Палітыкі тыдня: Мануэль Валс, Сяргей Арбузаў, Марэйке Пітэр

Мануэль Валс   Паводле апошніх сацыялагічных апытанняў, міністр унутраных спраў Францыі сенсацыйна для ўсіх прызнаны самым папулярным французскім міністрам. Яго дзейнасць падтрымліваюць каля 45 працэнтаў апытаных.  



1584727_3_3fdc_manuel_valls_lors_du_premier_tour_de_la_f22cc5cb4ee503ab865afd30bc0da57f.jpg

Такая папулярнасць незвычайная хаця б з улікам таго, што Мануэль — не этнічны француз. Ён нарадзіўся ў Барселоне ў сям’і іспанца і швейцаркі ў 1962 годзе і атрымаў пашпарт француза толькі ва ўзросце 20 гадоў. Яшчэ больш незвычайна тое, што французы, і перш за ўсё левых поглядаў, сімпатызуюць дырэктару МУС, які выконвае брудную справу накшталт падаўлення бунтаў імігрантаў і, больш таго, сімпатызуе NАТО.

Аднак у выніку аказалася, што Валс задавальняе ўсіх. Ён сапраўды брутальна пераследуе хуліганаў, аднак пры гэтым спрабуе змагацца з гэтай з’явай больш паслядоўна, напрыклад, выступае за тое, каб імігранты лягчэй набывалі французскія пашпарты і ўдзельнічалі ў мясцовым самакіраванні. Феномен Валса выклікаў шмат дэбатаў.

Цікава, што галоўнага паліцэйскага аднолькава ненавідзяць як левыя, так і правыя. Марына Ле Пэн ужо назвала яго «левы Сарказі». Між тым, прэса сцвярджае, што, калі справа так пойдзе і далей, хутка Валс атрымае партфель прэм’ер-міністра, а некаторыя перакананыя, што Валс зможа аб’яднаць правых сацыялістаў і лібералаў у новую партыю.


Сяргей Арбузаў

c7fc1225c938.jpg

Новы 36-гадовы віцэ-прэм’ер украінскага ўраду прызначаны на пасаду ў выніку рэарганізацыі кабінету Міколы Азарава 24 снежня мінулага года.

Яго імклівы ўздым па кар’ернай лесвіцы (Арбузаў працаваў кіраўніком Нацбанку) выклікаў чуткі пра тое, што менавіта ён стане наступным кіраўніком кабінета міністраў. На карысць гэтай версіі кажа таксама тое, што Арбузаў — выхадзец з Данецку, а таму яго кандыдатура задавальняе Януковіча. Эксперты не лічаць Арбузава самастойнай фігурай і мяркуюць, што ён трапіў у фавор часова.

На думку большасці экспертаў, Януковіч праз прызначэнне Арбузава давёў, што не мае ніякіх прарыўных праектаў, і прызначае людзей па прынцыпу асабістай адданасці. Так, маці Арбузава ўзначальвае праўленне прыватнага банка, падкантрольнага сыну Януковіча. Такая кадравая палітыка Віктара Фёдаравіча, як лічаць эксперты, падрывае шансы Януковіча на пераабранне ў 2015 годзе.


Марэйке Пітэр

piratin_40233218.jpg

24-гадовая сябра нямецкай Партыі піратаў, супрацоўніца офісу фракцыі піратаў пры берлінскім парламенце, на працягу снежня ператварылася ў анфан тэрыбль піратаў, якія і так маюць шмат праблемаў з іміджам. Апошнім часам іх перасталі ўспрымаць усур’ёз, што адлюстравалася на рэйтынгу, які рухнуў за паўгода з 12 да 3 працэнтаў.

Між тым, Марэйке толькі падлівае алею ў агонь. Спачатку ў лістападзе яна публічна заклікала да падпалаў у знак пратэсту супраць прызначэння на пасаду дырэктара паліцэйскага дэпартаменту кансерватара Клаўса Кандта. У снежні ў сваім блогу яна назвала яго «расісцкая ж..а»., што выклікала нацыянальны скандал. Нават кіраўніцтва партыі паспяшалася адмежавацца ад радыкалкі.

Аднак Марэйке не збаўляе абароты. На днях яна заявіла, што высоўвае сваю кандыдатуру на пасаду дэпутата ад Партыі піратаў на парламенцкіх выбарах, якія адбудуцца ў гэтым годзе. Заклік кіраўніцтва партыі адмовіцца ад балатавання «піратка» праігнаравала. Па яе словах, яна павінна ісці ў Бундэстаг, бо гэтага патрабуе яе жаночая прырода.