Мяса за «гарматнае мяса». У Якуціі сем'і мабілізаваных атрымалі ад уладаў «падзяку» (фота)
У Якуціі сем'ям мабілізаваных (альбо, як іх называюць, «мобікаў») падарылі тушы аленяў. Такім спосабам мясцовае прадпрыемства «падтрымала» родных «гарматнага мяса», жартуе ўкраінскі партал unian.net.

Аляніну выдала аленегадоўча-прамысловае прадпрыемства «Арктыка» з ініцыятывы адміністрацыі раёна.
«Сем'і мабілізаваных былі радыя такой дапамозе», — піша мясцовая прэса.
Адзначаецца, што пасля абвяшчэння «частковай мабілізацыі»
ўлада «актыўна аказвае дапамогу» сем'ям «мобікаў», у
прыватнасці, прадуктамі харчавання, грашовымі выплатамі і льготамі. Раней мэр Якуцка
Яўген Грыгор'еў аднаразова раздаваў сем'ям «мобікаў» бясплатныя баршчовыя наборы.
Нагадаем, што найбольш мабілізацыя закранула нацыянальныя рэгіёны Расіі. Акрамя Якуціі, гэта найперш Бурація — дэпрэсіўная рэспубліка, дзе армія з'яўляецца адным з нешматлікіх сацыяльных ліфтаў. Таксама шмат было мабілізавана ў Дагестане, дзе нават дайшло да вулічных пратэстаў.

21 верасня Пуцін абвясціў «частковую мабілізацыю» ў Расіі, што
заахвоціла сотні тысяч мужчын пакінуць краіну. Паводле звестак СМІ,
Міністэрства абароны РФ сабрала ў войска мінімум 492 тысячы мабілізаваных.
Гэтых навічкоў часта замест абяцаных папярэдніх вучэнняў проста кідалі на гарачыя ўчасткі фронту прыкрываць падраздзяленні, якія
адыходзяць. Праз гэта многія з іх загінулі літаральна праз некалькі дзён пасля прыбыцця на вайну.

Праз адсутнасць падрыхтоўкі мабілізаваныя сталі для Пуціна
праблемай, а не падтрымкай. Як пісала брытанская разведка, менавіта ў сувязі з
папаўненнем страт непадрыхтаванымі навабранцамі наступальны патэнцыял Расіі
скончыўся.
На фоне набліжэння краху на полі бою Крэмль актывізаваў
спробы пачаць з Украінай «дыялог», але зноў настойваючы на сваім
ультыматуме адносна «далучэння» Данбаса, Херсонскай і Запарожскай
абласцей у склад краіны. Лічыцца, што такім чынам Пуцін жадае «купіць» час для
падрыхтоўкі да наступнага этапу вайны з Украінай.