Палітыкі тыдня: Мінцімер Шайміеў, Лары Хэгман, Мартон Дзьёндзьёшы

Мінцімер Шайміеў

Шайміеў — першы прэзідэнт Татарстана, які пад ціскам Крамля пакінуў сваю пасаду ў 2010 годзе. Здаецца, Масква зрабіла памылковы крок, адправіўшы Шайміева ў адстаўку, паколькі цяпер журналісты адзначаюць цікавую тэндэнцыю: у Татарстане імкліва паўстае культ асобы Шайміева.



shaimiev_1_.jpg

Так, сярод наведвальнікаў Казанскага крамля распаўсюджваецца новая традыцыя — сем разоў абысці вакол востраканцовага каменя, усталяванага ў крамлі ў памяць пра пачатак будаўніцтва саборнай мячэці Кул-Шарыф, якую заклаў Шайміеў, пра што сведчыць адпаведная шыльдачка. З боку дзеянні турыстаў каля каменя нагадваюць рух мусульман вакол Каабы (Мекка). Пры гэтым, трэба адзначыць, удзельнічаюць у гэтым абрадзе як мусульмане, так і праваслаўныя. На думку палітолагаў, сакралізацыя ўлады першага прэзідэнта Татарстана стала следствам ідэалагічнага вакууму, які ўтварыўся пасля сыходу Шайміева. Цяперашнія кіраўнікі рэспублікі — тыповыя тэхнакраты, якія так і не змаглі запоўніць гэту пустэчу. Некаторыя лічаць, што настальгія па Шайміеву — бомба з гадзіннікавым механізмам: як толькі тэхнакраты зробяць памылку, народ выйдзе на вуліцы і запатрабуе вяртання любімага палітыка, які, дарэчы, апошнім часам вельмі сімпатызуе татарскім нацыяналістам.
 



Лары Хэгман

912027634.jpg


Славуты амерыканскі актор, які выканаў ролю тэхаскага мільярдэра-прайдзісвета Джэя Ара Юінга ў славутым серыяле «Далас», памёр 22 лістапада на 82-м годзе жыцця, што прымусіла шматлікія СМІ заняцца вывучэннем яго ўплыву на масавую культуру. Як вядома, вобраз Джэя Ара вельмі спадабаўся аўдыторыі, хаця спачатку паводле сцэнару гэта быў герой другога плану. Далей за ўсё пайшла ірландская прэса, якая абвінавацілі нябожчыка ў тым, што ўвасоблены ім персанаж (асоба сквапная, абсалютна прагматычныя і гатовая дзеля дасягнення сваіх мэтаў пайсці на ўсё) заразіў пералічанымі вышэй якасцямі ўсю генерацыю ірландскіх падлеткаў, якія глядзелі «Далас» на мяжы 1970–1980-х гадоў. Быццам менавіта фанаты Джэя Ара дабіліся ператварэння Ірландыі ў 1990-я гады ў краіну з адной з найбольш ліберальных эканомік у свеце. А паколькі з пачаткам цяперашняга сусветнага крызісу тая мадэль ляснулася, якраз Лары Хэгман, на думку ірландскай прэсы, ускосна нясе адказнасць за ўсе праблемы ірландцаў.



Мартон Дзьёндзьёшы

screen_shot_2012_11_27_at_9_32_47_am.png


Дэпутат венгерскага парламенту ад правай партыі “Jobbik шакаваў усю Еўропу, калі ў сваёй прамове ў парламенце прапанаваў высветліць, колькі яўрэяў маюць мандаты венгерскіх парламентарыяў. Прычына для такой калькуляцыі, па словах прадстаўніка «Jobbik», проста фантастычная: нядаўні канфлікт паміж Ізраілем і палесцінцамі з Сектара Газа, быццам, можа пагражаць нацыянальнай бяспецы Венгрыі, і, каб зразумець маштабы гэтай пагрозы, трэба ведаць статыстыку прысутнасці венграў яўрэйскага паходжання ў заканадаўчым органе Венгрыі. Антысеміцкая выхадка дэпутата выклікала абурэнне нават ва ўрадзе, што фармуе кансерватыўная партыя «Fidesz», якую Брусэль абвінавачвае ў парушэнні правоў чалавека. Кіраўнік МЗС Венгрыі заявіў, што краіна з’яўляецца паслядоўным саюзнікам Ізраіля. Хаця левая і ліберальная апазіцыя мала верыць у шчырасць ураду. Яна звяртае ўвагу на тое, што спікер, сябра «Fidesz», ніяк не адрэагаваў на правакацыю дэпутата, правага радыкала.