Палітыкі тыдня: Лех Валенса, Лаура Балдрыні, Іенг Сары
Лех Валенса Былы лідар прафсаюзу «Салідарнасць», экс-прэзідэнт Польшчы, даўно намагаецца рабіць усё, каб падвысіць свой рэйтынг. Палітык выступіў з цэлай серыяй вербальных атак на геяў, дзякуючы чаму зноў стабільна прапісаўся на старонках вядучых СМІ.
Самай эфектнай аказалася яго заява наконт геяў, якія маюць мандаты дэпутатаў Сейму. Ён прапануе выдзеліць для іх нейкую рэзервацыю ў парламенцкай залі, дзе яны будуць засядаць «як за сцяной». Былы лідар «Салідарнасці» таксама папярэдзіў гэту публіку, каб яна да яго не заляцалася. Прагрэсіўнае грамадства не знаходзіць сабе месца ад такога кшталту эскападаў, і нават прапануе пазбавіць Валенсу звання лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру. Адзінае, што радуе змагароў за гендэрную роўнасць, вынікі сацыялагічных апытанняў. Калі верыць праваму выданню «Rzeczpospolitа», толькі 33 працэнты палякаў падтрымліваюць прапановы славутага электрыка.
Лаура Балдрыні
Новага спікера ніжняй палаты італьянскага парламента ад партыі «Левыя, экалогія, свабода» (SEL) называюць піянерам новай хвалі італьянскіх левых, якая ідзе на змену былым апаратчыкам Кампартыі, што пасля краху СССР перафарбаваліся ў левыя цэнтрысты. Лаура выйшла з асяродку, блізкага да няўрадавых арганізацый. Асноўныя этапы яе біяграфіі — валанцёр у Венесуэле, вучоба на юрыста, журналіст на тэлебачанні, праца ў шматлікіх структурах ААН. Імя сабе Лаура зрабіла ў 2009 годзе, калі выступіла супраць падпісанай дамовы паміж Сільвіа Берлусконі і Муамарам Кадафі аб паскоранай дэпартацыі ў Лівію ўсіх нелегалаў, затрыманых у Італіі. Як прадстаўнік Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў на востраве Лампедуза (галоўны перавалачны пункт афрыканскіх эмігрантаў на шляху ў Еўропу) яна патрабавала, каб справа кожнага нелегала разглядалася асобна. Сваю першую прамову ў якасці спікера яна прысвяціла праблемам беспрацоўнай моладзі. Спіч так крануў аўдыторыю, што выступоўцу віталі стоячы нават дэпутаты ад апазіцыйных правых партый.
Іенг Сары
Адзін з лідараў руху «Чырвоных кхмераў», які панаваў у Камбоджы, памёр 14 сакавіка ва ўзросце 87 гадоў, пакінуўшы пасля сябе незвычайную палітычную спадчыну. У гады дыктатуры ён займаў пасады намесніка прэм’ер-міністра і міністра замежных спраў Дэмакратычнай Кампучыі. Пол Пот таксама даверыў яму так званы «ўнутраны фронт». Такім чынам, нябожчык, безумоўна, нёс прамую адказнасць за генацыд каля 1,7 мільёна суайчыннікаў у 1975–1979 гадах. Менавіта ён прыдумаў, каб пры кожным міністэрстве быў пабудаваны свой ведамасны канцлагер, каб кідаць туды усіх супрацоўнікаў, падазраваных у палітычнай нелаяльнасці. Дзякуючы персанальнай амністыі караля Сіанука, Іенг здолеў пазбегнуць пакарання пасля краху рэжыму «Чырвоных кхмераў». Толькі ў 2007 годзе яго арыштавалі, а ў 2009-м выставілі абвінавачанне ў парушэнні правоў чалавека. Увогуле, Іенг Сары памёр у разгар судовых слуханняў. Праваабаронцы ўжо заявілі, што справа Іенга, якога не паспелі асудзіць, моцна б’е па аўтарытэту Феміды. Яны патрабуюць, каб у будучым следства і суд над падазраванымі ў парушэнні правоў чалавека адбываліся больш хутка. Цікава, што сам «Брат нумар тры» (так афіцыйна называлі Іенга ў часы «Чырвоных кхмераў»), да канца жыцця адмаўляўся прызнаць свае злачынствы. Ён нават сцвярджаў, што хутчэй выратоўваў людзей, чым забіваў іх.