Мая — пчолка са свастыкай

Славутаму літаратурнаму персанажу пчолцы Маі споўнілася сто гадоў. Мала хто ведае, што ў свой час яна стаяла на службе прапаганды германскага імперыялізму і нацызму.

Роўна сто гадоў таму, у лютым 1912 года, у кніжных крамах Германіі з’явілася кніжка “Пчолка Мая і яе прыгоды. Яе аўтарам быў Вальдэмар Банзельс (нара­дзіўся ў 1880 годзе), сын аптэкара. Да таго, як узяцца за пяро, ён працаваў камерсантам за мяжой і журналістам.



27e9661e033a73a6ad8cefcde965c54d.jpg

Славутаму літаратурнаму персанажу пчолцы Маі споўнілася сто гадоў. Мала хто ведае, што ў свой час яна стаяла на службе прапаганды германскага імперыялізму і нацызму.
Роўна сто гадоў таму, у лютым 1912 года, у кніжных крамах Германіі з’явілася кніжка “Пчолка Мая і яе прыгоды. Яе аўтарам быў Вальдэмар Банзельс (нара­дзіўся ў 1880 годзе), сын аптэкара. Да таго, як узяцца за пяро, ён працаваў камерсантам за мяжой і журналістам.
Сюжэт кнігі, думаецца, вядомы ўсім, аднак нагадаць яго будзе не лішнім. Маладая пчолка Мая напоўнена жаданнем даследа­ваць велізарны свет за межамі вулля. Таму яна робіць абсалютнае ў вачах пчалінай супольнасці злачынства — уцякае. Падчас сваіх прыгод Мая заводзіць сяброўства з іншымі істотамі і разам з імі перажывае розныя небяспекі. У кульмінацыі кнігі Мая трапляе ў палон да шэршняў, галоўных ворагаў пчол. Яна выбіраецца з вязніцы і адначасова даведваецца, што шэршні плануюць атакаваць яе родны вулей. У пчолкі цяпер няпросты выбар — вярнуцца ў вулей, каб паведаміць пра атаку, і панесці пакаранне за ўцёкі. Або выратавацца самой, не вяртаючыся ў вулей, якому пагражае немінучае знішчэнне. Пасля цяжкіх роздумаў, Мая, як і варта чакаць, прымае рашэнне вярнуцца. Дзякуючы яе інфармацыі пчолы разбіваюць войска шэршняў. Мая атрымлівае прабачэнне за свае ўцёкі, становіцца гераіняй вулля.
Мала будзе сказаць, што кніжка выклікала вялікую цікавасць. Адпаведна статыстыцы, да Другой сусветнай вайны аповесць пра прыгоды Маі займала чацвёртае месца па колькасці прададзеных кніг у Германіі. Іх агульны наклад перавысіў за 2 мільёны экзэмпляраў. Кніга была яшчэ тады перакладзеная на 40 моваў.
Нядзіўна, што на твор вельмі хутка паклалі вока кіношнікі. У 1925 годзе выйшла першая экранізацыя. Цікава, што на здымкі быў запрошаны навуковец-батанік. Усё таму, што галоўныя ролі выканалі жывыя пчолы. Лічыцца, што гэта быў першы ў гісторыі поўнаметражнай фільм, дзе былі зняты жывыя насякомыя.
Новы выбух папулярнасці Маі прыйшоўся на другую палову 1970-х гадоў, калі пры ўдзеле японскай мультыплікацыйнай кампаніі “Zuiyo Enterprises нямецкі канал ZDF зняў мультсерыял, які стаў культавым у шматлікіх краінах. Да прыкладу, у 1977 годзе адна з песняў мультфільму нават узначаліла хіт-парад у ФРГ. Калі сезон закончыўся, канал ZDF атрымаў 40 тысяч лістоў з просьбай працягнуць аповесць пра Маю. Пасля было знята яшчэ 52 часткі.
Нягледзячы на тое, што галоўную песню спеў Карэл Гот, стужку пра Маю СССР чамусьці не набыў. Мая, Вілі, Фліп і іншыя персанажы казкі сталі вядомыя нашай дзіцячай аўдыторыі толькі ў 1991 годзе.
Між тым, яшчэ ў 1970-я гады літаратуразнаўцы, каментуючы бум вакол пчолкі Маі, спрачаліся наконт таго, што б сказаў пра яго сам віноўнік падзеі. Справа ў тым, што Вальдэмар Банзельс з-за Маі трапіў у не вельмі прыемную гісторыю.
Як не дзіўна, яго Мая вельмі спадабалася нацыстам, хаця спачатку яны не любілі Вальдэмара Банзельса. Усе яго кнігі, акрамя Маі, былі нейкі час забароненыя. Каб зразумець прычыну любові гітлераўцаў да пчолкі Маі, трэба проста ўважліва перачытаць аповесць.
