Палітыкі тыдня: Ільхам Аліеў, Тэрэза Шварцэнберг, Іван Бадзюл

Ільхам Аліеў   Цяпер прыкметай лаяльнасці грамадзяніна Азербайджана рэжыму Аліева стаў абавязковы ўдзел у спам-атаках на варожыя сайты.



vinos_18_03_02en_view.jpg

Падставай для такога сцвярджэння стала гісторыя, якая адбылася з Цэнтрам даследавання карупцыі і арганізаванай злачыннасці, які знаходзіцца ў Сараеве (Боснія). Арганізацыя праводзіць маніторынг карупцыі ў свеце і кожны год выдае анты-прэмію «лепшаму» карупцыянеру. У 2012 годзе такі прыз атрымаў Ільхам Аліеў. Рэакцыяй на ўзнагароду стала нябачаная спам-атака на паштовую скрыню Цэнтра. Сюды прыйшло каля 4000 лістоў. Амаль ва ўсіх лістах выказваецца пратэст супраць намінацыі Аліева. Тэкст напісаны па шаблоне, і гэта сведчыць, што кампанія арганізаваная ўладамі, аднак пры гэтым толькі 10 працэнтаў лістоў, на думку спецыялістаў, даслана з аўтаматычных сэрвераў. Атрымліваецца, што большасць лістоў пратэсту адпраўленая жывымі людзьмі. Пазней з’явілася інфармацыя, што Міністэрства адукацыі Азербайджана ў адміністрацыйным парадку запатрабавала ад студэнтаў некаторых бакінскіх ВНУ напісаць лісты на адрас Цэнтра і выдала ім патрэбны тэкст. Цяпер усе думаюць, ці пачнуць іншыя аўтарытарныя лідары краін СНД таксама выкарыстоўваць азербайджанскія напрацоўкі. 



Тэрэза Шварцэнберг

tereza.jpg


Тэрэза — жонка Карэла Шварцэнберга, кандыдата на пасаду прэзідэнта Чэхіі. Як вядома, Карэл Шварцэнберг прайграў сацыял-дэмакрату Мілашу Зэману. Аднак ён можа кампенсаваць правал тым фактам, што праціўнікі вялі супраць яго брудную гульню, а менавіта выкарысталі асобу жонкі Тэрэзы. Справа ў тым, што спадарыня Шварцэнберг не размаўляе па-чэшску, што на думку праціўнікаў яе мужа, не пасуе крытэрыям першай дамы Чэшскай рэспублікі. Увогуле Тэрэза паходзіць з Аўстрыі, менавіта туды пасля вайны ўцякла ад камуністаў сям’я Шварцэнбергаў. У Аўстрыі яна і пазнаёмілася з будучым мужам. Кампраметуе Тэрэзу і той факт, што яе бацька быў перакананым нацыстам і з 1930 года ўваходзіў у склад аўстрыйскай секцыі NSDAP. Усе гэтыя абставіны ахвотна смакавала чэшская прэса, а некаторыя культурныя дзеячы нават публічна выступілі супраць таго, каб аўстрыячка сядзела ў прэзідэнцкім палацы. З улікам таго, што адной з цэнтральных тэм мінулых выбараў было стаўленне кандыдатаў да дэкрэтаў прэзідэнта Бенеша, паводле якіх этнічных немцаў пасля вайны дэпартавалі з Чэхаславакіі, можна казаць, што фактар Тэрэзы сапраўды паўплываў на фінальныя лічбы. Праўда, з іншага боку, вынік у Шварцэнберга дастаткова прыстойны (45 працэнтаў). Гэта сведчыць пра тое, што антынямецкія настроі ўжо не так папулярныя ў Чэхіі. 



Іван Бадзюл

bodul.jpg


Былы першы сакратар Кампартыі Малдаўскай ССР, які кіраваў рэспублікай з 1961-га па 1980 год, памёр у Маскве 27 студзеня ва ўзросце 95 гадоў, што стала галоўнай падзеяй у Малдове, дзе даўно існуе яго культ. З Бадзюлам звязваюць галоўныя дасягненні Малдоўскай ССР — станаўленне і развіццё сучаснай малдаўскай прамысловасці, першым чынам, такіх новых для Малдовы галін, як машынабудаванне, прыборабудаванне, электроніка, а таксама мадэрнізацыя прадпрыемстваў мэблевай і лёгкай прамысловасці. Падчас Бадзюла ў Малдове існавалі самыя вялікія ў Еўропе фруктовыя сады. Аднак ёсць і альтэрнатыўны пункт гледжання. Хуткі кар’ерны рост Бадзюла звязваюць з яго блізкім знаёмствам з Брэжневым, які ў 1950–1952 гадах быў 1-м сакратаром Кампартыі Малдавіі. Ходзяць чуткі, што Бадзюл вельмі дапамог Брэжневу, ажаніўшыся з жанчынай, якая зацяжарыла ад «любімага Леаніда Ілліча». Таксама варта згадаць, што пры Бадзюлу з Кішынёва збег, напэўна, самы вядомы малдаўскі савецкі пісьменнік Іон Друцэ, якога на радзіме Бадзюл паабяцаў павесіць на першым ліхтары. Друцэ і іншыя прадстаўнікі інтэлігенцыі абвінавацілі Бадзюла ў русіфікацыі. Калі ў 2003 годзе камуніст Уладзімір Варонін узнагародзіў Бадзюла вышэйшай малдаўскай узнагародай — Ордэнам Рэспублікі, восем ранейшых лаўрэатаў адмовіліся ад ордэна.