Мінабароны РФ абвінаваціла «Новую газету» ў распаўсюдзе «фэйкаў» пра вайну ва Украіне
Мінабароны Расіі абвінаваціла "Новую газету" ў распаўсюдзе фэйкаў пра вайну ва Украіне, паведамляе www.currenttime.tv.
«Асобныя расійскія СМІ, і перш за ўсё "Новая
газета", нас не пачулі, — гаворыцца ў заяве Мінабароны РФ. — Яны актыўна
прасоўваюць фэйкавую інфармацыю, падрыхтаваную абкуранай хеўрай нацыяналістаў і
СБУ. Аператыўна транслююць любыя ўкраінскія фэйкі практычна аднамомантна з іх
публікацыяй у сацсетках».
«Новая газета» ў сваім тэлеграме адказала, што да гэтага часу не атрымала адказу Мінабароны Расіі на свой запыт наконт інфармацыі. «Каб рэдакцыя публікавала вашу інфармацыю, яе трэба прадастаўляць», — напісала рэдакцыя.
Раней Мінабароны РФ папярэдзіла пра «рост непраўдзівых паведамленняў аб аперацыі ва Украіне» ў сацсетках і СМІ. «Мы папярэджвалі ўсе сродкі масавай інфармацыі аб тым, што нам добра вядома пра інфармацыйныя ўкіды, якія рыхтуюцца СБУ (Службай бяспекі Украіны), і заклікалі быць вельмі ўважлівымі», — гаварылася ў паведамленні.
26 лютага дзесяць расійскіх СМІ атрымалі ад Раскамнагляду патрабаванне выдаліць публікацыі пра вайну ва Украіне, дзе «спецыяльная вайсковая аперацыя» называлася вайной, уварваннем або нападам.