Палітыкі тыдня: Ёрг-Уве Хан, Ігар Дадон, Ганна Гродска
Ёрг-Уве Хан Адзін з лідараў нямецкай «Партыі свабодных дэмакратаў» (FDP) у зямлі Гесэн у інтэрв’ю мясцоваму выданню сказаў, што нямецкаму грамадству спатрэбіцца шмат часу, каб звыкнуцца з думкай, што віцэ-канцлер можа выглядаць як азіят.
![hahnjoerguwe.jpg hahnjoerguwe.jpg](/img/v1/news/full/hahnjoerguwe.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Гаворка, натуральна, пра лідара FDP Філіпа Ростлера (этнічнага в’етнамца, якога ўсынавілі нямецкія бацькі). Непаліткарэктная прамова адразу зрабіла Ёрга-Уве аб’ектам крытыкі, асабліва з боку левых, якім выгадна, каб лібералы не прайшлі ў Бундэстаг на восеньскіх выбарах. У такім разе кансерватары Ангелы Меркель не будуць мець парламенцкай большасці, што дае эсдэкам і зялёным шанец сфармаваць урад. Усе партыі левага спектру патрабавалі сыходу Хана з зямельнага ўраду, дзе ён узначальвае міністэрства інтэграцыі, якое непасрэдна змагаецца з расісцкімі забабонамі.
Цікава, што сам Філіп Ростлер заявіў, што абсалютна не пакрыўдзіўся на свайго партайгеносе. Застаецца дадаць, што гэта другі гучны скандал з удзелам лібералаў за апошні час. Дасюль шмат спрачаюцца пра артыкул у часопісе «Stern», дзе 29-гадовая журналістка апісала, як Райнер Брудэрле, 67-гадовы сябра FDP, у нейкім бары нахабна паклаў ёй рукі на грудзі і лез пад спадніцу. Адны лічаць, што гэта сэксізм. Іншыя звяртаюць увагу, што «Stern» рэкламуе сябе як фрывольнае выданне і, магчыма, Райнер стаў ахвярай карпаратыўнага іміджу. Застаецца пачакаць вынікаў свежых сацыялагічных апытанняў, каб даведацца, як апошнія скандалы паўплывалі на рэйтынгі FDP.
Ігар Дадон
![c86dce80_02f8_27ac_74e2_068ab5b01ebf.jpg c86dce80_02f8_27ac_74e2_068ab5b01ebf.jpg](/img/v1/userfiles/images/6_2013/c86dce80_02f8_27ac_74e2_068ab5b01ebf.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Лідар Сацыялістычнай партыі Малдовы 5 лютага арганізаваў у Кішынёве Форум левай альтэрнатывы, які павінен быў аб’яднаць усе партыі левацэнтрысцкага накірунку, што выступаюць, з аднаго боку, супраць кіруючага ў краіне Альянсу за еўрапейскую інтэграцыю, а з іншага — супраць кампартыі Малдовы, якая цягне краіну ў Мытны саюз.
Стаўка праекта Дадона вельмі вялікая — адцягнуць у камуністаў галасы левых выбаршчыкаў і не даць ім атрымаць на выбарах у наступным годзе парламенцкай большасці. Мерапрыемства пакінула супярэчлівае ўражанне. Хаця ў ім прынялі ўдзел аж пяць партый, галоўны госць — Партыя рэгіёнаў Малдовы, якая кантралюе Гагаузію, — нечакана ад удзелу ў Форуме левай альтэрнатывы адмовілася. Без гагаузаў Альтэрнатыва можа набраць максімум 3 працэнты, а гэтага мала, каб у Малдове не адбыўся чырвоны рэванш.
Між тым, відавочна, што бітва за малдаўскі левы электарат толькі распачынаецца. Не дарма, каментуючы правядзенне Форуму левай альтэрнатывы, Уладзімір Варонін заявіў, што камуністы пакідаюць за сабой права правядзення аранжавай рэвалюцыі пасля наступных выбараў. Трывога Вароніна таксама звязаная з тым, што Канстытуцыйны суд можа канчаткова забараніць выкарыстанне слова «камуністычная» ў назве партый. А гэта будзе значыць неабходнасць змены назвы партыі Вароніна, якая, хутчэй за ўсё, будзе таксама называцца сацыялістычнай.
Ганна Гродска
![1341680392_anna_grodzka_polish_transexual_at_world_pride_1320017.jpg 1341680392_anna_grodzka_polish_transexual_at_world_pride_1320017.jpg](/img/v1/userfiles/images/6_2013/1341680392_anna_grodzka_polish_transexual_at_world_pride_1320017.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Транссэксуал, сябра польскага парламенту ад партыі «Рух Палікота» — яшчэ той арыгінал. Ні ў адным еўрапейскім парламенце няма транссэксуалаў (ва ўсім свеце іх усяго тры). Аднак на гэты раз Ганна замахнулася на тое, каб стаць віцэ-спікерам Сейму. Такі шанс ёй выпаў пасля таго, як «Рух Палікота» запатрабаваў зняць з паста віцэ-спікера прадстаўніка сваёй фракцыі Ванду Навіцку за тое, што яна пагадзілася ўзяць ад дзяржавы прэмію 40 тысяч злотых.
Балаціроўка Ганны выклікала шмат дэбатаў у польскім грамадстве наконт праблем талерантнасці. Левая і прагрэсіўная публіка разглядала яе як трыумф дэмакратыі ў Польшчы, дзе прызнаюцца правы ўсіх грамадзян. Правыя і кансерватары пабачылі тут замах на каштоўнасці большасці палякаў. Найбольш радыкальныя перайшлі ўсе этычныя межы. Так, адна з дэпутатак ад партыі «Права і справядлівасць» заявіла, што Гродска павінна давесці права называцца жанчынай, паколькі твар у яе, як у баксёра. Цяжка зразумець, нашто было столькі эмоцый, паколькі правал Гродскай быў прадказальны. 8 лютага яе кандыдатуру падтрымалі толькі каля 40 парламентарыяў (супраць было 245).
Праўда, на гэтым гісторыя не закончылася. Наперадзе некалькі судовых працэсаў за абразу асобы пані Гродскай, у тым ліку і за словы пра «твар, як у баксёра».