Палітыкі тыдня: Дзмітры Еўсюткін, Хайнц Бушкоўскі, Эва Маралес

Дзмітры Еўсюткін

Кампанія кандыдата ад Пірацкай партыі Расіі ў мэры Калінінграда, выбары якога адбыліся на мінулым тыдні, стала своеасаблівай лакмусавай паперкай. Яна павінна была адказаць на пытанне, наколькі ў Расіі могуць быць папулярныя ідэі Партыі піратаў — руху за вольны інтэрнэт без цэнзуры і без аўтарскіх праў, які набірае моц на Захадзе. Еўсюткін аказаўся першым рускім «піратам», які пайшоў на выбары.



evs.jpg

Першы блін, на жаль, аказаўся камяком. За прадстаўніка «піратаў» прагаласавала толькі 2 працэнты тых, хто прыйшоў на ўчасткі. Пераможцам, дарэчы, аказаўся афіцыйны кандыдат Аляксандр Ярашук, якога падтрымалі 56 працэнтаў выбаршчыкаў. Правал у Калінінградзе выклікаў сапраўдны смутак у шэрагах расійскай Партыі піратаў. Справа ў тым, што блізкі да Еўропы Калінінград — адзін з самых прасунутых у галіне развіцця інтэрнэту і ўзроўню грамадскай свядомасці гарадоў у Расіі. Відавочна, што пасля гэтага надзеі паўтарыць шлях нямецкіх калег, якія збіраюць на камунальных выбарах да 15 працэнтаў, давядзецца пахаваць. Хаця не выключана, што такі ўраджай галасоў тыя ж «піраты» сабралі з-за нізкай яўкі. На выбары ў Калінінградзе прыйшло ўсяго каля 20 працэнтаў ад зарэгістраваных.

-------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

heinz_buschkowsky_2009.jpg

Хайнц Бушкоўскі


Бургамістр берлінскага раёна Новы Кёльн, сябра сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (SPD) стаў галоўным ворагам нямецкіх туркаў з-за сваёй кнігі «Новы Кёльн — паўсюль». Кніга распавядае пра вопыт працы Хайнца ў згаданым раёне, дзе жыве шмат этнічных туркаў. Ён некалькі разоў паўтарае свой стары тэзіс пра тое, што стаўка ўладаў ФРГ на мультыкультурнае грамадства не працуе. Па яго словах, тое, што туркі адчуваюць сябе туркамі, не дае ім інтэгравацца ў грамадства і, адпаведна, яны не нясуць за яго адказнасць. Уся прагрэсіўная грамадскасць і турэцкая грамада абрынуліся на Хайнца. Самае непрыемнае для эсдэкаў — тое, што кніга Бушкоўскага вельмі моцна падкасіла папулярнасць SPD сярод немцаў турэцкага паходжання (іх у Германіі некалькі мільёнаў) прычым напярэдадні прызначаных на наступны год выбараў у Бундэстаг. Цяпер кіраўніцтва SPD намагаецца супакоіць пратэст туркаў, называючы кнігу Хайнца часткай дэбатаў. Між тым, «зялёныя» — галоўныя канкурэнты «ружовых» у барацьбе за галасы нямецкіх туркаў — збіраюцца стрыгчы купоны. Галасы туркаў у наступным годзе, хутчэй за ўсё, дастануцца ім.

-------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------


evo_morales_1.jpg

Эва Маралес


Прэзідэнт Балівіі нестандартна ахарактарызаваў цяперашнія яго кантакты з амерыканскай дыпламатыяй наконт аднаўлення дзейнасці ў Ла-Пасе (сталіца Балівіі) пасольства ЗША. «Для мяне аднавіць гэта (тыя кантакты), тое ж самае, як забрудзіцца экскрэментамі», — сказаў Маралес. Нагадаем, што сітуацыя ў галіне адносін Балівіі і ЗША блізкая да схемы Беларусь — ЗША. У 2008 годзе Маралес загадаў паслу ЗША пакінуць краіну, абвінаваціўшы ў спробе арганізацыі змовы супраць яго рэжыму. З таго часу краіны кантактуюць праз інстытуты часовых павераных, і, як бачна, ніякага прасвету не праглядаецца. Пра экскрэменты Маралес сказаў у рамках вялікай прамовы ў рамках Дня дэкаланізацыі — у гэты дзень у суседніх краінах святкуецца адкрыццё Амерыкі Калумбам. Па словах прэзідэнта, патрэбна і далей працягваць працэс культурнай і эканамічнай дэкаланізацыі краіны ад наступстваў таго, што зрабіў Хрыстафор Калумб. Застаецца сказаць, што цяперашнія адносіны ЗША і Балівіі параўноўваюць з вядомым эпізодам у гісторыі дыпламатыі. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя балівійцы выгналі брытанскага пасла, пасадзіўшы яго на асла. З-за гэтага каралева Вікторыя загадала прыбраць выяву Балівіі з палітычнай краты свету.