МУС Расіі пачало выдаваць расійскія пашпарты жыхарам ДНР і ЛНР
На мяжы Расіі і Украіны жыхарам Данецкай і Луганскай народных рэспублік пачалі выдаваць пашпарты РФ. Пуцін патлумачыў выдачу дакументаў гуманітарнымі мэтамі, а ўлады Украіны заяўлялі, што не будуць іх прызнаваць.
Пашпарты выдаюць у двух часовых пунктах пропуску, паведамляе РБК са спасылкай на крыніцы, блізкія да МУС.
З 24 красавіка жыхары ДНР і ЛНР могуць атрымаць расійскае грамадзянства ў спрошчаным парадку. Урад Украіны абвясціў незаконнымі расійскія пашпарты, якія атрымаюць жыхары самаабвешчаных рэспублік.
Усяго, паводле дадзеных РБК, заявы на выдачу пашпартоў падалі 12 тысяч жыхароў ДНР і ЛНР, з іх 1,2 тысячы заяў былі ўхваленыя.
Кіраўнік міграцыйнай службы ДНР Уладзімір Краснашчокаў паведаміў 14 чэрвеня, што першыя 34 жыхары самаабвешчанай рэспублікі прыехалі ў Расію, каб атрымаць грамадзянства. Ён адзначыў, што за атрыманнем расійскіх пашпартоў звярнулася больш за восем тысяч жыхароў ДНР.
Паводле meduza.io, www.rbc.ru