«Падарунак» да юбілею
20 снежня Казахстан адзначыў 20-годдзе незалежнасці. Своеасаблівым падарункам казахскага народа на адрас улады сталі хваляванні працоўных у Жанаазене. Пра іх прычыны, рэакцыю грамадства і ўплыў на хуткія парламенцкія выбары журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з праваабаронцам Андрэем Грышыным з Алма-Аты.
20 снежня Казахстан адзначыў 20-годдзе незалежнасці. Своеасаблівым падарункам казахскага народа на адрас улады сталі хваляванні працоўных у Жанаазене. Пра іх прычыны, рэакцыю грамадства і
ўплыў на хуткія парламенцкія выбары журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з праваабаронцам Андрэем Грышыным з Алма-Аты.
— Хто ж стаяў за беспарадкамі? Спачатку хваляванні звязвалі са страйкам нафтавікоў. Афіцыйная федэрацыя прафсаюзаў нават асудзіла працоўных, якія паддаліся на правакацыі. Аднак
апошнім часам у афіцыёзе актыўна мусіруецца тэма хуліганаў. «Казахстанская праўда» піша: «З матэрыялаў папярэдняга расследавання, прадстаўленых Генпракуратурай, відавочна,
што нафтавікі ў пагромах і падпалах удзелу не прымалі».
— Усё проста. Паколькі сама з’ява бунтуючага працоўнага люду не ўпісваецца ў каноны прапаганды, пастолькі ўлады прыдумалі нейкіх хуліганаў. Аднак калі прачытаць, як характарызуюць
тых хуліганаў, то разумееш, што гэта тыя ж звычайныя працаўнікі. Па словах афіцыёза, іх адрознівае ад звычайных нафтавікоў тое, што яны ўжо некалькі месяцаў патрабуюць падвышэння сваёй і без таго
немаленькай зарплаты, адмаўляюцца прыслухацца да голасу розуму і адпрэчваюць любую дапамогу ў працаўладкаванні і г.д. Але нават калі і хуліганы, якія і сапраўды зламалі елку на галоўнай плошчы,
сарвалі канцэрт. Аднак у якой з краін у хуліганаў страляюць на паражэнне? Хіба толькі ў Казахстане.
— Сярод тых, хто асуджае беспарадкі на старонках афіцыёзу, шмат прадстаўнікоў так званых оралманаў — групоўкі этнічных казахаў-рэпатрыянтаў. Што гэта
азначае?
— Неабходна прызнаць наяўнасць праблемы оралманаў у рэгіёне, аднак яна не перавышае сярэдні фонавы ўзровень па рэспубліцы. Для параўнання: у Алма-Аце оралманы былі вялікай праблемай падчас
сутыкненняў з паліцыяй з-за захопленых імі тэрыторый. Наогул, як паказвае практыка, оралманы мірна працуюць (ці, наадварот, пратэстуюць), рэагуючы на мясцовую сітуацыю. Таму праблема оралманаў у
Мангістаўскай вобласці існуе выключна ў рамках праблемы перанаселенасці рэгіёна. Проста тэма оралманаў вельмі зручная. Абарыгены іх не вельмі любяць і часам улады выкарыстоўваюць гэта на сваю
карысць.
— Ермухамет Ертысбаеў, дарадчык прэзідэнта Казахстана, не сумняваецца ў тым, што за паўстаннем стаялі нейкія цэнтры. Цытую: «Мяркуючы па вельмі выразнай арганізацыі,
жалезнай дысцыпліне, гэта, па-за ўсякім сумневам, старанна спланаваная і добра прафінансаваная, акцыя, да якой маглі прыкласці руку вонкавыя сілы».
— Якія вонкавыя сілы, калі Казахстан адзін з лідараў па аб’ёме знешняга інвеставання? Дзеля гарантый бізнэсу Захад заўсёды зачыняў вочы на палітыку. З нафтавікамі кантактавала
апазіцыя, аднак рэсурсу для арганізацыі такога ўзроўню акцыі ў яе няма. Проста сітуацыя ўзарвалася. Усё лета і восень адносіны паміж бастуючымі працоўнымі і нафтавай кампаніяй абвастраліся. На шэсць
гадоў турмы была асуджана юрыст прафсаюзу нафтавікоў Наталля Сакалова — па абсурдным артыкуле — распальванне сацыяльнай нянавісці. Пасля былі забіты два прафсаюзных актывіста.
