На шляху да Галіцкай дзяржавы?

Нядаўнія сацыялагічныя апытанні нечакана выявілі агмені сепаратызму ў Заходняй Украіне — гістарычным бастыёне ўкраінскага нацыяналізму.

Фота www.fondsk.ru

Фота www.fondsk.ru

У нашумелым серыяле «Слуга народа» ёсць эпізод, калі ўкраінскі прэзідэнт Васіль Галабародзька (яго ролю выконваў Уладзімір Зяленскі) выходзіць з турмы, каб даведацца пра забаўную рэч — за час яго зняволення Украіна, мякка кажучы, трошкі змянілася. На месцы адзінай краіны паўсталі 28 незалежных краінаў. Сярод іх такія фармаванні, як Легітымная Украіна, Шведская Воласць (на месцы Палтаўскай), Янтарная Рэспубліка, Заходняя Джорджыя, Галіцкае Каралеўства і нават Кашэрная Рэспубліка.

Гэты фрагмент серыяла шматлікім украінцам прыйшоў на памяць, калі яны азнаёміліся з дадзенымі красавіцкага апытання Кіеўскага міжнароднага інстытута сацыялогіі (КМІС). КМІС па замове выдання «Дзеркало тижня» правёў апытанне адносна падтрымкі канцэпцыі адзінай украінскай дзяржавы або «ўнітарнасці» ў Заходняй Украіне. Вынікі шакавалі.

Пераканайцеся самі: працэнт жыхароў Закарпацкай вобласці, якія выступаюць за ўнітарную цэнтралізаваную Украіну, за 5 гадоў зменшыўся больш чым у 3,5 раза — з 91,5% у 2014-м да 26% цяпер. У суседняй Чарнавіцкай вобласці аналагічны трэнд: колькасць прыхільнікаў унітарнай Украіны тут таксама скарацілася — з 69,7% у 2014 годзе да 32% у 2019-м.

Нават Галіцыя (Львоўская, Тэрнопальская і Івана-Франкоўская вобласці) выступае за ўнітарную, але дэцэнтралізаваную краіну з большай самастойнасцю рэгіёнаў (40 працэнтаў апытаных). Самае цікавае, што тут узмацніліся ідэі на карысць львоўскай незалежнасці — 4,3% апытаных (у снежні 2014 года «незалежнікаў» было не больш, чым 0,2%). Пры гэтым відавочна, што псіхалагічна насельніцтва прызвычайваецца да магчымасці стварэння Галіцкай дзяржавы.

Колькасць тых, хто адказаў, што «Галіцкая дзяржава не можа быць створаная, паколькі Украіна адзіная», паменшылася з 84,2% у 2014-м да 68,5%. Адзіны пазітыў для патрыётаў — група прыхільнікаў вяртання заходнеўкраінскага краю ў склад Польшчы ўпала з 2,8% у 2014-м да 1,5% цяпер.

Натуральна, дарэчы задаць пытанне: ці не працуюць заказчыкі апытання на знешнія цэнтры? Як і варта было чакаць, у Маскве імгненна пачалі насіцца з дадзенымі КМІС і казаць пра «ласкутнасць» украінскага дзяржаўнага праекта. Пытанне наконт датычнасці Крамля было б слушнае, калі б гаворка не ішла пра «Дзеркало тижня» — на працягу апошніх дзясяткаў гадоў гэта дакладна самае аўтарытэтнае нацыянальнае ліберальнае выданне ў краіне. Дарэчы, адзін з куратараў апытання — намеснік рэдактара газеты Сяргей Рахманінаў, які ўваходзіць у выбарчы спіс партыі «Голас» Святаслава Вакарчука, чый электарат знаходзіцца менавіта ў Заходняй Украіне.

Таму ў лічбы ад КМІС украінская аўдыторыя ў асноўным паверыла. А вось адзінага адказу на пытанне наконт прычынаў сепаратысцкай хвалі на Захадзе краіны няма. Сярод версій — недасканаласць закона аб дэцэнтралізацыі. Запушчаная пару гадоў таму рэформа, якая павінна была ўзмацніць эканамічную аўтаномію на месцах, магчыма, узмацніла рэгіянальныя эліты. Яе прадстаўнікі задумаліся пра яшчэ большае дыстанцыяванне ад цэнтра.

Цэнтрабежныя настроі, безумоўна, узмацняе характэрны для ўсіх краін комплекс правінцыялаў адносна сталіцы, які стымулюе татальная розніца ва ўзроўні жыцця. Калі паглядзець на ўзровень ВУП на душу насельніцтва ў розных рэгіёнах, то ў Кіеве гэты паказчык у шэсць разоў вышэйшы, чым у Тэрнопальскай або Закарпацкай абласцях. А сярэдні заробак адразу ў дзесяці рэгіёнах краіны ў два разы менш за сталічны. Кіеў таксама асацыюецца з бяздушнай бандай чыноўнікаў і бюракратаў, якія штампуюць антысацыяльныя пакеты законаў.

Агучваецца і вельмі незвычайны тэзіс. Нібыта, дзякуючы бязвізаваму рэжыму з Еўрасаюзам у жыхароў Заходняй Украіны абвастрылася еўрапейская ментальнасць. Варшава, Будапешт і Бухарэст сталі для многіх трошкі бліжэй, а, скажам, Харкаў і Адэса — крыху далей.

Так ці інакш, вынікі апытання КМІС б’юць па пазіцыях былога прэзідэнта. Як ні круці, менавіта ў выніку пяцігадовай кадэнцыі Парашэнкі такія словы, як «федэралізм», «рэгіянальная самастойнасць», «аўтаномія», паступова страцілі сваю таксічнасць.

Зрэшты, у атачэнні Пятра Парашэнкі аператыўна прыдумалі сваю трактоўку дадзеных сацыялагічнага зандажу. Там лічаць, што драйверам заходнеўкраінскага сепаратызму з’яўляецца пагроза рэваншу, якую, нібыта, уяўляе туманны курс новага прэзідэнта. Патэнцыйная небяспека таго, што Уладзімір Зяленскі затармозіць дрэйф Украіны ў Еўропу, заканамерна стымулюе пражэкты інтэгравацца ў ЕС на рэгіянальным узроўні.

Нарэшце, ёсць ідэя, што паніка наконт магчымасці АТА ў Львове гіпертрафаваная. Аптымісты адзначаюць, што рабіць глабальныя высновы на базе апытання КМІС нельга. Колькасць рэспандэнтаў даследавання склала ўсяго 800 чалавек. На іх думку, пераважная большасць жыхароў заходніх абласцей пакуль па-ранейшаму звязвае сваю будучыню з адзінай Украінай. Сапраўды, знешне верагоднасць дэзінтэграцыі дзяржавы, выбуху масавай цікавасці да ідэй сепаратызму не прачытваецца.

Песімісты ў адказ прапануюць узгадаць даследаванне 2012 года, праведзенае па замове праграмы развіцця ААН у Крыме. Тады 40 працэнтаў жыхароў паўвострава бачылі сябе ў складзе Украіны. Апынуцца ў складзе Расіі марылі 38 працэнтаў. На Данбасе прарасійская фракцыя ўвогуле не выходзіла за мяжу 10 працэнтаў. Што было пасля — усім вядома.

Пакінем у гэтай спрэчцы апошняе слова за журналістамі з «Дзеркало тижня». Згодна з іх рэзюмэ, «за пяць апошніх гадоў намеціўся рост «антысаборных» настрояў. Калі ўлада будзе і далей ігнараваць гэтую тэндэнцыю, рызыка лёгка трансфармуецца ў рэальную пагрозу».