выбары часткова нелегітымнымі. Шэраг дэпутатаў ад Партыі працы абвінавацілі ў подкупе выбаршчыкаў. У трох акругах, дзе пераможцамі спрэчных выбараў сталі прадстаўнікі Партыі працы, ім прадпісана перадаць свае мандаты. Акрамя таго, раней Генеральная пракуратура выступіла з заклікам узмацніць жорсткасць абвінавачвання ў згаданай справе пра чорную бухгалтэрыю Партыі працы.

— Не зразумела, як Успаскіх мог вярнуцца ў Літву і заняцца палітыкай пасля таго, што нарабіў?

— Гэта вялікая таямніца, разгадку якой ніхто пакуль не ведае. Успаскіх, сапраўды, некалькі разоў пасля вяртання арыштоўвалі, але хутка адпускалі. Адна з самых папулярных версій — карупцыйныя сувязі ў літоўскай палітычнай эліце. Так, пропуск у палітыку яму даў экс-прэзідэнт Паксас, які пасля імпічменту нечакана для ўсіх са сваёй партыяй пасябраваў з Партыяй працы. Дарэчы, неаднаразова Паксаса вінавацілі ў фінансаванні яго партыі праз структуры «Газпрама».

— Чаму літоўцы галасуюць за Успаскіх нягледзячы на такі шлейф скандалаў?

— Гэта, на першы погляд, абсалютны феномен, паколькі ўзровень ведання літоўскай культуры і мовы Успаскіх жадае лепшага. Тут некалькі прычын. Сапраўды, шмат хто ў Літве расчараваўся ў дзяржаўнай сістэме і законнасці. Шмат хто ўвогуле не верыць, што выбарамі можна нешта змяніць, і выкарыстоўвае паход на выбарчы ўчастак як спробу пратэсту. Успаскіх, якога называюць літоўскім Жырыноўскім, цалкам выконвае ролю куміра пратэстнай часткі электарату.

— Калі меркаваць па каментарах у расійскай прэсе, новы ўрад разглядаюць як прамаскоўскі.

— У Літве мала рускіх (каля 6 працэнтаў), і ў адрозненні ад Латвіі і Эстоніі так званага «рускага пытання» няма. Аднак «Газпраму» яўна не падабаецца прыняты раней антыманапольны закон, які забараняе пастаўшчыкам газу адначасова прадаваць энерганосьбіты кліентам. Лічыцца, што гэта было моцным ударам па пазіцыях мясцовай газпрамаўскай кампаніі «Lietuvos Dujos». Цяпер Літва і «Газпрам» судзяцца наконт гэтага закона ў Стакгольмскім арбітражным судзе. Магчыма, у выпадку прыходу Успаскіх ва ўрад пазіцыя Літвы стане больш мяккай.

— Ці адмовіліся кааліцыянты ад ідэі фармавання ўраду пасля заявы Грыбаўскайтэ і рашэння Канстытуцыйнага суда?

— 12 лістапада яны зрабілі спецыяльную заяву наконт рашэння КС. Па словах лідараў «тройкі», хаця выбары адбываліся з парушэннямі, а на некаторых акругах іх вынікі нелегітымныя, у цэлым яны прайшлі законна. Таму няма падстаў мяняць сваё рашэння сфармаваць левацэнтрысцкую кааліцыю. У сваю чаргу, Грыбаўскайтэ лічыць, што такога вердыкту дастаткова, каб прызнаць выбары нелегітымнымі.

— Як літоўскае грамадства ставіцца да ўчынку Грыбаўскайтэ?

— З 2009 года, калі Грыбаўскайтэ была абраная прэзідэнтам, яе рэйтынг трымаецца на ўзроўні 70 працэнтаў, і пакуль застаецца такім жа стабільна высокім і вышэйшым за рэйтынг лідара эсдэкаў Альгірдаса Буткявічуса, які павінен узначаліць кааліцыю. У яго каля 15 працэнтаў падтрымкі ў грамадстве.

— Калі Грыбаўскайтэ не дасць згоды на стварэнне трохпартыйнай кааліцыі, што можа чакаць Літву?

— Першае, што прыходзіць у галаву, — блок кансерватараў і эсдэкаў. Аднак створаны на такой базе ўрад будзе вельмі няўстойлівы. Менавіта за кошт супрацьпастаўлення сваёй платформы ідэалогіі кансерватараў сацыял-дэмакраты і атрымалі перамогу на выбарах. Застаецца варыянт больш шырокай кааліцыі з удзелам польскай партыі, лібералаў і іншых карлікавых фракцый. Аднак палітолагі скептычна ставяцца да перспектыў доўгага існавання такога стракатага ўраду.

Яшчэ адзіны варыянт — трохпартыйная кааліцыя са загаданых партый, аднак без асабістага ўдзелу ў ёй Віктара Успаскіх і іншых дыскрэдытаваных асобаў. З фармальнай кропкі гледжання, усё быццам добра, калі не браць пад увагу той факт, што ўсё ў Партыі працы вырашае асабіста Успаскіх, і фактычна міністры, прызначаныя па квоце Партыі працы, будуць папросту яго марыянеткамі. Наўрад ці Грыбаўскайтэ пагодзіцца на такі варыянт.

Развязка крызісу надыдзе, калі парламент сфармуе і накіруе на зацвярджэнне прэзідэнта склад новага ўрада. Карыстаючыся рашэннем Канстытуцыйнага суда пра частковую нелегітымнасць выбараў, прэзідэнт паспрабуе распусціць Сейм. Што будзе далей, пакуль прагназаваць цяжка, аднак у любым выпадку наўрад ці канфрантацыя выйдзе за рамкі прававога поля.