Напісаная ў 1912 годзе кніга была байкай з палітычным падтэкстам, якая ўхваляла нямецкі нацыяналізм. Мая сімвалізуе ідэальнага грамадзяніна, а вулей — добра арганізаванае мілітарысцкае грамадства. Прысутнічаюць таксама элементы расізму.
Так, Мая двойчы моцна злуецца. Першы раз гэта адбываецца, калі конік Фліп не бачыць розніцы паміж пчоламі і восамі. У сваім злым вербальным нападзе Мая называе восаў «бескарыснай хеўрай бандытаў», у якіх няма «ні Радзімы, ні веры».
У другім выпадку муха называе Маю ідыёткай, на што тая крычыць на яе і пагражае навучыць «паважаць пчол». Пры гэтым пчолка пагражае мусе сваім джалам. Маўляў, павага засноўваецца ў першую чаргу на страху перад сілай і ўжываннем гвалту.
Іншай важнай тэмай кніжкі з’яўляецца калектывізм. Незалежныя погляды галоўнай гераіні і яе ўцёкі з вулля разглядаюцца з асуджэннем, але яе віна выкупаецца папярэджаннем пра напад шэршняў. Гэта дэманстрацыя лаяльнасці аднаўляе яе месца ў грамадстве. У той частцы кнігі, якая апісвае напад шэршняў, у адкрыта мілітарысцкіх тонах усхваляецца воля пчол да абароны і гераічныя смерці пчол-салдат.
Застаецца дадаць, што лексіка каралевы пчолаў утрымлівае ледзь не цытаты з выступаў імператара Вільгельма Другога падчас крызісу вакол “Паўстання баксёраў (нацыяналістычнае паўстанне ў Кітаі супраць прысутнасці замежных каланізатараў 1898 года). Для здушэння руху ў Кітай была пасланая сумесная экспедыцыя войскаў еўрапейскіх дзяржаў. У корпусе былі і немцы, якіх Вільгельм Другі праводзіў у ваяж тымі ж словамі, што каралева вулля пчол на бітву з шэршнямі.
Натуральна, Мінкультуры Трэцяга рэйху ўключыла Маю ў падручнікі, а сам аўтар быў абласканы рэжымам. Банзельс таксама аддзячыў і ў 1943 годзе выдаў раман “Der Grieche Dositos, які цалкам упісваўся ў афіцыйную ідэалогію нацызму. Аўтар спрабаваў давесці, што Ісус Хрыстос не быў яўрэем. Да самага канца жыцця Банзельс лічыў гэты твор самым важным у сваёй кар’еры літаратара.
Цяжка сказаць, ці карыстаўся “Der Grieche Dositos цікавасцю ў чытачоў Трэцяга рэйху. Затое дакладна вядома, што ў кніжкі была свая аўдыторыя пасля вайны. Яе складалі людзі з камісіі па дэнацыфікацыі. Банзельса спрабавалі прыцягнуць да адказнасці за супрацоўніцтва з нацызмам, аднак пасля пакінулі ў спакоі. Нягледзячы на гэта, пісьменніка ў грамадстве лічылі ледзь не карычневым, а Маю называлі не інакш як “пчолка са свастыкай. У выніку Банзельс аказаўся ў ізаляцыі, з’ехаў у правінцыю і ў 1952 годзе памёр.
Калі напрыканцы 1970-х пачаўся ўсплёск папулярнасці пчолкі Маі, пра яе супярэчлівае мінулае намагаліся не ўзгадваць. Тым больш, што на патрэбу публікі для мультфільма было напісана шмат сцэнарыяў і прыдумана багата сюжэтных хадоў, якіх няма ў арыгінальным тэксце. Яны пісаліся з пункту гледжання еўрапейскай палітычнай карэктнасці і ніякіх расавых забабонаў не ўтрымліваюць. Фактычна, пчолка Мая, якую мы ведаем з мультфільмаў, вельмі не падобная на свайго літаратурнага прататыпа.
Аднак гэта яшчэ не канец гісторыі. Напярэдадні стогадовага юбілею персанажа нямецкая газеты “Frankfuter Runfschau апублікавала артыкул пра тое, што вобраз Маі ўтрымлівае прапаганду нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі. На думку аўтара артыкулу, уцёкі Маі з вулля — не што іншае, як пратэст яе лібіда супраць патрыярхальнага грамадства. А тое, што сяброўства Маі і трутня Віллі не пераходзіць межы сяброўства, быццам добра сведчыць пра тое, што яна як мінімум бісэксуал. Вось такая тэорыя.
Між тым, пакуль літаратуразнаўцы спрачаюцца наконт сэксуальнага крэда пчолкі Маі, канал ZDF абвясціў пра стварэнне новых 80 серый пра яе прыгоды, якія будуць знятыя ў фармаце 3D. Фанаты Маі змогуць атрымаць задавальненне ў наступным годзе.