Абодва злачынствы дагэтуль не раскрыты. У паліцыі нават няма падазраваных! Супрацьстаянне перарасло ў адкрытую нянавісць, калі аб перамовах ужо не магло быць і гаворкі. Паўплывалі і мясцовыя
асаблівасці. У вобласці сапраўды нізкая якасць жыцця, перанаселенасць, малая колькасць зялёных зонаў у населеных пунктах. Адгэтуль вялікі стрэс, агрэсіўнасць. Нездарма шматлікія эксперты параўноўвалі
гэтыя падзеі з паўстаннем у Тэміртаў, дзе ў 1959 годзе тры дні панавала анархія. Мяцеж лакалізавалі масавымі расстрэламі. Загінула 11 чалавек, а тысячы збеглі ў стэп. Цікава, што праз год у Тэміртаў
прыехаў на працу малады металург Нурсултан Назарбаеў. Ён напэўна чуў пра паўстанне і ведаў, што яго чыннікамі былі не хуліганы, а сістэматычныя перабоі з забеспячэннем пітной вадой і прадуктамі,
адсутнасць звычайнага жылля, дрэнныя ўмовы працы.
— Літаральна напярэдадні Жанаазена Казахстан скаланула серыя вайсковых сутычак з ісламістамі. Паміж гэтымі падзеямі няма сувязі?
— Адным з фактараў, якія стрымліваюць распаўсюд рэлігійнага экстрэмізму, з’яўляецца адасобленае становішча казахскіх родаў Мангістаўскай вобласці і вынікаючы адгэтуль трайбалізм.
Аднак сувязь паміж Жанаазенам і Акцюбе (горад дзе мелі месца самыя буйныя вылазкі ісламістаў), безумоўна, ёсць. З пачаткам крызісу сацыяльная несправядлівасць, пагаршэнне матэрыяльнага становішча
насельніцтва, адсутнасць у вярхоў імкнення да прагрэсіўных змен сталі больш прыкметнымі. Паўстаў пратэстны рух разнастайных афарбовак. У сваю чаргу казахстанскія ўлады не змаглі стварыць эфектыўных
механізмаў нейтралізацыі сацыяльных канфліктаў. Таму і хапіла аднаго толькі буйнога выступу наёмных работнікаў, каб урад пайшоў на масавае забойства.
— Якая на сёння сітуацыя ў горадзе нафтавікоў?
— Пакуль рэгіён практычна закрыты. Але журналісты, што там пабывалі, малююць проста сюррэалістычную карціну. Горад цалкам акупаваны часткамі спецыяльнага прызначэння. На вуліцах наогул
нябачна мужчын. Яны ўсё хаваюцца, бо з’яўленне на вуліцах пагражае ім немінучым арыштам — усе падазраюцца ў беспарадках. Арыштаваных адвозяць у невядомым кірунку. Ходзяць чуткі, што
ў мясцовых турмах катуюць. Рэдкага мужчыну на вуліцы суправаджаюць звычайна як мінімум дзве жанчыны, намёртва ўчапіўшыся ў яго адзенне, каб калі што адбіць ад магчымага арышту. Па першым часе з-за
блакады выраслі кошты. Яйка быццам каштавала амаль два долара. Але я пераказваю толькі чуткі, якія даходзяць з-за паліцэйскага кардона.
— Афіцыёзная прэса перапоўнена лістамі і тэлеграмамі простых грамадзян, якія кляймяць пагромшчыкаў, сцвярджаюць сваё яднанне вакол лідара. Якая насамрэч рэакцыя
насельніцтва?
— Акрамя кампаніі ў прэсе папулярная практыка правядзення ў духу савецкіх часоў мітынгаў і сходаў, на якіх прымаюцца рэзалюцыі з асуджэннем беспарадкаў. Аднак большасці ўдзельнікаў гэтых
мерапрыемстваў відавочна ўсё да лямпачкі. Тым больш, што на вуліцы холадна і стаяць на мітынгах не вельмі прыемна. У блогасферы вядома шмат эмоцый і чутак. Тая ж інфармацыя, што ў Жанаазен едзе
Мінскі АМАП. Што да незалежнай аналітыкі, то яна звяртае ўвагу на сімвалічнасць падзеі. Пагромы адбыліся роўна ў 20-я ўгодкі незалежнасці Казахстана. Мімаволі ўзнікае пытанне: «Што ж
сапраўды дасягнуў Казахстан за 20 гадоў з таго, што дэкларуецца ўладамі?» Сапраўды стаў краінай, дзе ўсё так добра? Дзе пануе сацыяльная справядлівасць? Дзе эканамічныя поспехі настолькі
ўражваюць, што ім зайздросцяць усе астатнія краіны? Усё гэта аказалася блефам. Такі канфуз безумоўна накладзе адбітак на выбарчую кампанію ў парламент, якая днямі стартавала.