Мінабароны Украіны: расійскія акупанты збіраюцца захапіць Харкаў
Расійскія акупацыйныя войскі рыхтуюцца акружыць украінскія сілы Аперацыі Аб'яднаных сіл і захапіць Харкаў.
Пра гэта на брыфінгу паведаміў спікер Міністэрства абароны Украіны Аляксандр Матузянік, перадае УНІАН.
"Працягваецца шырокамаштабная ўзброеная агрэсія Расіі супраць нашай дзяржавы. Асноўныя намаганні праціўнік засяродзіў на падрыхтоўцы да аднаўлення наступальных дзеянняў, каб акружыць групоўку ААС і завалодаць горадам Харкаў", – заявіў Матузянік.
Таксама спікер адзначыў, што Расія працягвае прымяняць высокадакладнае ўзбраенне для знішчэння аб'ектаў крытычнай інфраструктуры Украіны, прадпрымае меры па фарміраванні і перамяшчэнні дадатковых падраздзяленняў са складу Усходняй і Цэнтральнай ваенных акруг узброеных сіл Расіі для ўдзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны.
"Супернік узмацняе групоўку войскаў Заходняй і Паўднёвай ваенных акруг у Слабажанскім і Данецкам аперацыйных раёнах. Робіць гэта як за кошт перакідкі войскаў з іншых ваенных акруг, так і шляхам прыцягнення падраздзяленняў свайго мабілізацыйнага рэзерву", — заявіў спікер Мінабароны.
Акрамя таго, паводле яго слоў, вораг наладжвае маршруты лагістычнага забеспячэння групоўкі войскаў, стварае запасы боепрыпасаў, ракет і гаруча-змазачных матэрыялаў, а таксама ажыццяўляе падрыхтоўку медыцынскіх устаноў для прыёму вялікай колькасці параненых.
"У цэлым, расійскія акупацыйныя войскі праводзяць перагрупоўку і спрабуюць палепшыць тактычнае становішча на асобных напрамках поўдня Украіны", — дадаў Матузянік.