Палітыкі тыдня: Хасэ Ігнасіа Верт, Сяргей Сырбу, Дэвід Форд

Хасэ Ігнасіа Верт

Міністр адукацыі Іспаніі аднавіў адзінства каталонскіх незалежнікаў, якія пасля выбараў не могуць сфармаваць адзіны ўрад і разабрацца, як ім дабіцца незалежнасці.



wert_sesion_control_644x3621.jpg

Цяпер шансы на адзінства пабольшалі. Усё дзякуючы праекту закона пра лепшую якасць адукацыі (LOMCE), які Верт прапанаваў на разгляд парламентарыяў. Закон, як лічыць Верт, адлюстроўвае неабходнасць скарачэння бюджэтных сродкаў на вывучэнне некаторых прадметаў. Пад закон трапілі так заваныя «суафіцыйный мовы», адной з якіх з’яўляецца каталонская. Цяпер мову будуць вывучаць не як абавязковую, а ў рамках «спецыялізаваных курсаў». Такая рэформа, натуральна, выклікала нянавісць каталонскіх нацыяналістаў. На іх думку, новы закон нагадвае законы супраць ужывання каталонскай мовы, якія мелі месца ў часы дыктатуры Франка. На мінулым тыдні па Каталоніі пракацілася хваля маніфестацый пратэсту супраць ідэй Верта. Акрамя таго, вялікі маштаб набыла кампанія «Keep calm and speak catalan» («Маўчы і размаўляў па-каталонску») па папулярызацыі ўжывання каталонскай мовы ў побыце. Усе каталонскія партыі падтрымалі рашэнне ўраду Артура Маса, які ўзначаліў пратэсты. Напрыклад, Артур Мас сабраў подпісы муніцыпалітэтаў двух трацін мэрый, што дазваляе аспрэчыць LOMCE у іспанскім канстытуцыйным судзе. На думку экспертаў, у выпадку працягу канфлікту каталонцы могуць прыняць рашэнне аб правядзенні рэферэндуму наконт незалежнасці.
 



188512345.jpg

Сяргей Сырбу
Маладая зорка Кампартыі Малдовы — Сырбу — зрабіў імя на тым, што быў галоўным юрыстам КПРМ і прадстаўляў партыю ва ўсіх судовых інстанцыях, а таксама ў рэспубліканскім выбаркаме. На хвалі папулярнасці маладога юрыста ва ўзросце 31 год абралі дэпутатам парламенту. Сам Варонін — лідар Кампартыі, называў яго ўнукам. І вось 12 снежня Сяргей нечакана заявіў пра выхад з Кампартыі, што выклікала шок у малдаўскім палітыкуме, асабліва сярод камуністаў. Камуністычныя СМІ прапанавалі версію, што Сырбу папросту перакупілі. Больш таго, быццам у асяроддзі дэмакратаў існуе спецыяльная служба, якая займаецца перавярбоўкай перспектыўных камуністаў. Тая служба, быццам, займаецца зборам кампрамату і нават пагражае родным палітыкаў-камуністаў, каб тыя хутчэй выходзілі з партыі. Варта ўзгадаць, што за апошні год цэлы шэраг вельмі аўтарытэтных актывістаў КПРМ паклалі партабілеты на стол. Эксперты не вераць у такія фантастычныя тэорыі. На іх думку, проста шмат каму ў атачэнні Уладзіміра Вароніна некамфортна. Асабліва гэта стала відавочна пасля загаду Вароніна сябрам фракцыі КПРМ байкатаваць сустрэчу з Жазэ Барозу, які нядаўна наведаў Кішынёў.
 



20120514_no_more_them_and_us_img_1389.jpg

Дэвід Форд
Форд — лідар партыі «Альянс». Гэта партыя дзейнічае ў Паўночнай Ірландыі і спрабуе арыентавацца на пратэстантаў ліберальных поглядаў, якія шукаюць дыялог з ірландцамі-каталікамі. «Альянс» мае 6 месцаў у гарадской радзе Белфаста, і менавіта яго рашэнне стала ракавым. Дэпутаты «Альянсу» падтрымалі ініцыятыву каталіцкай фракцыі ў гарадской радзе — зняць брытанскі сцяг з будынка ратушы. Рашэнне вельмі сімвалічнае. Сцяг над будынкам быў узняты ў 1906 годзе на знак пратэсту супраць спроб ірландцаў атрымаць аўтаномію. Фактычна гэта быў пачатак расколу Ірландыі. Паводле рашэння гарадской рады «Юніян Джэк» мае вісець над будынкам ратушы толькі па святочных днях. Радыкальныя пратэстанты ўспрынялі рашэнне як пагрозу для брытанскай ідэнтычнасці і арганізавалі масавыя вулічныя беспарадкі. Як ні парадаксальна, аднак больш за ўсё дасталася ад экстрэмістаў не каталікам, а менавіта сябрам «Альянсу». Шмат дзе офісы партыі атакаваны з кактэйлямі Молатава. Лідары партыі атрымалі пагрозы ад ананімаў. Што тычыцца Форда і яго прыхільнікаў, то яны не адмовіліся ад свайго рашэння. Больш таго, лічаць, што фразеалогія пра пагрозу для брытанскай ідэнтычнасці — лухта, паколькі часткай ідэнтычнасці брытанцаў з’яўляецца святкаванне Калядаў, якое з-за правакацый аранжыстаў ў Белфасце фактычна сарванае.