Не толькі нафта: Украіна спыняе экспарт расійскага зерня праз Азоўскае мора
Дальнабойныя ўдары Украіны па суднах расійскага «церневага флоту» далі нечаканы эфект: Расія можа пазбавіцца чвэрці экспарту свайго зерня. Менавіта столькі збожжа яна адпраўляла праз Азоўскае мора. Пры гэтым вытворчасць дронаў і ракет ва Украіне толькі расце. Ідуць 1604-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 279 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 16 ліпеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 38 штурмаў расіян у раёнах Дарожнага, Новааляксандраўкі, Сухецкага, Радзінскага, Грышына, Удачнага, Новасяргееўкі, у кірунку Біліцкага, Шаўчэнкі і Новапаўлаўкі.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 30 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Іллінаўкі, Іванаполля, Сафіеўкі, у кірунку Вольнага, Тарэцкага і Кучарава Яру.
На Славянскім кірунку армія Расіі штурмавала 22 разы ў бок Крывой Лукі, Рай-Аляксандраўкі, Рэзнікоўкі і Закітнага.
На Гуляйпольскім кірунку расійцы здзейснілі 18 атак у кірунку Гіркага, Цвятковага, Уздвіжаўкі, Верхняй Тэрса, Дабраполля і Чароўнага.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расіяне 15 разоў атакавалі ў раёне Старыцы, Арцельнага і ў бок Ізбіцкага, Графскага, Ліману, Вільчы, Сяёнаўкі, Каладзежнага, Куцькоўкі, Шаўякоўкаі, Хатняга і Амбарнага.
На Ліманскім кірунку войскі РФ 12 разоў спрабавалі прасунуцца ў бок Ліману, Дробышава, Азёрнага, у раёнах Навасёлаўкі і Ямпаля.
На Паўночна-Слабажанскім і Курскім кірунках адбылося 10 баявых сутыкненняў.
* * *
Кіеў у ноч на 16 ліпеня зведаў удар балістычнымі ракетамі. У чацвер раніцай мэр Кіева Віталь Клічко і выратавальнікі паведамілі пра двух загінулых, 6 чалавек пацярпелі.
16 ліпеня расійскія войскі атакавалі Адэсу. У выніку ўдару пашкоджана навучальная ўстанова, інфармацыю аб наступствах удакладняюць.
У ноч на 16 ліпеня расіяне нанеслі ўдары беспілотнікамі па Харкаве, зафіксаваны траплянні ў дом, тэрыторыю парка і гаражны кааператыў. Пра пацярпелых не паведамляецца.
У ноч на 16 ліпеня ў расійскіх гарадах Саратаў і Энгельс БПЛА нанеслі ўдары па ваенным аэрадроме.
* * *
* * *
Серыя ўкраінскіх атак прымусіла Расію прыпыніць суднаходства па Азоўскім моры, піша CNN.
Азоўскае мора гадамі было па-за дасяжнасцю Украіны, забяспечваючы Расіі зручны плацдарм для атак і звязваючы поўдзень РФ з сусветным акіянам. Аднак украінскія дроны ўсё змянілі: за апошнія дзевяць дзён Сілы беспілотных сістэм Украіны падбілі 116 расійскіх суднаў у Азоўскім моры.
Пастаянныя атакі Украіны прымусілі Расію прыпыніць рух праз Азоўскае мора. Закрыты два вузкія пункты: Дона-Азоўскі канал, які злучае мора з унутранымі воднымі шляхамі, і Керчанскі праліў, які злучае яго з Чорным морам.
Украіна атакуе расійскі ценявы флот нафтавых танкераў, якія перавозяць падсанкцыйнае паліва. Аднак блакаванне Азоўскага мора можа аказаць больш шырокі ўплыў на экспарт, які не падпадае пад санкцыі — пшаніцу ці сланечнікавы алей.
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што ўкраінскія ўдары ў Азоўскім моры «выяўляюць сабою новы этап у высілках Украіны па ізаляцыі акупаванага Крыма ад лагістычнай сеткі РФ і парушэнні расійскіх марскіх суднаходных шляхоў, асабліва для нафтапрадуктаў і збожжа».
Па словах Андрэя Сізава, вядучага аналітыка сельскагаспадарчых рынкаў Чорнага мора, каля 25% расійскага экспарту пшаніцы пастаўляецца праз Азоўскае мора. Цяпер гэты шлях перарэзаны, цэны на ф’ючарсы на пшаніцу выраслі. Расія сцвярджае, што можа перанакіраваць свой экспарт збожжа праз іншыя тэрміналы ў Чорным моры, аднак Сізаў кажа, што гэта будзе немагчыма ў пікавы сезон.
