На фронт ва Украіне замест паўночных карэйцаў пойдуць расійскія жанчыны?
Ідзе 1062-гі дзень вайны ва Украіне, развязанай Расіяй пры саўдзеле беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі. Па даных украінскага боку, з 12 тысяч чалавек паўночнакарэйскага кантынгенту Украіна ўжо знішчыла каля паловы. Тым часам для вайны ва украіне расіяне пачалі вербаваць жанчын.
За мінулыя суткі ўздоўж усёй лініі фронту было зафіксавана 189 баявых сутыкненняў. Сітуацыя застаецца складанай, паведамляе Генштаб УСУ. Па-ранейшаму напружаным застаецца Пакроўскі кірунак, дзе было спынена 89 штурмавых дзеянняў расійцаў.
На Купянскім кірунку было адбіта 13 атак войскаў РФ. На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 17 разоў.
На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 19 атак, на Новапаўлаўскім — 16 атак у накірунках Канстанцінопаля і Вялікія Навасёлкі.
На Харкаўскім кірунку расійцы тройчы спрабавалі прарваць абарончыя рубяжы УСУ паблізу Ваўчанска пры падтрымцы авіяцыі.
Сілы абароны Украіны працягваюць аперацыю ў Курскай вобласці Расіі. За мінулыя суткі расіяне нанеслі па курскай вобласці 12 авіяўдараў, украінскія войскі адбілі 14 штурмавых дзеянняў расійцаў.
* * *
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) фіксуе прасоўванне войскаў РФ у Курскай вобласці, паблізу Купянска, Лімана, Часавага Яра, Тарэцка, Курахава і Вялікіх Навасёлкак. Аднак сілы абароны Украіны адбілі раней страчаныя пазіцыі паблізу Часавага Яру і Тарэцка.
Войскі РФ нядаўна прасунуліся на поўдзень ад Суджы ў Курскай вобласці. Геалакацыйныя кадры ад 18 студзеня паказваюць, што расійцы прасунуліся ва ўсходняй частцы Курылаўкі.
Расіяне нядаўна прасунуліся ўздоўж расійска-ўкраінскай мяжы на паўночны ўсход ад Купянска. У Генштабе УСУ прызналі, што войскі РФ атакавалі паблізу Строеўкі (на паўночны ўсход ад Купянска ўздоўж мяжы Украіны і Расіі). На думку экспертаў ISW, гэта можа паказваць, што нядаўнія сцвярджэнні расійскага «ваенкора» аб прасоўванні пуцінскіх войскаў на поўнач ад Таполі (на паўднёвы ўсход ад Строеўкі) з'яўляюцца дакладнымі.
Геалакацыйныя кадры ад 18 і 19 студзеня сведчаць аб тым, што расійцы акупавалі Іванаўку і Церны, і прасунуліся на захад ад Іванаўкі і на поўдзень ад Старых Цернаў.
У раёне Часавага Яру фіксавалася прасоўванне як Сіл абароны Украіны, так і расійскіх сіл. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 18 студзеня, паказваюць, што УСУ аднавілі раней страчаныя пазіцыі на вогнеўпорным заводзе ў цэнтры горада.
Сілы абароны Украіны прасунуліся на Тарэцкім кірунку. Апублікаваныя 19 студзеня геалакацыйныя кадры сведчаць, што УСУ адбілі раней страчаныя пазіцыі ў паўднёвай частцы Шчарбінаўкі (на паўднёвы захад ад Тарэцка).
* * *
Расійская армія ў ноч на панядзелак, 20 студзеня, запусціла па Украіне 141 беспілотнік рознага тыпу, паведамляюць Паветраныя сілы Украіны. Таксама расіяне ўжылі балістычную ракету «Іскандэр-М» з Курскай вобласці па Сумскай вобласці.
Пацверджана збіццё 93-х ударных дронаў тыпу Shahed і беспілотнікаў іншых тыпаў. Яшчэ 47 беспілотнікаў лакацыйна страчаныя без негатыўных наступстваў, два з іх паляцелі назад у Расію.
* * *
* * *
Войскі КНДР, якія ўдзельнічаюць у баях у Курскай вобласці на баку расійскай арміі, дзейнічаюць па састарэлай савецкай тактыцы, наступаючы ў складзе ўзводаў і рот, распавёў галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі ў інтэрв'ю тэлемарафону.
Галоўнакамандуючы адзначыў, што вайскоўцы КНДР на фронце «бяруць сваёй масавасцю». Разам з тым ён адзначыў, што вайна «цяпер іншая», таму з агульнай колькасці паўночнакарэйскага кантынгенту ў 11-12 тысяч чалавек палова ўжо «або параненая, або знішчаная».
* * *
Эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW) паказваюць на тое, што расійцы павялічваюць колькасць асабовага складу так званых добраахвотніцкіх вайсковых атрадаў, вярбуючы жанчын для ўдзелу ў вайне ва Украіне.
Былы кіраўнік «Раскосмасу» і так званы «сенатар» ад акупаваных тэрыторый Запарожскай вобласці Дзмітрый Рагозін паведаміў 19 студзеня, што расійскі атрад «БАРС-Сармат» (расійскі баявы армейскі рэзерв) набірае спецыялістаў і некваліфікаваных мужчын і жанчын з усёй Расіі для ўдзелу ў баявых дзеяннях ва Украіне. Гэта паведамленне з'явілася пасля нядаўняй расійскай прапагандысцкай хвалі, якая асвятляла набор расійскіх жанчын у розныя баявыя падраздзяленні УС РФ.
* * *
Спікер парламента Фінляндыі Юсі Хала-аха заявіў, што свет ужо можа знаходзіцца ў Трэцяй сусветнай вайне і што ігнараванне фактаў канфлікту ў свеце прывядзе да яшчэ большых наступстваў. «Калі мы не ведаем, ці знаходзімся мы ў стане вайны, заўсёды лепш меркаваць, што знаходзімся», — прыводзіць яго словы выданне Yle.
Хала-аха сцвярджае, што абарона і дапамога Украіне павінны быць вышэйшым палітычным прыярытэтам. Ён сказаў, што вайна ва Украіне павінна прыцягваць больш увагі ў фінскай палітыцы, чым гэта адбываецца цяпер.
* * *
Расійскія экспарцёры могуць не вярнуць да 30% валютнай выручкі ў краіну пасля ўзмацнення санкцый ЗША супраць банкаўскага сектара Расіі, піша The Moscow Times у панядзелак, 20 студзеня.
«Гэта істотная сума, што негатыўна ўплывае на фінансавы стан кампаній і іх здольнасць весці далейшую дзейнасць, уключаючы імпартныя закупкі», — адзначыў партнёр адвакацкага бюро Nordic Star Андрэй Гусеў.
Паводле яго слоў, праблемы з разлікамі асабліва негатыўна адбіліся на кампаніях, якія працуюць у сферы сыравіннага экспарту і высокатэхналагічнага абсталявання. Затрымкі ў вяртанні валютнай выручкі прывядуць да запаволення імпартнай плыні ў Расію. На фоне гэтых праблем многія экспарцёры вымушаныя абмяжоўваць разлікі са сваімі контрагентамі, і, такім чынам, падрадчыкі не могуць прыступіць да новых імпартных паставак.