Мінабароны РФ заявіла, што расійскія вайскоўцы цалкам узялі пад кантроль Саледар (абноўлена)

Расійскія вайскоўцы ўсталявалі поўны кантроль над горадам Саледар у Данецкай вобласці Украіны, за які ў апошнія тыдні ішлі жорсткія баі. Пра гэта гаворыцца ў штодзённай зводцы Мінабароны Расіі.

battle_of_soledar__september_25__2022.jpg.webp

Як сцвярджае ведамства, «вызваленне» Саледара было завершана ўвечары 12 студзеня. Кіеў не каментаваў захоп горада. Раніцай 13 студзеня ў Мінабароны Украіны заявілі, што ўначы баі за горад працягваліся.

Напярэдадні ўвечары ў эфіры ў Марка Фейгіна дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч не выключыў, што Сілы абароны Украіны могуць пакінуць Саледар. Ён, аднак, адзначыў, што гэта не будзе паражэннем для Украіны, а адбудзецца ў выніку планавага кантраляванага адступлення.

Інстытут вывучэння вайны ў ранішняй зводцы таксама падкрэсліў, што захоп маленькага Саледара не паспрыяе Расіі нават у далейшым наступе на Бахмут.

Паводле меркавання экспертаў, узяцце Саледара мае выключна сімвалічны сэнс для пуцінскай арміі. Мяркуецца, што расійская прапаганда зробіць з гэтага буйную і гераічную падзею і будзе ўсяляк ухваляць поспех акупацыйных войскаў. Пры гэтым у баях за Саледар, якія пачаліся пяць месяцаў таму, Расія панесла агромністыя чалавечыя страты, якія налічваюць некалькі дзясяткаў тысяч чалавек — кадравых вайскоўцаў, мабілізаваных, вагнераўцаў і іншых. Сам жа горад за гэты час амаль цалкам зруйнаваны.

UPD. Украінскі бок аператыўна абверг інфармацыю Мінабароны РФ аб узяцці Саледара. Спікер Усходняй групоўкі войскаў УСУ Сяргей Чараваты ў каментары РБК-Украіна заявіў, што такія заявы не адпавядаюць рэчаіснасці. Паводле яго слоў, баі ў горадзе працягваюцца.