* * *
Расія змушана забіраць сістэмы СПА з Крайняй Поўначы. З-за рэгулярных атак украінскіх дронаў Крэмль перакідвае С-300 і С-400 для абароны нафтабаз і Масквы, паведамляе «Радыё Свабода».
Апошнія спадарожнікавыя здымкі сведчаць, што ключавыя ваенныя аб’екты РФ у Арктыцы засталіся без значнай часткі абароны. Масква перамясціла дывізіёны з некалькіх стратэгічных кропак, раней узмоцнена ахоўваемых.
З авіябазы Рагачова — Архіпелаг Новая Зямля — амаль поўнасцю знікла ракетная пазіцыя СПА, якая існавала прынамсі з 2015 года.
З Северадзвінска — горада, які з’яўляецца цэнтрам будаўніцтва расійскіх атамных падводных лодак — вывезлі каля двух дзясяткаў комплексаў С-300 і С-400.
Частку арктычных падраздзяленняў СПА перакідвалі непасрэдна ў зону баявых дзеянняў. Адзін з комплексаў з Северадзвінска аказаўся ў акупаваным Крыме, дзе ў выніку ліквідавалі яго камандзіра — падпалкоўніка Уладзіміра Спірыдонава.
Эксперты адзначаюць, што дальнабойныя ўдары ўкраінскіх беспілотнікаў ставяць перад Крамлём цяжкую дылему: Расія вымушана выбіраць, што менавіта абараняць — ваенныя базы на поўначы ці нафтаперапрацоўчыя заводы і Маскву.
Па ацэнках аналітыкаў, з поўнамаштабнага ўварвання ў 2022 годзе РФ перамясціла з пастаянных пазіцый каля 60% сістэм С-300 і С-400.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас саміту Украіна — Паўднёва-Усходняя Еўропа заявіў, што Украіна разлічвае да канца года атрымаць магчымасць вырабляць ракеты для комплексаў Patriot.
«Мы працуем над ліцэнзіямі Patriot. У нас была палітычная дамоўленасць. Мы разлічваем да канца 2026 года атрымаць магчымасць тэхнічна вырабляць украінскай камандай амерыканскія ракеты», — адзначыў ён.
Таксама ён паведаміў, што Украіна дасягнула дамоўленасцей з Францыяй і Італіяй адносна развіцця вытворчасці ракет для еўрапейскіх сістэм супрацьпаветранай абароны. «Мы дамовіліся па ракетах SCALP, Aster 30, а таксама па SAMP/T новага пакалення», — удакладніў Зяленскі.
Акрамя таго, у рамках еўрапейскай антыбалістычнай сістэмы FREYJA ўкраінскі бок распрацоўвае пускавую ўстаноўку і ракету, а партнёры павінны забяспечыць іншыя кампаненты, у прыватнасці радары. «Украіна будуе лончэр і ракету. Нам не хапае яшчэ іншых дэталяў, перш за ўсё радараў. Мы аб’ядналі цяпер восем краін гэтай ініцыятывы, і ўжо зразумелыя кампаніі, якія тэхналагічна могуць хутка вырашыць пытанне радараў», — расказаў Зяленскі.
Раней Зяленскі паведаміў, што тэхнічныя каманды працуюць над дэталямі праекта, і Украіна імкнецца пачаць вытворчасць «як мага хутчэй».
* * *
Еўрасаюз вылучыў яшчэ 1 млрд еўра Украіне на вытворчасць беспілотнікаў у рамках крэдыту на суму 90 млрд еўра, паведаміла Еўракамісія.
Гэта другі транш у межах крэдыту на падтрымку Украіны на суму 6 млрд еўра, прызначанага для закупкі дронаў. Гэты перавод дапаўняе першы транш у памеры 3,2 млрд еўра, нададзены Украіне 25 чэрвеня ў рамках праграмы макрафінансавай дапамогі, і першы плацёж у памеры 3,9 млрд еўра для закупкі дронаў, ажыццёўлены 30 чэрвеня.
Еўракамісія зацвердзіла план выдаткавання 10 млрд еўра для фінансавання дадатковых беспілотнікаў, ракет і знішчальнікаў, падкрэсліўшы доўгатэрміновую прыхільнасць ЕС да абароны Украіны і да стварэння больш моцнай і больш інтэграванай еўрапейскай абароннай прамысловай базы.
У той жа час кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, якая знаходзіцца ў Кіеве з візітам, і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісалі ліст аб намерах, які стане асновай дронавай здзелкі (Drone Deal) паміж Украінай і ЕС.
«Гэта гістарычны крок у нашых адносінах», — сказаў Зяленскі на прэс-канферэнцыі ў Кіеве.