Паляванне на калабарантаў: за дзень у Луганску і Херсоне забіта чацвёра прарасійскіх чыноўнікаў

Так званы «генпракурор» так званай «ЛНР» Сяргей Гарэнка загінуў пасля выбуху ў яго кабінеце разам з намеснікам Кацярынай Стэгленка. Абодва былі выхадцамі з Луганскай вобласці. Да 2014-га Гарэнка быў следчым МУС, але з «новай уладай» адразу ўвайшоў у кіраўніцтва пракуратуры «ЛНР» і неўзабаве яе ўзначаліў.

257303_2022_09_16.png


Памочнік кіраўніка МУС Украіны Павел Герашчанка звяртае ўвагу, што выбух, мяркуючы па выбітых шклопакетах, адбыўся знутры будынка.

Сёння ж у Бярдзянску быў забіты намеснік кіраўніка ВГА па пытаннях ЖКГ Алег Бойка. Загінула і яго жонка Людміла, якая ўзначальвала гарвыбаркам. У 2020-м Бойка балаціраваўся ў дэпутаты гарадской рады ад партыі «Апазіцыйная платформа за жыццё» кума Пуціна Віктара Медведчука.

Раней гінулі менш статусныя прарасійскія кіраўнікі. 28 жніўня экс-дэпутата партыі Зяленскага «Слуга народа» Аляксея Кавалёва, які перайшоў на бок прарасійскіх сіл, забілі ў Жалезным Порце. У акупацыйным урадзе Херсонскай вобласці Кавалёў быў намеснікам кіраўніка па сельскай гаспадарцы.

Незадоўга да вайны Кавалёў задэклараваў куплю чатырох тэлеканалаў, што здзівіла тады нават прэзідэнта Зяленскага. СМІ лічылі, што купля была на карысць медыягрупы таго ж Медведчука.

За чатыры дні да гібелі Кавалёва ў Запарожскай вобласці быў забіты акупацыйны «мэр» пасёлка Міхайлаўка Іван Сушко. Ва ўкраінскіх СМІ пісалі, што Сушко да вайны зарабляў тым, што быў тамадой на вяселлях. А месяцам раней забілі намесніка камандзіра дывізіёна народнай міліцыі ДНР Вольгу Качуру, вядомую пад пазыўным «Корса».

«Паляванне на калабарантаў» б'е па сістэме кіравання на акупаваных тэрыторыях: нарады, магчыма, давядзецца праводзіць у бункерах, адзначае тэлеграм-канал «Можам патлумачыць».