Палітыкі тыдня: Марат Тажын, Барак Абама, Рабэрта Мароні
Марат Тажын Дзяржаўны сакратар Казахстана выступіў з незвычайнай ініцыятывай, якая, на яго думку, можа забяспечыць палітычную лаяльнасць казахаў да рэжыму Назарбаева. Зрабіць гэта вельмі проста: патрэбна скласці спіс 200-х самых папулярных казахскіх блогераў і пераканаць іх агітаваць у падтрымку Елбасы (Лідар Нацыі — афіцыйны тытул Нурсултана Назарбаева).
Прычым зрабіць гэты спіс і паразмаўляць з яго фігурантамі, паводле чыноўніка, можна на працягу ўсяго двух месяцаў. Ён ужо аддаў загад пачаць працаваць у гэтым накірунку. Ініцыятыва выклікала вялікую дыскусію ў казахскім сегменце інтэрнэту, аднак, калі меркаваць па каментарах, не знайшла падтрымкі.
У лепшым выпадку, карыстальнікі інтэрнэту лічаць яе праявай таго, што ўлады не разумеюць прыроду медыя-рынку — усе больш-менш папулярныя блогеры ўсведамляюць, што пераход у лагер прыхільнікаў рэжыму выкліча падзенне інтарэсу да іх каментараў з боку інтэрнэт-аўдыторыі. Хіба што некаторыя жартам гатовыя стаць дзяржаўнымі блогерамі, праўда, патрабуючы за свае паслугі як мінімум 50 тысяч долараў і паездку ў Монтэ-Карла. Калі сур’ёзна, дык аналітыкі лічаць, што праект Тажына не мае будучыні.
Барак Абама
Прэзідэнт ЗША расчараваў прыхільнікаў жанру фантастыкі пасля таго, як пераблытаў герояў вядомых серыялаў. Падчас аднаго выступу, які тычыўся супярэчнасцяў з рэспубліканцамі па бюджэтных пытаннях, ён заявіў: «Я не валодаю здольнасцю ўжываць «зліццё розумаў» джэдаяў адносна гэтых людзей (лідараў рэспубліканцаў) і пераконваць іх у тым, што трэба рабіць».
На самай справе, рыцар-джэдай — гэта, як вядома, персанаж з серыялу «Зорныя войны», а вось тэрмін «зліццё розумаў» належыць Споку, выхадцу з планеты Вулкан, герою іншага славутага серыяла — «Star Trek». Такая відавочная непісьменнасць адразу вылілася ў крытыку прэзідэнта ў інтэрнэце. Больш таго, аказваецца, у ЗША ёсць шмат дзівакоў, якія лічаць сябе вулканцамі. Яны адразу выказалі сваё незадавальненне на адрас гаранта.
Праўда, тут ёсць адна праблема. Леанард Німой, які выканаў ролю Спока, публічна падтрымаў Абаму, прызнаўшы ў ім сапраўднага вулканца. Адным словам, скандал набірае такія маштабы, што некаторыя аналітыкі ўжо сцвярджаюць, быццам Абама спецыяльна пераблытаў фільмы, каб прыцягнуць да сябе ўвагу моладзі.
Рабэрта Мароні
Федэральны сакратар партыі «Ліга Поўначы» перамог на выбарах губернатара Ламбардыі свайго апанента ад кааліцыі левацэнтрысцкіх партый і стаў лідарам самай багатай італьянская правінцыі. Перамога Мароні дала ўсім зразумець, што «Ліга Поўначы» не пакіне палітычную арэну так хутка, як прагназавалася ў мінулым годзе пасля гучнай адстаўкі яе заснавальніка Умберта Босі, які пагарэў на карупцыі.
Як бачым, «Ліга Поўначы» дасюль карыстаецца падтрымкай значнай часткі італьянцаў на поўначы краіны. Яе перспектывы залежаць за агульных працэсаў на правым флангу, дзе дамінуе партыя «Народ Свабоды» Сільвіа Берлусконі. У выпадку крызісу праекту Берлусконі (пра гэта зараз шмат гавораць у прэсе ў сувязі з новымі абвінавачаннямі, выстаўленымі на адрас Сільвіа) сепаратысты могуць стаць самай моцнай рэгіянальнай правай партыяй, атрымаўшы другое дыханне. Што тычыцца перспектыў Ламбардыі пад кіраўніцтвам Мароні, дык ніякай Паданіі, відавочна, тут не ўзнікне.
Затое нелегальным эмігрантам салодка не будзе. У час свайго знаходжання на пасадзе дырэктара італьянскага МУС Мароні атрымаў позву ў Суд па правах чалавека ў Страсбургу за брутальныя дэпартацыі з краіны нелегалаў з Паўночнай Афрыкі.